Лёс чалавека

Filed under: Жаночы клуб,Нумары |

Нядаўна ў адным часопісе я прачытала цікавы расказ мужчыны – бацькі трох сыноў і адной дачушкі – аб традыцыях сям’і. Кожны вечар перад сном яго жонка чытала дзецям iх любімыя казкі. Да кожнага з дзяцей мама шукала свой ключык, які адкрыў бы цікавасць да кніг. І гэта ёй удавалася ў адносінах да ўсіх дзяцей, акрамя сярэдняга сына, які не ўспрымаў чытання наогул. Было перабрана мноства кніг, пакуль чарга не дайшла да зборніка апавяданняў Носава. Хлопчык з нязвыклай для яго ўвагай слухаў пра мішку, які стараўся зварыць кашу, што выпаўзала з каструлі. Ён смяяўся і распытваў, чаму так.  Як жа бацькі гэтаму радаваліся! Працяг гэтай гісторыі – сын вырас і стаў поварам.

Колькі сябе памятаю, мне заўсёды было цікава назіраць за жыццём людзей. Столькі цікавых лёсаў, хоць кіно здымай. Выпадкова падгледжаныя эпізоды меладрам, камедый, трагедый заканчваліся рознымі пытаннямі. Чаму чалавек марыць жыць у добрай казцы, а ў рэальнасці атрымлівае сумныя расказы асабістага жыцця, кар’ерныя вестэрны ці раманы з даўгамі і фінансавымі цяжкасцямі? Хто сцэнарыст гэтых лёсаў, хто рэжысёр? Як жа хацелася навучыцца здымаць сваё прыгожае кіно і натхняць іншых на гэта. Я вырасла і стала псіхолагам. Акрамя ўсяго іншага, у мяне з’явілася магчымасць бачыць гэтае чужое жыццё знутры, па той бок экрана.

Сцэнарыі жыцця большасці людзей не надта аднастайныя. Як правіла, яны знаходзяцца на супрацьлеглых палюсах, пачынаючы з «усё ў гэтым жыцці прадвызначана лёсам, і нічога нельга змяніць» да – «кожны чалавек каваль свайго шчасця». Паміж гэтымі дзвюма крайнасцямі – мноства ўдалых прамежкавых варыянтаў і «залатая» сярэдзіна. Ёсць адзін выдатны спосаб вызначыць, які ж варыянт ваш? Паглядзіце, на што вы траціце большую частку свайго часу і намаганняў? Кожнага з нас хвалюе шмат пытанняў: здароўе, дзеці, службовыя нелады, фінансавыя праблемы, прыродныя катаклізмы і т. п. Нешта з гэтага спіса мы не можам кантраляваць наогул. Назавём гэта колам нашых клопатаў. У той жа час, ёсць тое, што мы можам змяніць. Назавём гэта колам уплыву. Паразважайце, у што вы ўкладваеце найбольш намаганняў? Паспяховыя і шчаслівыя людзі накіроўваюць сваю энергію на тое, што падуладна іх уплыву. Такія паводзіны ў выніку значна павялічваюць іх магчымасці. Людзі, якія растрачваюць свае сілы ў коле клопатаў, прыкоўваюць сваю ўвагу да слабасцяў іншых людзей і абставін, на якія яны не могуць паўплываць. Гэта праяўляецца ў пастаянных скаргах і абвінавачваннях, у адчуванні сябе ахвярай. Губляючы сілы, такі чалавек усё менш адчувае магчымасць што-небудзь памяняць. Калі вы стараецеся, а жыццё не паляпшаецца, то, ці вы не прыклалі належных намаганняў, ці яны прыкладзены не туды, куды трэба. Маці Тэрэза гаварыла: «Я ніколі не далучуся да руху супраць вайны, паклічце мяне, калі з’явіцца рух за мір». Ёсць цудоўная малітва: «Госпадзі, дай мне цярпенне прыняць тое, што мне не па сіле змяніць, дай мне сілы змяніць тое, што магчыма, і дай мудрасць навучыцца адрозніваць першае ад другога». Людзі, якія не з’яўляюцца ўладальнікамі жаданых даброт па праве нараджэння, але якія сумелі змяніць свой лёс да лепшага, даказваюць: існуе пастаянная магчымасць карэкціраваць сваю дарогу жыцця.

Бывае так, што чалавек, пачынаючы здымаць «сваё кіно», лічыць сябе выдатным рэжысёрам толькі таму, што мае адукацыю ў выглядзе якой-небудзь прафесіі. Непакоячыся толькі з-за праблем фінансавання праекта (недахопу грошай) і падбору акцёраў (складанасць узаемаадносін), нечакана для сябе ён сутыкаецца з чарговым крызісам узросту, работы ці сямейнага жыцця. Паводле законаў жанру яму даводзіцца рэпеціраваць дыялогі Алісы і Чашырскага Ката з «Краіны цудаў» Кэрала Льюіса. «Вы не падкажаце, як мне выбрацца адсюль?»  «Гэта гледзячы, куды ты хочаш дабрацца,»– з усмешкай адказаў Кот.  «Ды мне ўжо ўсё роўна,» – уздыхнула Аліса.  «Тады ўсё роўна, куды ісці». Паступова прыходзіць разуменне, што веды аб рэжысуры жыцця адсутнічаюць наогул. Здымаецца фільм з дзіўнай назвай, дзе галоўны герой, не ведаючы, дзе ён, без мэты і сэнсу пляцецца чужымі цярністымі сцежкамі ў супрацьлеглы ад шчасця бок.

Аднак ёсць шанц атрымаць свой Оскар: зняць добрую, цікавую стужку з унікальным сюжэтам і натхняльным сэнсам. Паразважаць аб сабе, аб сваіх мэтах, сваім шляху, сваёй унутранай прыродзе. Задаць пытанне: ХТО Я? Набор біялагічных клетак, які склаўся выпадковым чынам? Ці, можа быць, Я – душа, якая здольна рэалізаваць сваё прызначэнне. Добра было б і спытаць у сябе: ДЗЕ Я? Ацаніць сваё месцазнаходжанне, пункт адліку. Чалавек можа пажадаць пабываць у Афрыцы ці Аўстраліі, але калі ён не ведае, дзе знаходзіцца ў сучасны момант, то гэтая мэта недасягальная. Пункт адліку вызначаецца не па нараджэнні, не па багацці і сацыяльным стане, не па ўзроўні прызнання людзей. Ён вызначаецца па ўзроўні развіцця свядомасці. Хочаце пазнаць чалавека – зразумейце аб ім наступнае: кім ён сябе лічыць, што яму прыносціь радасць. У чалавека з развітой свядомасцю ўзвышаныя мары і жаданні, якія рэалізуюцца ў дабрыні, клопаце, бескарыслівых учынках і служэнні бліжняму. Ён паважае сябе, што азначае добраахвотнае адмаўленне ад здзяйснення брудных учынкаў. Існуе і іншая «радасць»: радасць зласлоўя, зневажання іншых, прысваення сабе чужога. Толькі з разуменнем ХТО Я? і ДЗЕ Я? магчымы правільны выбар свайго шляху.

Давайце паназіраем. У прыродзе, створанай мудра, усё мае свае ўласцівасці: вада – вадкая, камяні – цвёрдыя, пясок – сыпучы. Гэтыя ўласцівасці і вызначаюць назначэнне прадмета. Усё існуе па пэўных нязменных законах. Пасаджаная бульба не вырасце капустай. І толькі чалавек, узнагароджаны Промыслам Божым і своабодай выбару, аднак які не мае ведаў пра сябе, прымярае чужыя ўласцівасці, ідзе чужым шляхам, спрабуе жыць чужым жыццём, добраахвотна адмаўляючыся ад рэалізацыі цудоўных намераў сваёй унікальнай душы. Жанчыны, імкнучыся капіраваць мужчын, палююць за мужчынскімі мэтамі, на хаду губляючы чароўнасць сваёй жаноцкасці. Усё больш мужчын становяцца ўладальнікамі якасцяў слабога полу, з якімі нельга выканаць абавязак нават перад самім сабою, не кажучы ўжо пра абавязак перад сям’ёю і Радзімай. Мастакі імкнуцца быць бізнесменамі, патэнцыяльныя шматдзетныя маці пераўтвараюцца ў адзінокіх і незалежных лэдзі. Чалавек – гэта адзіная жывая істота, якая ўмее настолькі лгаць самому сабе і прыстасоўвацца да абставінаў, што перастае быць самім сабою. Нельга адпавядаць сваёй чалавечай і палавой прыродзе, ісці па сваім шляху, выконваць сваё прызначэнне, жывучы без душэўнага камфорту, гарантаваных дастатковых матэрыяльных даброт і свайго шчасця. І так шмат зваротных прыкладаў рэалізацыі таго, што ў народзе называюць «на раду напісана». 

Чытайце кнігі сваім дзецям, прыкмячайце, што ім падабаецца. Успамінайце свае інтарэсы. Няхай у жыцці абавязкова прысутнічае дзейнасць, якая будзе даспадобы, хоць не прынясе  даходу. Паспрабуйце ажыццявіць  маленькую, але радасную мару дзяцінства. Прыдумайце добрую назву вашаму «фільму», і няхай у яго будзе шчаслівая будучыня! Дзякую ўсім, хто далучыўся да нашай размовы.

Прапановы для рубрыкі дасылайце на электронны адрас рэдакцыі.

Таццяна Дудзько, практычны псіхолаг, кіраўнік адукацыйных курсаў «Маміна школа»

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>