Выбралі службу

2v

У мінулым годзе райаддзел міліцыі папоўнілі 12 маладых супрацоўнікаў. Фактычна ўсе яны – выпускнікі школ Стаўбцоўшчыны, але кожны прыйшоў у міліцыю сваім шляхам.

Вадзім Кутас закончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе атрымаў спецыяльнасць «Эканамічнае права». Ён нясе службу ў групе па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, ужо мае станоўчыя вынікі службовай дзейнасці. Малады лейтэнант цудоўна ўліўся і ў невялікі калектыў групы, і ў цэлым у калектыў райаддзела. Як і яшчэ адзін выпускнік Акадэміі – Вадзім Паноцкі, які служыць інспектарам дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ. Так атрымалася, што на гэтым пасту ён змяніў свайго бацьку, які не так даўно папоўніў запас ветэранаў міліцыі. У ДАІ прыступіў да службы інспектарам і Уладзімір Крэнь. Летась ён закончыў БАТУ і таксама вырашыў пайсці ў ДАІ – па бацькоўскіх слядах. Сем’і Паноцкіх і Крэняў – міліцэйскія дынастыі. А службу ДАІ папоўніў пасля БАТУ яшчэ адзін малады інспектар – Аляксей Славінскі.

З якіх яшчэ грамадзянскіх навучальных устаноў прыходзяць служыць у райаддзел міліцыі, папярэдне прайшоўшы падрыхтоўку ў цэнтры павышэння кваліфікацыі МУС Рэспублікі Беларусь?

Як адзначае старшы інспектар групы кадраў Ала Сцефановіч, запатрабаваны выпускнікі самых розных навучальных устаноў, галоўнае – людзі невыпадковыя. Да прыкладу, Дзмітрый Скачко, старшы інжынер аператыўнай сувязі групы сувязі, закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Акурат такога спецыяліста, здольнага разбірацца ва ўсіх відах сувязі, сістэмах сувязі аператыўна-дзяжурнай і іншых службаў, камп’ютарным абсталяванні і т. п., даўно чакалі ў райаддзеле. Ён – выхаванец клуба «Абаронца Айчыны», што само сабою гаворыць аб яго спартыўнай форме, загартаваным характары. Рэкамендацыю для службы ў міліцыі даў яму кіраўнік клуба Рыгор Мамайка.  Акрамя таго, у райаддзеле з’явіўся спецыяліст, які прафесійна валодае замежнымі мовамі. Цімур Асташэня атрымаў дыплом перакладчыка ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Пакуль ён працуе інспектарам крымінальна-выканальніцкай інспекцыі, але перспектывы ў гэтага супрацоўніка бачацца значна шырэйшыя.    

У аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі  накіраваны выпускнік Беларускага інстытута правазнаўства Павел Сошка. Павел адзін з тых, хто здолеў праявіць сябе і падчас падрыхтоўкі ў цэнтры павышэння кваліфікацыі МУС Рэспублікі Беларусь. Ён быў абраны камандзірам вучэбнай групы курсантаў. У райаддзеле яго прызначылі ўчастковым інспектарам, прычым на адзін з самых адказных участкаў – у новы мікрараён горада Стоўбцы.

Трое маладых супрацоўнікаў міліцыі – Ігар Курмышаў, Аляксей Каваленка і Іван Бельскі – прыйшлі ў міліцыю пасля тэрміновай ваеннай службы ва ўнутраных войсках Рэспублікі Беларусь. Міліцэйская служба стала яе працягам. Ігар Курмышаў – міліцыянер-дзяжурны ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту (ён жа з’яўляецца кандыдатам для паступлення ў Магілёўскі інстытут МУС на завочную форму навучання; сваім калегам рыхтуе да Дня міліцыі сюрпрыз – на міліцэйскім «агеньчыку» будзе выконваць на саксафоне інструментальную кампазіцыю), а Аляксей Каваленка і Іван Бельскі – міліцыянеры аддзялення патрульна-паставой службы. Хлопцы ганарацца тым, што прайшлі армейскую школу, тым больш, Ігару і Аляксею выпала служыць у адной воінскай часці.     

Да тых, хто носіць пагоны, дабавіліся і дзве маладыя супрацоўніцы – лейтэнант міліцыі Марта Кардзіс і прапаршчык міліцыі Вольга Уласік. З 2012 года яны працуюць у райаддзеле міліцыі служачымі, і, каб атэстацыйная камісія прыняла рашэнне аб накіраванні іх у цэнтр павышэння кваліфікацыі для атэстацыі, неабходна было зарэкамендаваць сябе. Пасля атэстацыі Марта Кардзіс стала  інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, Вольга Уласік – міліцыянерам-дзяжурным ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту. Акрамя таго, Вольга ў гэтым годзе заканчвае Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. 

У маладых усё наперадзе…

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Вольга Уласік і Марта Кардзіс, Ігар Курмышаў, Аляксей Славінскі, Аляксей Каваленка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>