Грунтуецца на прафесіяналізме

2b

Напярэдадні Дня міліцыі мы сустрэліся з начальнікам РАУС Іванам МАМАЙКАМ.

– Іван Андрэевіч, чым адметна сёлетняе прафесійнае свята работнікаў міліцыі?

– 28 студзеня прайшла калегія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік краіны даў ацэнку нашай рабоце. Запомніліся яго словы аб тым, што міліцыя з’яўляецца асноўным органам у праваахоўнай сістэме краіны, што паказчыкі большасці праваахоўных органаў грунтуюцца менавіта на прадукце міліцыі. Дзейнасць міліцыі набліжана да народа і пранізвае ўсе слаі грамадства. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што супрацоўніку міліцыі нельга адносіцца да сваёй работы фармальна, толькі па інструкцыі – перш за ўсё неабходна заставацца чалавекам і паступаць згодна са сваім жыццёвым крэда.

Напярэдадні Дня міліцыі хацелася б яшчэ раз сказаць, што, будучы састаўной часткай сістэмы нацыянальнай бяспекі, міліцыя праводзіць значную работу па забеспячэнні грамадскай бяспекі і ў цэлым правапарадку ў краіне, сваім раёне. Безумоўна, не бывае без крытыкі,  заўваг, але па сутнасці акурат яны выступаюць сведчаннем той рэальнай работы, якую праводзіць міліцыя і якая стварае аснову для ўсіх праваахоўных структур.

– У чым яна, рэальная работа стаўбцоўскай міліцыі?

 – Супрацоўнікі райаддзела ў мінулым годзе аператыўна адрэагавалі на 918 паведамленняў, якія паступілі ў аператыўна-дзяжурную часць. У выніку, было ўзбуджана 579 крымінальных спраў, з іх 371 – па лініі крымінальнага вышуку. У 227 выпадках падазраваемыя ўстаноўлены (гэта 61,2 працэнта, пры тым, што ў Мінскай вобласці гэты паказчык складае 53,6 працэнта). Выкананы значны аб’ём работы, што было б немагчыма без адладжанага механізма і, галоўнае, без прафесійна падрыхтаванага асабістага саставу.

Карыстаючыся выпадкам, выказваю ўдзячнасць асабістаму саставу райаддзела, які сумленна нясе службу, забяспечвае ў раёне правапарадак. І гэта, дарэчы, людзі адчуваюць. 75 працэнтаў апытаных падчас маніторынгу грамадскай думкі выказалі ў той ці іншай форме давер нашым супрацоўнікам.

– Як утрымаць людскі давер, павысіць свой рэйтынг? 

– Вярнуся да калегіі МУС і скажу пра асноўныя задачы, якія акрэсліў перад намі Прэзідэнт. У прыватнасці, увага звернута на тое, што злачыннасць перамяшчаецца з горада ў сельскую мясцовасць. Злабадзённая праблема наркотыкаў, тым больш, што дадаюцца іх новыя віды. Турбуе рост крадзяжоў і тое, што пакуль не ўсе з іх удаецца раскрыць. Адна з актуальных задач – супрацьдзеянне карупцыі. Наша антыкарупцыйнае падраздзяленне працуе нядрэнна, і поле дзейнасці ў яго – маштабнае. Асаблівая цікавасць да асобаў, якія займаюць у грамадстве пэўнае службовае становішча. І, вельмі важна ўсведамляць, што супрацоўнік міліцыі, прызваны выконваць у грамадстве пэўную ролю кантралёра за выкананнем законаў, сам павінен быць прыкладам законапаслухмянасці, маральнай чысціні. Згадзіцеся, горад наш невялікі – усе навідавоку.

– У кадравай палітыцы вы ўлічваеце месца нараджэння супрацоўніка – «свой-не свой»?

 – Сапраўды, у міліцыі працуюць пераважна выхадцы з нашага раёна, людзі, якім неабыякавы яго лёс. І ў гэтым годзе чакаем чатырох выпускнікоў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – нашых землякоў. Кадравы падбор праводзіцца мэтанакіравана, з пераважным выбарам тых, хто служыў ва ўнутраных войсках, закончыў грамадзянскія ВНУ. Склалася сістэма праверкі супрацоўнікаў. Так, перш чым стаць афіцэрам, трэба зарэкамендаваць сябе на сяржанцкай пасадзе. У цэлым кіраўніцтва міністэрства выступае за тое, каб на службу прыходзілі прафесіяналы – адукаваныя, выхаваныя, у добрай фізічнай форме. З гэтай мэтай кожны з адабраных кандыдатаў у абавязковым парадку праходзіць навучанне на працягу шасці месяцаў на дзённым аддзяленні цэнтра павышэння кваліфікацыі МУС Рэспублікі Беларусь. Для нясення службы райаддзел аснашчаны ўсім неабходным. Вось і нядаўна УУС Мінаблвыканкама выдзеліла нам новы легкавы аўтамабіль, які адкамандзіраваны ў распараджэнне аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.

– Якія асаблівасці калектыву райаддзела міліцыі?

– Аддзел сфарміраваны, яго калектыў – стабільны. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў – 30 гадоў. Сярод асаблівасцяў можна назваць сістэму пераемнасці – маладым ёсць у каго павучыцца і, акрамя таго, цесная сувязь наладжана з ветэранскай арганізацыяй. Існуе сістэма ратацыі, адбору кадраў у іншыя падраздзяленні, калі неабходна замяніць тых, хто звальняецца ў запас па дасягненні ўзросту. Працягваем добрую традыцыю цеснага ўзаемадзеяння з раённым выканаўчым камітэтам, з калегамі з праваахоўнай сістэмы – КДБ, пракуратуры, суда. Працуем у адной звязцы з раённымі аддзеламі Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Гэтыя падраздзяленні дыслацыруюцца ў будынку райаддзела міліцыі, нашы супрацоўнікі разам выбываюць у складзе аператыўна-следчай групы на месца злачынстваў.

– Напярэдадні свята ў вас ёсць нагода адзначыць лепшых супрацоўнікаў, службы РАУС.

– У першую чаргу варта адзначыць намеснікаў начальніка райаддзела. Кожны з іх дастойна працуе на сваім участку. Заслуга першага намесніка, начальніка крымінальнай міліцыі Міхаіла Мігуры ў тым, што раскрывальнасць злачынстваў у нас адна з самых высокіх у Мінскай вобласці, пры тым, што і нагрузка на аднаго супрацоўніка застаецца адной з самых высокіх. Вядучыя службы на гэтым напрамку ўзначальваюць граматныя і перспектыўныя супрацоўнікі – Аляксандр Куракевіч, Дзмітрый Стома, Яўген Курыла. Яшчэ адзін намеснік начальніка, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан Харута курыруе самае шматлікае падраздзяленне, якое забяспечвае не толькі ахову правапарадку, бяспеку дарожнага руху, але і займаецца прафілактыкай, арганізацыяй работы з такімі катэгорыямі грамадзян, як раней судзімыя, непаўналетнія. Поруч з ім працуюць адказныя кіраўнікі службаў – Юлія Белавусава, Дзмітрый Воранаў, Уладзімір Кухарчык, Міхаіл Азановіч, Юрый Акуліч. У эпіцэнтры кадравай, ідэалагічнай  работы знаходзіцца намеснік начальніка райаддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Богач. Істотную дапамогу аказвае яму старшы інспектар групы кадраў Ала Сцефановіч. Так, некамплект асабістага саставу ў нас – адзін з самых нізкіх у вобласці, і складае на даны момант усяго два працэнты.              

З нагоды Дня міліцыі віншую ўсіх супрацоўнікаў, ветэранаў міліцыі і іх сем’і. Ад душы жадаю кожнаму моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у нясеннні службы на карысць Беларусі і Стаўбцоўшчыны.  

НА ЗДЫМКУ: аб аператыўнай абстаноўцы ў раёне дакладвае  Івану Мамайку старшы інспектар – дзяжурны Арцём Зянько.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ,фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>