У спорце – на дзясятку!

Filed under: Нумары,Спорт |

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама названы лепшыя юныя спартсмены. У дзясятку мацнейшых па выніках спаборніцтваў 2015 года трапілі:

Аляксей ВЯРШЫНІН – чэмпіён Рэспублікі Беларусь сярод школьнікаў у бегу на 2000 метраў з перашкодамі (ДУА «Вішнявецкая СШ», трэнеры А. М. Турчановіч і В. В. Ярашэвіч);

Аліна НАВІЦКАЯ  – шматразовая чэмпіёнка Мінскай вобласці ў бегу на 800 і 1500 м, сярэбраны прызёр рэспубліканскага кросу, прысвечанага Дню Перамогі (ДУА «Заямнаўская СШ», трэнеры В. А. Арлоўская і Ю. А. Кручок);

Карына УЛІЧ – чэмпіёнка Мінскай вобласці па пяцібор’і (ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы», трэнеры Я. Ю. Рымашэўскі і А. М. Турчановіч);

Максім ВЕРАБЕЙ – шматразовы чэмпіён Мінскай вобласці ў бегу на 60 м і скачках у даўжыню (ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы», трэнер А. М. Турчановіч);

Аляксей ЯЗВІНСКІ – член юніёрскай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь (1990 г. н.) па футболе (ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы», трэнер А. А. Сукала);

Мацвей ПАПУЛІН – чэмпіён Мінскай вобласці па футболе сярод юніёраў 2003-2004 г. н. (ДУА «СШ № 2 г. Стоўбцы», трэнер І. Г. Аляшкевіч);

Вікторыя ДАМАРАЦКАЯ – сярэбраны прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі «Снежны снайпер» (ДУА «Коласаўская СШ», трэнер Э. І. Варывоцкі);

Арсеній ГАПТАР – бронзавы прызёр першынства Рэспублікі Беларусь па пляжным валейболе, чэмпіён вобласці па валейболе (ДУА «Дзераўнянская СШ», трэнер В. М. Гаптар);

Настасся ГУБАР – бронзавы прызёр першынства Мінскай вобласці па настольным тэнісе (ДУА «Налібацкая СШ», трэнер П. І. Цімкоў);

Аляксандр НОСАЎ – кандыдат у майстры спорту па жыму ў ляжачым стане (ДУА «СШ № 2 г. Стоўбцы», трэнер Я. Я. Фралоў).

***

Як і ўвогуле ў спорце, тут поўная дакладнасць. Хто заслужыў быць у дзясятцы мацнейшых, той і выбраны, так бы мовіць, у наш «касмічны экіпаж». Шмат  дастойных рабят засталося пакуль за кадрам. Бо калі перагартаць падшыўку «Праменя», дзе рэгулярна паведамляецца аб поспехах юных спартсменаў і на раённых, і на абласных, і на рэспубліканскіх спаборніцтвах, то можна прывесці яшчэ не адзін дзясятак прозвішчаў. Гэта ўсё радуе. Расце маладое спартыўнае пакаленне. Такія, як гаворыцца, не згубяцца ў жыцці. А самым таленавітым, спадзяёмся, удасца і засвяціцца яркімі зорачкамі ў рэспубліцы.

Для гэтага ёсць магчымасці. Спартыўная база ў горадзе і раёне паляпшаецца. Так, двое рабят адзначаны ў намінацыі «футбол». Маяком для іх няхай будзе спартыўны шлях Аляксандра Карніцкага, члена каманды чэмпіёнаў рэспублікі барысаўскага БАТЭ. Упершыню сярод лаўрэатаў прадстаўнік атлетычнай гімнастыкі, якая развіваецца з увядзеннем у Стоўбцах фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Пастаянна трымае марку Коласаўская сярэдняя школа ў лыжных спаборніцтвах, дзе не адзін дзясятак гадоў шчыруе трэнер Эдуард Варывоцкі. Дзераўнянская школа з Віктарам Гаптаром пастаянна дабіваецца поспехаў у валейболе, Налібацкая з Пятром Цімковым – у настольным тэнісе. А поспехі юных лёгкаатлетаў Стаўбцоўшчыны заслугоўваюць асаблівай пахвалы. Удзячныя вучні выказваюць добрыя словы ў адрас свайго настаўніка Анатоля Турчановіча, аб чым і сведчыць змешчаная на гэтай старонцы замалёўка.

Да новых перамог, хлопцы і дзяўчаты!

 

ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ЧЭМПІЁНЫ

У нашай школе вялікая ўвага надаецца спорту. Ужо доўгі час праводзяцца заняткі па лёгкай атлетыцы пад кіраўніцтвам Анатоля Мікалаевіча Турчановiча, якi выхоўвае сапраўдных чэмпіёнаў.

Анатоль Мікалаевіч родам са Стаўбцоўскага раёна. Ён скончыў Старасвержанскую сярэднюю школу, паступiў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Па размеркаванні трапіў у наш раён, працаваў у сельскай мясцовасці. І менавіта тады ў яго ўзнiкла жаданне рыхтаваць лёгкаатлетаў, таму што дзеці ў сельскай мясцовасці фізічна дужыя і вынослівыя. Анатоль Мікалаевіч трэніраваў прызёраў вобласці і рэспублікі: Віктара Высоцкага, Алену Жукоўскую, Іосiфа Шабліча. Пасля пятнаццаці гадоў працы ў сельскай школе пераехаў у Стоўбцы, сем гадоў працаваў у сярэдняй школе № 2. Аднойчы Анатоль Мікалаевіч даваў адкрыты ўрок па гімнастыцы ў нашай школе і, убачыўшы, што тут ёсць усе ўмовы для заняткаў лёгкай атлетыкай, вырашыў змяніць месца працы. З 1999 года працуе ў школе № 3.

Сам Анатоль Мікалаевіч так кажа аб занятках лёгкай атлетыкай:

– Штогод мы з дзецьмі выязджаем больш чым на дваццаць спаборніцтваў, прывозім шмат медалёў. Асабліва моладзь любіць «Капыльскія погоркі». Там хлопцы атрымліваюць не толькі маральнае, але і матэрыяльнае заахвочванне. Мы старанна трэніруемся, каб праславіць нашу школу, наш раён, нашу вобласць на спаборніцтвах. У мяне займаюцца хлопцы з трэцяй, другой школ, дзеці розных узростаў з сельскіх устаноў адукацыі. Штогод выязджаем на міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Сяргея Хамчука. У мінулым годзе наш вучань Уладзіслаў Супрун стаў лепшым спартсменам гэтых спаборніцтваў. Выдатныя вынікі паказалі Максім Верабей, Карына Уліч. Многія таленавітыя дзеці звязваюць жыццё з лёгкай атлетыкай, пасля заканчэння школы паступаюць у ВНУ, у вучылішча Алімпійскага рэзерву. Яны дабіліся добрых вынікаў. Я лічу, самае галоўнае – прыцягнуць дзяцей да рэгулярных трэніровак. Усё залежыць ад настаўніка. Трэнер павінен быць завадатарам, лідарам.

Лепшыя лёгкаатлеты школы  Максім Верабей, Яўген Валадзько, Валянцін Бугроў, Дзяніс Дзямянка, Павел Гармаза, Яўген Грышан, Данiiл Нашчынец, Карына Уліч, Ксенія Гацура, Віталь Галубец, Вікторыя Кожыч, Андрэй Ліпніцкі, Антон Васілеўскі, Кірыл Борыс, Кірыл Луцэвіч, Уладзіслаў Мілашэўскі з любоўю гавораць аб спорце, занятках лёгкай атлетыкай, выказваюць удзячнасць Анатолю Мікалаевічу, выдатнаму трэнеру.   

Максім Верабей, славуты шматлікімі перамогамі на спартыўных спаборніцтвах, распавядае пра тое, як пачаў наведваць заняткі:

– Да гэтага часу памятаю дзень, калі Анатоль Мікалаевіч прапанаваў мне займацца лёгкай атлетыкай. Я быў шчаслівы! Цэлае лета з нецярпеннем чакаў. І вось доўгачаканыя заняткі пачаліся, а праз месяц я паехаў у Мінск на спаборніцтвы. Першае выступленне было не вельмі ўдалым. На працягу года я набраўся сіл, пачаў упарта працаваць і стаў займаць прызавыя месцы. Да прыкладу, у Мінску і Капылі наша каманда заняла першыя месцы, атрымала шмат кубкаў.  На занятках па лёгкай атлетыцы я пазнаёміўся з выдатнымі хлопцамі. Пасля школы планую паступіць ва ўніверсітэт. Абавязкова прадоўжу заняткі спортам.

Дзяніс Дзямянка салідарны з Максімам:

– Я займаюся лёгкай атлетыкай тры гады. Першым спаборніцтвам, на якім я заняў першае месца, былі «Капыльскія погоркі». Мой першы медаль… Бацькі так ганарыліся мною! Цудоўныя ўражанні! Ды і атрымаць грашовы прыз было даволі прыемна. Трэніроўкі для мяне – лекі, яны здымаюць стрэсы. Шчыра скажу: спорт змяніў мяне. Ён змяніў мой характар, маё цела. Дзякуючы спорту ў мяне заўсёды добры настрой, шмат сяброў. У будучым я мару стаць трэнерам па лёгкай атлетыцы. Я прыняў гэтае рашэнне дзякуючы Анатолю Мікалаевічу.

Таленавітая і перспектыўная дзяўчына Карына Уліч сказала:

– Я хаджу на лёгкую атлетыку з чацвёртага класа. Спачатку займалася пераважна бегам. Апошнія два гады займаюся штурханнем ядра, скачкамі ў даўжыню, шматбор’ем. Гэта даволі складана. Мінулай вясной я заняла першае месца ў шматбор’і, паехала на рэспубліканскія спаборніцтвы. Таксама ўдзельнічала ў міжнародных спаборніцтвах па штурханнi ядра.  Дабіцца добрых вынікаў можна толькі дзякуючы сур’ёзным трэніроўкам. Амаль кожны дзень займаюся лёгкай атлетыкай, наведваю таксама спартыўныя танцы – брэйк-данс. А ў вольны час хаджу ў басейн.

Я ўпэўнілася, што спорт дапамагае выпрацаваць сілу волі і цвёрдасць характару. І дзякуючы заняткам лёгкай атлетыкай сёння вучні нашага раёна маюць выдатную магчымасць развіваць свае спартыўныя навыкі і сілу духу.

Кацярына ІГНАТОВІЧ

 

У СУБОТНІ ДЗЕНЬ – НА ЛЫЖЫ

Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказалі прыклад здаровага ладу жыцця.

У адзін з суботніх дзён група жадаючых накіравалася на турбазу «Высокі бераг». Надвор’е стаяла казачнае, з марозікам і сонцам, а лыжы ўзялі там жа напракат. Удыхнуўшы свежага паветра, пакаціліся па лесе. Маршрут спецыяльна не выбіралі, ён быў адвольны, і ад таго, напэўна, такім прыемным аказалася гэтае нетаропкае, з сяброўскай гаманою і назіраннем за жывой прыродай, блуканне па Коласавых мясцінах. Яно міжволі прывяло ў Дубы, Смольню і нават пазнаёміла з гасцямі турбазы – удзельнікамі злёту байкераў, месцам правядзення якога традыцыйна, ужо не першы год, выбіраецца турбаза. Уражанні ад загараднай паездкі засталіся ў работнікаў санітарнай службы такія, што ім хацелася б вярнуцца на лыжню яшчэ не раз.            

Балазе, турбаза «Высокі бераг» сустракае наведвальнікаў у зімовы перыяд неабходнай зімняй амуніцыяй: можна ўзяць напракат лыжы з палкамі, а таксама  канькі і ўсё, што патрэбна для гульні ў хакей: клюшкі, шайбы і інш. На пляцоўцы непадалёку ад Нёмана заліты каток. Для наведвальнікаў, якія  хацелі б атрымаць забавы не вулічнага характару, тут прапануюць більярд, дартс, гіры, усё неабходнае для арганізацыі розных конкурсаў. 

Для многіх сваіх заўсёднікаў турбаза сапраўды стала цікавым месцам правядзення асабістых святаў, карпаратываў, а з вясны і да позняй восені – турысцкіх злётаў, розных форумаў, семінараў і сустрэч.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ВЕТЭРАН – ПАНЯЦЦЕ АДНОСНАЕ

Калі чалавек актыўны, рухавы, то ці варта яго называць ветэранам, хаця гады даволі сталыя. А ў спорце гэта наогул адноснае паняцце. Тым не менш спаборніцтвы, якія ладзіліся ў зале ФАКа «Меліяратар» а. г. Дзераўная, мелі назву «1-шы Раённы турнір па валейболе сярод ветэранаў». Ініцыятарам яго правядзення сталі спартыўныя ветэраны ПМК-74 і філіяла маторнага завода.

На валейбольнай пляцоўцы разгарнуліся цікавыя і напружаныя паядынкі. Запал і майстэрства ўдзельнікаў можна было пераняць і маладзейшым. Шматлікія балельшчыкі з цікавасцю сачылі за гульнямі і падтрымлівалі свае каманды.

У выніку пераможцай турніру стала каманда філіяла маторнага завода, другое месца заняла зборная ПМК-74, трэцяе  – калектыў Стаўбцоўскіх электрасетак. Усе прызёры ўзнагароджаны граматамі і пераходнымі кубкамі.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>