Крок да лідарства, матывацыя да працоўнай дзейнасці

 Насычанае жыццё не толькі ў членаў БРСМ-школьнікаў, а і ў тых, якія працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Прадстаўнікі раённай арганізацыі БРСМ – бухгалтар ААТ «Рочавічы» Уладзімір Рапецкі і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская – прынялі ўдзел у адукацыйным праекце «Крочым да лідарства», арганізаваным пад эгідай абласнога камітэта БРСМ.    

Праект служыць рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, фарміраванню і падрыхтоўцы кіруючых работнікаў грамадскага аб’яднання «БРСМ». Пляцоўкай для яго ўвасаблення была выбрана абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна, куды з’ехаўся маладзёжны актыў усёй Мінскай вобласці. Для перспектыўных маладых лідараў былі арганізаваны трэнінгі па фарміраванні навыкаў эфектыўнай самапрэзентацыі, аратарскага майстэрства. Правялі іх выкладчыкі кафедры псіхалогіі і кіравання ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі». Трэнінгі былі насычаны цікавымі прыкладамі і сітуацыямі.

– Я яшчэ раз пераканалася, як неабходны падобныя мерапрыемствы ў нефармальнай абстаноўцы, – расказвае Анастасія Калодзінская. – Добразычлівая атмасфера праекта дазволіла нам здружыцца, па-іншаму паглядзець адзін на аднаго.     

Сваімі ўражаннямі ад адукацыйнага праекта падзяліўся і Уладзімір Рапецкі, член раённага савета маладых спецыялістаў, у мінулым годзе – адзін з дэлегатаў Стаўбцоўшчыны на рэспубліканскім форуме моладзі. «Удзельнічаць у адукацыйным праекце «Крочым да лідарства» – класная рэч. Мы разумеем, што можам быць карыснымі ў грамадскай рабоце не менш, чым у сваёй асноўнай дзейнасці», – упэўнены Уладзімір.

Удзельнікам праекта сустрэча запомніцца яшчэ цікавай экскурсіяй па залах музея Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ адно цікавае мерапрыемства – ІІ Рэспубліканскі форум актыву грамадскага аб’яднання «БРСМ» – было арганізавана Цэнтральным камітэтам гэтай арганізацыі. Асабліва запомнілася яно Іне Супрунюк і Сяргею Насечанку – маладым педагогам школы № 3 г. Стоўбцы.

Менавіта яны прадставілі моладзь Стаўбцоўшчыны. На форум сабраліся прадстаўнікі розных прафесій з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі, каб прыняць удзел у адкрытым дыялогу на тэму: «Каштоўнасці і важныя арыенціры працоўнай моладзі ў сучаснай Беларусі». Перш чым пачалася дыскусія з удзелам прадстаўнічых гасцей – першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэя Лабовіча, Героя Беларусі, доктара тэхнічных навук, заслужанага работніка прамысловасці Паўла Марыева, першага сакратара ЦК ГА «БРСМ» Андрэя Белякова, – дэлегаты наведалі розныя прадпрыемствы Мінска. Дэлегацыі Мінскай вобласці выпала пазнаёміцца з работай ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод», сустрэцца з яго кіраўніцтвам.

У працэсе абмеркавання праблем рабочай моладзі, матывацыі яе дзейнасці ўказвалася на функцыянаванне дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці на 2016–2020 гады. З боку мясцовых органаў улады для моладзі ва ўзросце да 21 года, для тых, хто ўпершыню шукае работу, прадугледжана браніраванне месцаў для працаўладкавання. Апошнім часам на рынку працы знізіўся попыт на рабочыя спецыяльнасці (з 60 да 47 працэнтаў), і гэта прымушае праводзіць адпаведную растлумачальную работу. Спецыялісты і моладзь абмяняліся думкамі па гэтай актуальнай тэме. Акрамя таго, з удзелам маладых працавалі розныя секцыі, прайшлі майстар-класы, накіраваныя на развіццё ў моладзі лідарскіх якасцяў.   

Для ўдзельнікаў форуму была падрыхтавана і змястоўная культурная праграма.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

НА ЗДЫМКУ: удзельнікі ІІ Рэспубліканскага форуму актыву грамадскага аб’яднання «БРСМ» Іна Супрунюк і Сяргей Насечанка.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>