Супраць карупцыі

Filed under: Ахова правапарадку,Нумары |

АКТУАЛЬНЫЯ ЗАДАЧЫ МІЛІЦЫІ

Вынікам 2015 года можна назваць забеспячэнне ў раёне правапарадку і грамадскай бяспекі. Дасягнута гэта з дапамогай цэлага комплексу мерапрыемстваў, над ажыццяўленнем якіх міліцыя працавала ў цесным узаемадзеянні з райвыканкамам, праваахоўнымі структурамі і зацікаўленымі ведамствамі.

Работа праведзена шматбаковая, маштабная, аб чым сведчыць як аператыўная абстаноўка, так і грамадская думка жыхароў раёна, вывучаная падчас апошняга, у верасні 2015 года, маніторынгу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У той жа час у нашай службовай дзейнасці застаюцца пытанні, якія патрабуюць ўдасканалення. Так, пры змяншэнні колькасці заяў і паведамленняў аб злачынствах павялічылася колькасць саміх злачынстваў. Вырасла статыстыка ўгонаў, хуліганстваў і крадзяжоў усіх формаў уласнасці, у тым ліку з жылых і дачных дамоў. Крадзяжам садзейнічаў шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Да прыкладу, на тэрыторыі раёна больш за тысячу домаўладанняў выкарыстоўваюцца як дачныя, сезонныя, што разам з прыбыццём з месцаў пазбаўлення волі ў мінулым годзе грамадзян, якія не сталі на шлях выпраўлення (з 86-ці вызваленых – большая палова нідзе не працуе), паспрыяла росту данага віду злачынстваў. Варта сказаць і пра недастатковую прафілактычную работу з раней судзімымі з боку райаддзела міліцыі.

Супрацоўнікам райаддзела ёсць над чым працаваць і ў плане якасці і паўнаты збору матэрыялаў для расследавання крымінальных спраў і выкрыцця злачынцаў. Нягледзячы на 100-працэнтнае ўстанаўленне падазраваемых у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, ва ўчыненні наўмысных забойстваў і замахаў на іх, махлярстваў, угонаў, хуліганстваў і згвалтаванняў, выніковасць гэтай работы знізілася пры раскрыцці  крадзяжоў, грабяжоў, а таксама злачынстваў мінулых гадоў. Эфектыўнасцю вызначалася аператыўна-службовая дзейнасць па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, аднак каналы вывазу грамадзян за межы краіны з мэтай сексуальнай і іншай эксплуатацыі, факты ўтрымання прытонаў для спажывання наркатычных і іншых адурманьваючых сродкаў не былі выяўлены. Пры станоўчай на працягу апошніх пяці гадоў дынаміцы ў рабоце групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі назіраецца «спад» выяўленых злачынстваў у сферы рэальнай эканомікі.

Важнейшай складаемай стабільнасці і забеспячэння грамадскага парадку з’яўляецца прафілактыка правапарушэнняў. Работа ў гэтым напрамку праведзена на дастойным узроўні ўсімі службамі райаддзела, але ў першую чаргу – міліцыяй грамадскай бяспекі. Актуальнай задачай застаецца кантроль за асобамі з групы рызыкі, а менавіта за раней судзімымі і асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі і за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, а таксама работа з тымі, хто злоўжывае алкагольнымі напіткамі, і т. п. У мінулым годзе на прымусовае лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя былі накіраваны 53 асобы, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, – падобная дзейсная мера знойдзе прымяненне і сёлета. Рэч у тым, што рэгіструецца ўсё больш злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, а глебай для кожнага з іх у той ці іншай меры служыць злоўжыванне алкаголем. У даным выпадку, як паказвае практыка, эфект дае і ўзбуджэнне крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці, прымяненне ў адносінах да асоб, якія дапускаюць правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, ахоўнага прадпісання (гэтая мера была прыменена ў дачыненні да 15 асоб).

Асобна варта адзначыць дзейнасць па выяўленні і спыненні каналаў пастаўкі ў раён, вырабу і рэалізацыі безакцызнай алкагольнай прадукцыі. У ходзе адпрацоўкі ўчастковымі інспектарамі сваіх адміністрацыйных участкаў  у мінулым годзе было канфіскавана амаль 150 л самагону і 5 000 л самагоннай брагі, каля 2 000 л фальсіфікаваных спіртных напіткаў, знішчана 15 самагонных апаратаў і так званых міні-заводаў. Грамадзяне на ўмовах ананімнасці могуць падказваць адрасы самагоншчыкаў.                      

Негатыўныя тэндэнцыі маюць месца ў бяспецы дарожнага руху. Калі колькасць дарожна-транспартных здарэнняў вырасла за мінулы год дзесьці на сем працэнтаў, то колькасць загінуўшых у іх – у тры з паловаю разы (загінулі дзевяць чалавек). На ранейшым узроўні застаецца колькасць ДТЗ, учыненых па віне нецвярозых вадзіцеляў. Супрацоўнікам дарожна-патрульнай службы трэба больш працаваць для выяўлення нецвярозых вадзіцеляў. Летась іх было затрымана 202. У адносінах да 20 вадзіцеляў – за паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення – былі ўзбуджаны крымінальныя справы. 

Актуальныя задачы ставіць перад калектывам міліцыі кіраўніцтва раёна і ў цэлым жыццё з яго сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Мы гатовы вырашаць іх аператыўна, прафесійна, на сучасным узроўні. 

Іван МАМАЙКА, начальнік райаддзела міліцыі

***

У ТЭМУ

МУС Беларусі прапануе лібералізаваць адміністрацыйнае заканадаўства, а менавіта: даць магчымасць супрацоўніку міліцыі выносіць папярэджанне – без складання пратакола – за распіванне піва ў грамадскіх месцах; за кіраванне транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання (вадзіцель забыў дакумент дома і т. п.); за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, якая не прыніжае годнасць грамадзян, не выказвае яўную непавагу да грамадства; за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, калі нецвярозы не ўчыняе іншых супрацьпраўных дзеянняў і знешні выгляд яго не сведчыць аб яўнай непавазе да грамадства; за курэнне ў забароненых месцах; за пераход праезджай часткі ў неўстаноўленым месцы або за знаходжанне на ёй без флікера ў цёмны час сутак.

Таксама прапануецца адмяніць адміністрацыйную адказнасць за перавышэнне хуткасці руху ад 10 да 20 км/гадз., павялічыць з 400 да 1 000 еўра памер страт, нанесеных у выніку ДТЗ, пры якіх вадзіцелі транспартных сродкаў маюць права не паведамляць у ДАІ аб здарэнні.

З кампетэнцыі міліцыі прапануецца выключыць ажыццяўленне адміністрацыйнай дзейнасці па неўласцівых функцыях (у вобласці гандлю, пажарнай бяспекі, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў і т. п.) з мэтай выкарыстання супрацоўнікаў для рэальнага забеспячэння грамадскай бяспекі і прафілактыкі злачынстваў.

Сваю думку адносна гэтых прапаноў можна даслаць на электронны адрас mneniemvd@mail.ru або выказаць на афіцыйным сайце МУС у рубрыцы «Палепшым закон разам». Таксама можна адправіць па пошце: 220030, г. Мінск, вуліца Гарадскі Вал, 4, упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў, з пазнакай «Законы».     

 

ПАРУШЭННІ ЗАКАНАДАЎСТВА, ЗЛАЧЫНСТВЫ

У 2015 годзе праваахоўнымі органамі на тэрыторыі Мінскай вобласці выяўлены 82 асобы, якія ўчынілі 158 карупцыйных злачынстваў. Яны прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Карупцыйныя злачынствы часцей за ўсё выяўляліся ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, сферы дзяржаўнага кіравання, прамысловасці, ахове здароўя.

У мінулым годзе органамі пракуратуры Мінскай вобласці праведзены 162 праверкі захавання антыкарупцыйнага заканадаўства (116 – у 2014 годзе). Па выніках праверак унесены 128 прадстаўленняў, вынесены 63 прадпісанні, прынесены 17 пратэстаў, 144 асобы афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння закона, адменены 16 незаконных актаў.

Па выніках разгляду актаў пракурорскага рэагавання 211 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, пры гэтым тры вызвалены ад займаемых пасад, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 66 грамадзян, да матэрыяльнай адказнасці – 27 асоб на агульную суму 154 373 000 рублёў. У 2015 годзе выніковасць работы органаў пракуратуры Мінскай вобласці па ажыццяўленні нагляду за захаваннем антыкарупцыйнага заканадаўства ў цэлым вырасла ў параўнанні з 2014 годам.

Пракуратурай Мінскай вобласці, гаррайпракурорамі прымаюцца актыўныя меры па кампенсацыі шкоды, нанесенай парушэннямі антыкарупцыйнага заканадаўства і ў парадку грамадзянскай судавытворчасці. У 2015 годзе прад’яўлена 11 іскаў на агульную суму 538 850 000 рублёў. Па выніках пракурорскіх праверак узбуджана 11 крымінальных спраў аб карупцыйных злачынствах.

Так, пракурорам Мінскай вобласці ўзбуджана дзве крымінальныя справы ў адносінах да службовых асоб птушкафабрыкі па ч. 2 арт. 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах прыцягнення імі работнікаў таварыства для ажыццяўлення ў рабочы час без адпаведнага афармлення і аплаты будаўніча-плацежных работ на індывідуальных домаўладаннях, што належаць указаным службовым асобам, а таксама па фактах выкарыстання апошнімі тэхнікі таварыства.

Летась пракуратурай вобласці, гаррайпракурорамі выяўлена 32 факты ўчынення карупцыйных правапарушэнняў і правапарушэнняў, якія складаюць умовы для карупцыі. Найбольш распаўсюджаны выпадкі аказання дзяржаўнымі службовымі асобамі пры падрыхтоўцы і прыняцці рашэнняў неправамернай перавагі інтарэсам фізічных ці юрыдычных асоб або прадстаўлення ім неабгрунтаваных ільгот і прывілей, ці аказанне садзейнічання ў іх прадастаўленні. Указаныя правапарушэнні складаюць 31 працэнт ад агульнай колькасці выяўленых і часта ўчыняюцца пры правядзенні дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі канкурэнтных закупак тавараў (работ, паслуг).

Так, пракуратурай Нясвіжскага раёна выяўлены факт заключэння кіраўніком дзяржаўнай установы без правядзення неабходных працэдур закупак дагавораў на пастаўку і ўстаноўку вырабаў з ПВХ на агульную суму больш за мільярд рублёў. Пры гэтым ніводная з належных правядзенню працэдур закупак да заключэння адпаведных дагавораў не праводзілася, а незаконнае рашэнне прыняў асабіста кіраўнік установы, парушаючы дзеючае заканадаўства. Па ўказаных парушэннях антыкарупцыйнага заканадаўства у адрас старшыні Нясвіжскага райвыканкама ўнесена прадстаўленне, дзве асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Найбольш распаўсюджанымі грубымі парушэннямі антыкарупцыйнага заканадаўства па-ранейшаму з’яўляюцца парушэнні ў дзейнасці камісій па супрацьдзеянні карупцыі дзяржаўных органаў, устаноў і арганізацый, парушэнні, звязаныя з захаваннем устаноўленых заканадаўствам абмежаванняў, дзяржаўнымі службовымі і прыраўнаванымі да іх асобамі. Асноўным недахопам дзейнасці камісій па супрацьдзеянні карупцыі з’яўляецца фармальны падыход да ажыццяўлення ўскладзеных на камісіі задач (заслухоўванне справаздач, зацвярджэнне планаў работ) без правядзення якога-небудзь аналізу, прыняцця канкрэтных і дзейсных рашэнняў, кантролю за іх выкананнем.

Неаднаразова былі выяўлены парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства адносна выканання дзяржаўнымі службовымі асобамі ўзятых імі абавязацельстваў, а таксама падтрымкі гэтых абавязацельстваў у актуальным з пункту гледжання дзеючага заканадаўства стане. Так, пракуратурай Барысаўскага раёна выяўлена парушэнне кіраўніком аддзела дзяржаўнай арганізацыі патрабаванняў ч. 1 арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» у частцы забароны на выкананне іншай аплатнай работы, не звязанай з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў па месцы асноўнай службы, акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай і медыцынскай практыкі. Устаноўлена, што, працуючы па працоўным кантракце і з’яўляючыся дзяржаўнай службовай асобай, ён на платнай аснове выконваў пры гэтым работу ў прыватнай установе. Пракуратурай Барысаўскага раёна ўказанай службовай асобе аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне, у якім пастаўлена пытанне аб спыненні парушэнняў патрабаванняў арт. 17 Закона.

Распаўсюджаным парушэннем таксама з’ўляецца ўказанне асобамі ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці несапраўднай і няпоўнай інфармацыі, нясвоечасовае рэагаванне службовымі асобамі дзяржаўных органаў і арганізацый на выяўленыя парушэнні парадку дэкларавання.

Аляксандр БЯЛІЦКІ, намеснік пракурора Мінскай вобласці

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>