Вяршыні пакараюцца актыўным

Васьмікласніцу са Стоўбцаў Яну Гамза ўбачыла па тэлебачанні ўся рэспубліка. Як мы раней паведамлялі, напярэдадні Дня Канстытуцыі праходзіць Усебеларуская акцыя з сімвалічнай назвай «Мы – грамадзяне Беларусі». Юным грамадзянам урачыста ўручаюць асноўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А тых, хто вызначыўся ў грамадскай рабоце, у спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах, запрасілі для ўручэння пашпарта на самы высокі, рэспубліканскі, узровень – з удзелам кіраўніцтваў Адміністрацыі Прэзідэнта, ЦК ГА «БРСМ». Сярод такой моладзі была і Яна Гамза, якая мае дыпломы лаўрэата ў жывапісе і харэаграфіі. У яе мы распыталі аб атрыманых уражаннях.

– Яна, шмат хто віншаваў цябе, як вярнулася дамоў?

– Віншаванні былі ў школе ад настаўнікаў, аднакласнікаў і – ад самой дырэктара школы. Усе казалі, што бачылі мяне па тэлевізары. Пазналі адразу. Была я ў той жа сукенцы, што і на першавераснёўскай школьнай лінейцы. Мама дапамагла мне сабрацца. Крыху хвалявалася… А дома віншавалі бацькі, пяцігадовая сястрычка распытвала што і як…   

– Ты вучышся ў школе № 2 г. Стоўбцы, і на гэтым урачыстым мерапрыемстве прадстаўляла Стаўбцоўшчыну. Сабралася вялікая маладзёжная дэлегацыя?

– У дэлегацыю ўваходзілі 27  чалавек – вучні з розных рэгіёнаў рэспублікі. Са Стаўбцоўшчыны я была адна. Зразумела, для мяне такое вылучэнне – прыемная нечаканасць і, адначасова, вялікі гонар, адказнасць. Кожнаму з нас пашпарт уручаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў падараваў кнігу «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь», а таксама сімвал вясны –  кветку… Была святочная атмасфера. Яна, як усё новае, выклікала цікавасць. Запомніліся пажаданні: заўсёды трэба імкнуцца да дасягненняў, да праслаўлення сваёй Радзімы, помніць не толькі пра правы, а і пра выкананне абавязкаў…

– У чым для цябе незвычайнасць гэтай падзеі?

– Напэўна, незвычайнасць была ў вялікай колькасці тэлекамер. Пасля ўрачыстасці (адбывалася яна ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці) для нас ладзілася экскурсія па музеі. Новы сучасны музей, дзе адлюстравана стварэнне нашай дзяржавы, яе развіццё ў розных галінах народнай гаспадаркі, культуры, спорту, нас уразіў.

– Дарослыя настройваюць вас, таленавітую моладзь рэспублікі, на вялікія дасягненні, высокія палёты. А якія ты сама ставіш перад сабой вяршыні?

– Буду імкнуцца да залатога медаля. Вучоба ў мяне ідзе добра. Сярэдні бал – 9,6. Бяру ўдзел у раённых алімпіядах па рускай мове і літаратуры. Вучуся ў восьмым класе, але паспрабавала выступіць на раённай алімпіядзе па гэтых прадметах за дзявяты клас. Заняла трэцяе месца і па колькасці набраных балаў прайшла на абласны этап алімпіяды. Нядрэнна выступіла і там, але расцэньваю сваё выступленне больш як трэніроўку, якая паказала, над чым і як трэба працаваць далей. Работы наперадзе шмат.

– А мара ў цябе ёсць?

– Мара ёсць – выдатна вучыцца, атрымаць пасля заканчэння школы залаты медаль і паступіць туды, куды захочацца.    

Поспехаў табе! 

Пасля такой размовы не пакідае думка: ёсць сярод нас разумная, ужо фактычна падрыхтаваная да жыцця, з ясным усведамленнем свайго месца ў гэтым жыцці моладзь! Яе не палохае цяжкая праца і тыя складанасці, якія могуць узнікнуць на шляху. Яна настроена іх пераадольваць, перамагаць. Міжволі радуешся яе поспехам і марам, мэтанакіраванасці і жаданню шукаць сябе і рухацца наперад. Прыйдзе час, калі гэтыя мары абавязкова спраўдзяцца.       

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>