Багацце Пракаповічаў – пяць дачушак

Filed under: Нумары,Сям'я |

Катэгорыя жанчын Стаўбцоўшчыны, якія за подзвіг нараджэння і выхавання дзяцей удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці, – у сакавіку бягучага года папоўнілася. Вольга Пракаповіч з аграгарадка Дзераўная стала 55-й, хто удастоены ў нашым раёне такой узнагароды.

Нам заўсёды вельмі прыемна наведваць шматдзетныя сем’і. Кожная з іх – асаблівая ў сваіх традыцыях, індывідуальнасці членаў сямейства. Стварэнні Божыя – дзеткі – непасрэдныя, адагрэешся душою побач з імі. Сям’я ж Пракаповічаў нечакана  парадавала такой акалічнасцю: усе пяцёра дзяцей у Канстанціна і Вольгі – дзяўчынкі. Пяць дачок! Якая маці не жадала б такога шчасця, што забяспечыць ёй па волі Божай дагледжаную старасць і бязмежны клопат.

На абарону свайго скарбу першы ўступіў Канстанцін:

–       Не трэба мне і сыноў, такія дзяўчынкі слаўныя, ні на кога іх не прамяняю, – для пацвярджэння гэтага трохгадовая Кацярынка і гадавалая Аленка абхапілі яго за шыю. Вось так, нам расказваюць, заўсёды, нікуды яму не дзецца ў доме ад іх абдымкаў. Тата ў іх – любімы-любімы. Канстанцін расцвітае ад шчасця і галубіць сваіх «верабейкаў».

Прыемна пачуць, што Канстанцін са шматдзетнай сям’і, дзе сямёра дзяцей  – у яго пяць сясцёр і брат. Родам ён з Пагарэлага. Бацька ўжо аўдавеў. У шчаслівага дзеда Генадзя Іпалітавіча 13 унукаў. Канстанцін успамінае сваё дзяцінства. У вёсцы ў сям’і простых калгаснікаў для дзяцей заўсёды знаходзілася работа. Некалі маці давалі самыя вялікія дзялкі цукровых і кармавых буракоў. Набягуць усе дзеці, разбяруць рады, расхапаюць, глядзіш – гектар ужо і ўпарадкаваны. Просіць брыгадзір яшчэ адну дзялку ўзяць. Канстанцін лічыць, што дзеці нічога не згубілі, шмат працуючы. Затое цяпер яго цяжкасцямі не напалохаеш, ён знойдзе магчымасць пракарміць сваю вялікую сям’ю:  і рамонт сваімі рукамі зробіць, і гаспадарку належна дагледзіць, і на падпрацоўку паедзе, каб лішні рубель у сям’ю прынесці.

З нашага раёна – з Хатавы – і Вольга. Маці яе ўжо засталася адна. На бацькоўскай сядзібе Канстанцін і Вольга садзяць і даглядаюць агарод, разам з маці трымаюць гаспадарку, так што сям’я мае свае харчы. Канстанцін працуе ў рыбгасе ў Хатаве. Па дарозе з работы заязджае ўправіцца з гаспадаркай. Купіў матацыкл – ён больш эканомны. Машына застаецца дома. Вольга можа скарыстаць яе, каб падвезці дзяцей у школу ці забраць адтуль. Тры старэйшыя дачкі наведваюць не толькі агульнаадукацыйную, але і школы мастацтваў і спартыўную. Старэйшая Аксана сур’ёзна займаецца валейболам, часта ездзіць на спаборніцтвы. Яна яшчэ і баяністка. Блізняты Таццяна і Анастасія займаюцца на тэатральным аддзяленні, ёсць у сям’і і гітарыстка, і майстар па бісерапляценні, і артысты – некалькі аддзяленняў школы мастацтваў аблюбавалі дзеці Пракаповічаў.

Вольга таксама расказвае нам пра сваю сям’ю. У яе ёсць сястра Наталля, жыве ў Гарадзеі, на свята Вялікадня менавіта да яе ўсе з’ехаліся разгавецца і парадавацца Святому дню. У Наталлі двое сыноў.

–       Ёй усе гавораць, што трэба яшчэ дачушку, – з усмешкай апавядае Вольга, – а нам кажуць: а вам – сыночка яшчэ трэба. Ажывае дом маёй мамы, як з’язджаюцца сямёра ўнукаў. Мы ім і арэлі парабілі, і басейны вадою наліваем. Яны і на веласіпедах па двары катаюцца, і за курамі бегаюць, і кветкі паліваюць. Шумна, радасна, шчасліва бавяць час.

Канстанцін і Вольга прыемныя ў размове, простыя, шчырыя, даверлівыя, і нам здаецца, што мы іх даўно-даўно ведаем. Яны прызнаюцца, што перад нашым тэлефанаваннем распачалі рамонт на кухні, параскідалі ўсё, а тут людзі чужыя едуць. За поўнач ужо было, пакуль прыбраліся, спешна заканчвалі распачатае. Аднак паспелі ўсё прыбраць да нашага прыезду, а Вольга яшчэ і дамашні пірог спякла. Канстанцін гаворыць, што ў выпечцы яна майстрыха здатная, муку мяхамі купляюць.

Нам прыемна слухаць і аб тым, што вялікая сям’я шмат падарожнічае. Селі ў машыну – і паехалі ў Нясвіжскі парк, у Хатынь, на атракцыёны ў Мінск. На «опт» заедуць, прысмакаў на месяц накупляюць. І вяртаецца вясёлы «табар» дамоў. Летам выхадныя праводзяць на Нёмане, на іншых вадаёмах. Дзеці вельмі любяць купацца. Такія падарожжы – сапраўднае свята для дзяцей, і для дарослых таксама.

Падтрымку дзяржавы шматдзетным сем’ям Пракаповічы адчуваюць у многіх ільготах: пры аплаце за харчаванне дзяцей у школьнай сталовай, пры атрыманні дадатковай адукацыі па эстэтычных дысцыплінах у школе мастацтваў, у магчымасці будаваць яшчэ адну кватэру ў Стоўбцах.  Трохпакаёвую кватэру ў Дзераўной у свой час яны купілі. Яна старая, дастаўляе ім нямала праблем, пастаянна даводзіцца нешта «латаць», рамантаваць. Аднак Пракаповічы не сумуюць – усё ў іх ідзе ладна ў сумесным жыцці, яны з задавальненнем разам працуюць, падтрымліваюць адно аднаго, разам праводзяць час.

Стаж сямейнага жыцця Вольгі і Канстанціна складае 13 гадоў, шлюб у іх венчаны.  Бацькі задаволеныя ўзаемаадносінамі паміж дзецьмі: старэйшыя – добрыя памочнікі, на іх можна пакінуць малых. Ды і суседзі ніколі не адмовяцца дапамагчы. Мы столькі жартоўных гісторый пачулі пра адносіны дзяўчатак і Веры Клімовіч, кватэра якой на адной пляцоўцы насупраць. Трохгадовая Каця дарасла ўжо да дзвярной ручкі. Стане на дыбачкі, адчыніць дзверы (нікога ўжо прасіць не трэба)  – і пайшла, яшчэ і Аленку з сабою за ручку возьме. На пытанне: «Ты куды?» – толькі і паспееш пачуць: «Да бабы Веры!» Тая іх сустракае як шаноўных гасцей. Чай – на стол. Цукеркі і пячэнне не зводзяцца для малых. Прывыклі яны да такога абыходжання, ужо і дома рассядуцца важна за сталом – гарбату падавай ім у прыгожым посудзе, стол накрывай. Радуюцца бацькі.  І мы, слухаючы, – разам з імі. Вось з такіх момантаў і складаецца ёмкае паняцце «шчасце», у гэтым і ёсць прыгажосць жыцця, глыбокі сэнс яго. Простая працаўніца, па спецыяльнасці прадавец, а па родзе заняткаў – санітарка Стаўбцоўскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых, які знаходзіцца ў Кулі, Вольга Пракаповіч нічога не згубіла, не дасягнуўшы кар’еры, вышынь у сацыяльным становішчы, яна мае самае вялікае багацце – шчаслівую сям’ю. І ў гэты скарб уклала многае – сваю працавітасць, цярпенне, самаахвярнасць, уменне стварыць цяпло, надзейнасць, утульнасць сямейнага ачага, стаць мужу памочніцай, ацаніць і дапамагчы яму развіць яго самыя лепшыя чалавечыя якасці. Няхай любоўю назаўсёды будзе сагрэта і асвечана сямейнае гняздзечка Пракаповічаў!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АМЕЛІЯ НАРАДЗІЛАСЯ «ЮБІЛЕЙНАЙ»

Напярэдадні Дня сям’і аддзел ЗАГС паведаміў пра знамянальную для нашага горада падзею: зроблена сотая рэгістрацыя нараджэння з пачатку 2016 года. 

Юбілейным нованароджаным, якому было выдадзена пасведчанне пад нумарам 100, стала Амелія Александровіч. Дзяўчынка з’явілася на свет 2-га мая, сёлета – акурат на другі дзень праваслаўнага Вялікадня. Амелія ў маладой сям’і Паўла і Вольгі Александровічаў стала не проста трэцім дзіцем, а, напэўна, доўгачаканай дачушкай-сонейкам (старэйшыя ў іх – сыночкі, татавы памочнікі). Тата іх – выратавальнік, служыць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях камандзірам аддзялення. Мама да выхаду ў дэкрэтны адпачынак працавала спецыялістам па кадрах Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Пасля папаўнення іх сям’я, якая пражывае ў новым шматпавярховым мікрараёне па вуліцы Міру, стала шматдзетнай.

– Кожная рэгістрацыя нараджэння ў сям’і – гэта вялікая падзея для Стоўбцаў, гораду Міру, – зазначае начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава. – Чым больш у нашых маладых сем’ях дзетак – тым больш шчаслівыя бацькі. Расце дзякуючы падтрымцы дзяржавы і іх дабрабыт. Паводле даных на 1 мая на Стаўбцоўшчыне ўсяго зарэгістравана 130 нараджэнняў, прычым 42 з іх – у сельскіх населеных пунктах раёна. 21 сям’я, як сям’я Александровічаў, стала шматдзетнай.     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>