З пашанай і клопатам

Filed under: Нумары,Соцыум |

ЗАЎСЁДЫ СВЕЖЫЯ НАВІНЫ

Пакуль хтосьці з раніцы тоўпіцца ля газетнага шапіка, каб купіць свежы нумар газеты, стаўбчанін Дзмітрый Турко свой крок кіруе да паштовай скрыні. Ён даўні падпісчык любімай «раёнкі», ажно з далёкага 1958 года. З яе ён чэрпае самыя свежыя навіны.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ВЕТЭРАНЫ

У Беларусі, паводле даных на 1 студзеня бягучага года, пражываюць 14,5 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Цяпер у Мінску жывуць два Героі Савецкага Саюза, якія атрымалі гэтае высокае званне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – Мічурын Васіль Сяргеевіч і Кустаў Іван Ільіч. У рэспубліцы сярод 9,6 тысячы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны 2,5 тысячы чалавек з’яўляюцца інвалідамі.

З-за ўзросту, хвароб, наступстваў раненняў з кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца менш. Так, у 2015 годзе з жыцця пайшлі 3,3 тысячы ветэранаў вайны, у 2014-м – каля 4,3 тысячы чалавек.

На 1 студзеня бягучага года ў рэспубліцы налічвалася чатыры тысячы чалавек, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, а таксама 252 – хто працаваў на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, будаўніцтве абаронных збудаванняў, прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог, членаў экіпажаў суднаў, інтэрніраваных у пачатку вайны ў партах іншых дзяржаў.

У Беларусі на 1 студзеня заставалася больш як 60 чалавек, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. У краіне жывуць больш за 570 чалавек, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда ў перыяд блакады і ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», а таксама знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда».

У рэспубліцы налічваецца менш за 800 інвалідаў з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі. Членамі сем’яў загінулых воінаў і партызан з’яўляюцца 838 чалавек.

Былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання прызнаны 22,9 тысячы жыхароў рэспублікі.

БелТА

 

У БЮДЖЭТ СЯМ’І

У мінулым годзе дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога была аказана больш як 800 жыхарам раёна на агульную суму каля 1,8 мільярда рублёў.

Да прыкладу, 114 грамадзянам была прызначана штомесячная сацыяльная дапамога на суму 222,2  мільёна рублёў, 53 грамадзянам – аднаразовая сацыяльная дапамога на суму 31,1 мільёна рублёў, 66 грамадзянам – сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі на суму 140,6 мільёна рублёў. Акрамя таго, 92 дзіцяці ва ўзросце да двух гадоў былі забяспечаны прадуктамі харчавання на суму 392 мільёны рублёў. Самыя значныя выдаткі накіраваны на сацыяльную дапамогу для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў інвалідам І групы і дзецям-інвалідам з чацвёртай ступенню страты здароўя. На гэтыя мэты 515 грамадзян атрымалі ў цэлым 1 мільярд 37 мільёнаў рублёў.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога служыць падспор’ем для грамадзян і сем’яў з невысокімі даходамі, якія гадуюць малых дзетак, трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і т. п.

У тых, хто прэтэндуе на атрыманне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, узнікае нямала пытанняў. На найбольш распаўсюджаныя з іх паспрабую адказаць праз газету.

Колькі разоў на год можна звярнуцца па дапамогу для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў і ў якім памеры выдзяляецца такая дапамога за адзін зварот?

– Можна звяртацца чатыры разы ў каляндарным годзе, але не больш чым раз у месяц. Памер сацыяльнай дапамогі на набыццё падгузнікаў устанаўліваецца зыходзячы з дакументальна пацверджаных фактычных выдаткаў у суме, якая не перасягае 1,5-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму, што дзейнічае на дату прыняцця рашэння аб выдзяленні данай сацыяльнай дапамогі.

Ці павінен працаваць на момант звароту па дапамогу па забеспячэнні прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця працаздольны бацька ў поўнай сям’і або працаздольная асоба, з якой маці не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе, але пражывае сумесна?

– Ён павінен быць занятым і адпрацаваць не менш за шэсць месяцаў. Такое ж патрабаванне дзейнічае і для ўсіх працаздольных членаў сям’і на момант звароту, напрыклад, па дапамогу ў выглядзе штомесячнай ці аднаразовай сацыяльнай дапамогі. Калі грамадзянін працуе на ўмовах няпоўнага рабочага часу і гэты час быў устаноўлены яму па яго просьбе, ён не можа прэтэндаваць на штомесячную сацыяльную дапамогу.

Хто можа звярнуцца па аднаразовую сацыяльную дапамогу?

– Аднаразовая сацыяльная дапамога выдзяляецца сем’ям або грамадзянам, якія аказаліся па аб’ектыўных прычынах у цяжкай жыццёвай сітуацыі (якая выклікала парушэнне нармальнай жыццядзейнасці). Абавязковая ўмова – іх сярэднедушавы даход не павінен перасягаць 1,5-кратную велічыню крытэрыю беднасці. 

Якім павінен быць сярэднедушавы даход сям’і пры звароце па дапамогу па забеспячэнні прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця?

– Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця выдзяляецца сем’ям, у якіх па аб’ектыўных прычынах сярэднедушавы даход склаўся ніжэйшым, чым крытэрый беднасці. Пры нараджэнні двойні і больш дзяцей  такая дапамога выдзяляецца сям’і незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу.

Ці патрэбна маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе, звяртацца па аліменты на дзіця, калі яна ўстанавіла бацькоўства на гэтае дзіця, пры звароце па дапамогу па забеспячэнні прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.

– Так, неабходна.

Каму выдзяляецца сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі?

– Гэты від дапамогі выдзяляецца дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, не прызнаным інвалідамі, але якія паводле медыцынскіх паказанняў маюць патрэбу ў такіх сродках, а таксама інвалідам III групы, акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага і таксічнага ап’янення, членапашкоджання.

Больш падрабязную кансультацыю па ўсіх узнікшых пытаннях можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне (тэл. 5-15-59). Прыёмам і зборам дакументаў для прызначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі займаецца тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (тэл. 5-15-94). 

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

 

ШТО ПРАГЛЕДЗЕЛІ ПЕДАГОГІ?

Камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама сумесна з міжведамаснай групай быў праведзены маніторынг работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў у ДУА «Рочавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа». Вынікі маніторынгу разгледжаны на адным з нядаўніх пасяджэнняў камісіі.

Аднак што падштурхнула да маніторынгу менавіта гэтай установы адукацыі? Адзін з яе  вучняў разам з выпускніком, будучы ў нецвярозым стане, учынілі злачынства – крадзеж. Пасля гэтага вучань і выпускнік былі пастаўлены на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі. Восем рочавіцкіх вучняў  і выпускнікоў разглядалі на камісіі за распіванне спіртнога  ў грамадскім месцы. Як высветлілася, групавая п’янка была наладжана з нагоды здачы экзаменаў, і злачынства (крадзеж) стала яе прамым вынікам. У сувязі з гэтым панеслі адказнасць і бацькі, таму што не ўсе падлеткі дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і, адпаведна, не мелі права знаходзіцца на вуліцы ў вячэрні час пасля 23.00 без суправаджэння дарослых. Каб атрымаць агульнае ўяўленне аб Рочавіцкім ВПК дзіцячым садзе – сярэдняй школе, трэба таксама сказаць, што ўстанову адукацыі наведваюць чацвёра непаўналетніх (усе – з адной сям’і), прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы.

Праведзеным маніторынгам устаноўлена, што і пасля ўчыненых школьнікамі злачынства і групавога правапарушэння ва ўстанове адукацыі не вельмі  ўстурбаваліся. Паводзіны вучняў ніхто не разглядаў і не планаваў гэтага рабіць. Не сабраўся з такой неардынарнай нагоды педсавет або нарада пры дырэктары. А пагаварыць сапраўды было аб чым.

Росту правапарушэнняў і злачыннасці сярод непаўналетніх садзейнічала, як засведчыў маніторынг, недастатковая выхаваўча-прафілактычная  работа педкалектыву (пасады педагога сацыяльнага і педагога-псіхолага на працягу 2014-2015 навучальнага года ва ўстанове адукацыі былі вакантнымі). Узніклі пытанні адносна плана выхаваўчай работы на 2014-2015 навучальны год, а той, што зацверджаны на бягучы, – не адпавядае дакументам, якія рэгламентуюць арганізацыю выхаваўчай дзейнасці, у ім ёсць «застарэлыя» метадычныя матэрыялы і распрацоўкі. Таксама ва ўстанове адукацыі не ў поўным аб’ёме прадстаўлена нарматыўна-прававая база па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў, наркаманіі і алкагалізму.  Ёсць пытанні і да якасці работы настаўніцка-бацькоўскага патруля: свае функцыі патруль ажыццяўляе толькі на тэрыторыі аграгарадка Рочавічы, у той час як большасць школьнікаў жыве ў Літве, і менавіта ў Літве працуе Дом культуры, дзе і адпачывае моладзь.      

Разам з тым, як адзначаюць ва ўстанове адукацыі, педагогі сістэматычна наведваюцца ў нядобранадзейныя сем’і і вядуць з імі індывідуальную работу. Гэтыя сем’і разглядаюць на савеце прафілактыкі, а таксама на пасяджэннях грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі. Двое вучняў былі пастаўлены на ўнутрышкольны ўлік. Сіламі педкалектыву створаны неабходныя ўмовы для ахопу дзяцей дадатковай адукацыяй. Так, працуюць 15 гурткоў і 17 факультатываў, у якіх заняты ўсе вучні. Запрашае спартыўная зала. У суботу ўстанова адукацыі працуе з 08.00 да 21.00. Праводзяцца розныя акцыі, сустрэчы з інспектарамі, дні прафілактыкі, бацькоўскія сходы, прававыя гульні і т. п.  Пропускаў або сыходаў з урокаў без уважлівых прычын не назіраецца. Стала традыцыяй, што кожны панядзелак збіраецца агульнашкольная лінейка, на якой падводзяцца вынікі мінулага тыдня і акрэсліваюцца планы на тыдзень наступны.

З улікам усіх акалічнасцяў работа ўстановы адукацыі ў плане прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх была прызнана членамі камісіі па справах непаўналетніх недастатковай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>