Няпроста быць містэрам

5-03-2016-1

У раённым Цэнтры культуры прайшоў прыгожы конкурс «Містэр-першакласнік». Ініцыятарам яго правядзення, сцэнарыстам, рэжысёрам выступіла загадчыца дзіцячага аддзела Цэнтра культуры Людміла Пархімовіч. Людміла Генадзьеўна мае ўжо вопыт правядзення такога дзіцячага шоу – у мінулым годзе за права атрымаць карону міс змагаліся дзяўчынкі.

Першапачаткова 12 першакласнікаў стаўбцоўскіх школ і гімназіі ўключыліся ў  працэс па падрыхтоўцы да конкурсу. Работа гэтая была не з лёгкіх – паспяваць і вучыцца, і ўрокі рыхтаваць, і вечарам прыходзіць на рэпетыцыі. У выніку да фіналу дайшлі сем юных удзельнікаў. Вучань 1 «А» класа СШ № 3 Цімафей Александровіч захварэў, не прыняў удзелу ў конкурсе, аднак яго з поўным правам таксама можна назваць фіналістам. На сцэну ў святочны нядзельны дзень выйшлі вучань 1 «А» класа СШ № 2 Яраслаў Страчынскі, вучань 1 «Е» класа СШ № 3 Павел Зайко, вучань 1 «А» класа гімназіі № 1 Арсеній Шыкуць, вучань 1 «Б» класа гімназіі № 1 Расціслаў Ранцюк, вучань 1 «В» класа СШ № 3 Дзмітрый Скараходаў, вучань 1 «А» класа СШ № 3 Мікіта Гапановіч. Рабятам прыйшлося вытрымаць шэсць этапаў конкурсу. Дэфіле ў школьным касцюме праходзіла пад музыку, так што без артыстызму ім было не абысціся. Візітная картка патрабавала ад дзяцей расказу аб сабе, сваёй сям’і ў арыгінальнай форме. Павел Зайко, напрыклад, выдатна справіўся з такім няпростым музычным жанрам, як рэп. На трэцім этапе конкурсу хлопчыкам давялося выйсці на сцэну ў стылі хіп-хоп. Фантазіі на тэму «Кім я хачу стаць» раскрылі патаемныя жаданні канкурсантаў аб будучай прафесіі. Цікава было паслухаць, як яны яе сабе ўяўляюць. Пяты конкурс «Мае таленты» даў магчымасць хлопчыкам у поўнай меры раскрыцца перад публікай. Гледачы былі зачараваныя здольнасцямі, якімі валодаюць дзеці, – могуць і спяваць, і танцаваць, і выдатна трымацца на сцэне. Унікальнай з’явай назвала журы конкурсу прадстаўленне Яраслава Страчынскага.  У флэшмобе разам з Яраславам танцавалі і спявалі яго бацькі, бабуля, брат, дзве цёткі. Гэта было вельмі прыгожа і павучальна для іншых: як важна ўдзельнічаць у жыцці свайго дзіцяці, быць з ім ва ўсіх значных момантах яго дзейнасці. Бацькі Яраслава расказвалі, што цёткі не маглі прыязджаць на рэпетыцыі з Мінска, з імі дамашнія Яраслава праводзілі рэпетыцыі па скайпе.

 Шосты этап конкурсу хлопчыкам дапамаглі прайсці ўдзельніцы ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі»: Паліна Пятроўская, Даша Дзягель, Саша Нікалаеня, Вольга Міхно, Лера Цвірко, Аня  Ажгірэвіч. Яны сталі партнёрамі містэрам у школьным вальсе.

Вось і ўзнагароджанне канкурсантаў.  Тытул «Містэр першаклашка» журы прысудзіла Яраславу Страчынскаму. Павел Зайко атрымаў узнагароду ў намінацыі «Містэр талент», яму ж дастаўся і прыз глядацкіх сімпатый. Арсеній Шыкуць адзначаны ў намінацыі «Містэр фота». Расцілаў Ранцюк – у намінацыі «Містэр джэнтльмен». Дзмітрый Скараходаў – у намінацыі «Містэр усмешка». Мікіта Гапановіч – пераможца ў намінацыі «Містэр сціпласць».

–       Мы так рады, – гаворыць арганізатар конкурсу Людміла Пархімовіч, – што нашы агульныя старанні ўвянчаліся такім поспехам: гэта было цудоўнае яркае свята. Вялікі дзякуй хачу выказаць бацькам хлопчыкаў-канкурсантаў. Пасля працоўнага дня яны бралі сваіх дзяцей, таксама стомленых пасля заняткаў у школе, і прыходзілі на рэпетыцыі ў Цэнтр культуры. Яны не  толькі ахвяравалі сваім часам, прыклалі свае сілы, але і выдзелілі сродкі на пашыў выдатных касцюмаў. Без такога актыўнага і зацікаўленага ўдзелу бацькоў мы б нічога не змаглі зрабіць. Нізкі паклон ім! І як важна адчуваць, што ў нашым грамадстве такія здаровыя маладыя сем’і, з прыгожымі інтарэсамі. Вялікую ўдзячнасць хачу выказаць настаўнікам пачатковых класаў. У свой выхадны дзень яны арганізавалі дзяцей і прыйшлі на конкурс. Такія актыўныя шумныя групы падтрымкі дапамаглі канкурсантам пераадолець хваляванне, адчуць сябе абароненымі. Сваю добрую справу зрабіла дырэктар раённага Цэнтра культуры Ала Сушч. Яна прыклала старанні, каб заручыцца падтрымкай спонсараў. У выніку дзеці атрымалі выдатныя падарункі: пераможца конкурсу – веласіпед, удзельнікі – відэа-акустычную сістэму  МP-4, МP-3 прайгравальнік, навушнікі да камп’ютара, энцыклапедыі для пачатковай школы, калейдаскопы, кіндэрсюрпрызы, наборы канструктара «Лего». Вялікі дзякуй  дабрачынцам – генеральнаму дырэктару СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрыю Звыцэвічу, індывідуальным прадпрымальнікам Аляксандру Латушку, Сяргею Пяткевічу, Вячаславу Трацяку, Баіру Санжыеву. Адміністрацыя Мінскага цырка падарыла ўсім удзельнікам конкурсу білеты на дзве персоны  ў віп-ложу на цыркавое прадстаўленне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА

 

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>