Базавая школьная праграма павінна быць скарочана

Filed under: Адукацыя,Нумары,Тэма тыдня |

Базавая школьная праграма павінна быць скарочана мінімум на 20-30 працэнтаў, заявіў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў у артыкуле, апублікаваным у газеце «СБ. Беларусь сегодня».

«У базавай школьнай праграме неабходна скараціць як мінімум 20-30 працэнтаў інфармацыі і перагледзець падыходы да выкладання матэрыялу, паколькі сучасная школьная праграма значна больш складаная, чым яна была ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя», – сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Ускладненне праграмы пачалося ў 1990-я гады і працягваецца дагэтуль. Паводле слоў міністра, у школьнай праграме трэба пакінуць толькі самую важную і неабходную базавую інфармацыю. Для гэтага патрабуецца вялікая і карпатлівая работа спецыялістаў, прычым не толькі з сістэмы адукацыі. Стварэнне базавай праграмы трэба праводзіць паэтапна: спачатку рашуча адкінуць відавочна другарадны або немагчымы для вывучэння ў сярэдняй школе матэрыял (для дакладных навук адзін з галоўных арыенціраў і сёння – праграма савецкай школы другой палавіны ХХ стагоддзя), а затым заняцца грунтоўным адборам інфармацыі, неабходнай для вывучэння ў школе. Пры гэтым трэба высветліць, што вывучаецца школьнікамі іншых краін, асабліва тых, дзе ўзровень сярэдняй адукацыі вельмі высокі.

Міністэрства праводзіць інтэнсіўную навуковую і арганізацыйную работу па падрыхтоўцы навучальна-метадычных комплексаў новага пакалення. Іх сістэмаўтваральным ядром стане базавы падручнік. Ён будзе змяшчаць сістэматызаванае выкладанне навучальнага прадмета ў мінімальна неабходным аб’ёме, які вызначаецца адукацыйным стандартам і навучальнай праграмай. У якасці дадаткаў будзе прадстаўлены разнастайны дадатковы матэрыял, якім можна карыстацца на занятках і ў працэсе самастойнай работы.

Важным крокам у павышэнні якасці падрыхтоўкі, паводле слоў міністра, з’яўляецца распрацоўка падыходаў, якія даюць магчымасць стварыць у школах профільныя класы. У якасці аднаго з напрамкаў прафілізацыі прадугледжваецца прафесійная падрыхтоўка вучняў з выкарыстаннем навучальнай базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Інакш кажучы, навучанне ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі трэба разглядаць як элемент профільнай адукацыі. Адначасова, вядома, неабходна ўводзіць дапрофільную падрыхтоўку вучняў 8-9 класаў, а таксама забяспечыць умовы адноснай завершанасці базавай адукацыі», – лічыць Міхаіл Жураўкоў.

У прыярытэце ўдасканаленне сістэмы адбору абітурыентаў. Хоць цэнтралізаванае тэсціраванне (як сістэма праверкі ведаў выпускнікоў школ) і паказала сваю эфектыўнасць, яно патрабуе далейшага развіцця, асабліва ў частцы, дзе трэба растлумачыць рашэнне, вывад або заключэнне, выкласці іх логіку, упэўнены міністр.

 

СТВАРЫЦЬ ДАСТОЙНЫЯ ЎМОВЫ РАБОТЫ НАСТАЎНІКАЎ

«Развіццё адукацыі немагчыма без павышэння статусу і кваліфікацыі настаўніка, выкладчыка, навуковага работніка. У сучасных умовах асноўная задача – развіць аналітычныя здольнасці ў навучэнцаў, уменне крытычна мысліць, а таксама навыкі і ўменні вучыцца. І без спецыялістаў з адпаведнай прафесійнай кампетэнтнасцю і навыкамі, без дастойных умоў іх работы і жыцця ўсе намечаныя пераўтварэнні і навацыі будуць немагчымы», – адзначыў Міхаіл Жураўкоў у артыкуле газеты СБ. Беларусь сегодня».

Міністр адзначыў, што сёння дзякуючы рэспубліканскаму конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года» фарміруецца своеасаблівая педагагічная эліта, якая не толькі прафесійна, але і асобасна ўплывае на развіццё адукацыйнай сферы.

Міхаіл Жураўкоў акцэнтаваў увагу і на важнасці сацыяльных арыенціраў і гарантый удзельнікам адукацыйнага працэсу. Менавіта дзяржава павінна дакладна расставіць акцэнты і растлумачыць, у чым іх гарантыі ў сферы адукацыі, а дзе грамадзяне павінны абапірацца на ўласныя сілы і магчымасці. Напрыклад, з 2013 года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны апрабуецца галіновая сістэма аплаты працы педагагічных работнікаў, галоўная ідэя якой у эканамічным стымуляванні якасці і рэзультатыўнасці педагагічнай працы з дапамогай дыферэнцыраванай аплаты педагогам розных відаў работ, у тым ліку акрамя выканання непасрэднай вучэбнай нагрузкі. Новы механізм даў магчымасць давесці памер сярэдняй заработнай платы ў пілотных установах да супастаўнага з сярэдняй зарплатай работнікаў па краіне.

З 1 студзеня 2014 года стартаваў праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які павысіў зацікаўленасць школ у выніках сваёй дзейнасці і аптымізацыі расходаў. Пры гэтым кіраўнікі ўстаноў адукацыі атрымалі права самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў, а вызваленыя сродкі накіроўваць на стымуляванне работнікаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. У 2016 годзе гэты праект закране прыкладна 180 устаноў.

Міхаіл Жураўкоў закрануў яшчэ адзін з важных напрамкаў – скарачэнне дакументаабароту. «Кардынальную дэбюракратызацыю неабходна правесці тэрмінова, не адкладваючы на потым», – сказаў ён. Сёння ёсць і не раз даведзены да ведама ўсіх зацікаўленых структур афіцыйны пералік абавязкаў, якія павінен выконваць настаўнік. Важна, што дакументальна прапісана і адказнасць кіраўнікоў за ўскладанне на настаўніка неўласцівых яму абавязкаў. Таксама змяншэнню колькасці запытаў і лішніх дакументаў садзейнічаюць актыўнае выкарыстанне ва ўстановах адукацыі магчымасцяў інфармацыйных тэхналогій і ўкараненне сістэмы электроннага дакументаабароту.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>