Саграваючы любоўю

Filed under: Жаночы клуб,Нумары |

 З часу стварэння светумужчыне і жанчыне Богам былі вызначаны пэўныя ролі: мужчына павінен быць галавою, кармільцам і абаронцам сям’і, тады як жанчыне патрэбна быць маці, ахоўніцай ачага, памочніцай мужу. Адзін з першых законаў сямейнага жыцця гаворыць нам аб тым, што муж павінен «у поце твару свайго» здабываць хлеб надзённы (Быц. 3:19). Таксама нам дадзена і іншая запаведзь словамі апостала Паўла: «усякаму мужу галава Хрыстос, жонцы – муж» (1Кар. 11:3).

Апошнім часам вельмі часта сустракаецца негатыўнае ўспрыманне слова «абавязак». Модна стала гаварыць: «Я нікому нічога не абавязаны», ці «Што я, абавязаная?». Паспрабуем разабрацца.

У далёкім мінулым слова «абавязак» азначала «ўласцівасць». Па сутнасці, гэта адно і тое ж. Напрыклад, абавязак агню – гарэць, ён для гэтага і існуе. Абавязак мёду – быць салодкім, гэта яго ўласцівасць. Калі будзе салёным, то гэта ўжо не мёд. Паспрабуем замяніць «жанчына абавязана» на выраз «натуральныя ўласцівасці жанчыны». Тады сцвярджэнне, што жанчына павінна быць паслухмянай мужу, пяшчотнай, клапатлівай, гаварыць прыемным голасам, мы разумеем ужо па-іншаму. Мы разумеем, што жанчыне ўласціва быць абароненай мужам, жаноцкай, прымаць любоў, праяўляць клопат. Давайце не будзем баяцца слоў, патрэбна баяцца абманлівай «свабоды» ад сваіх натуральных якасцяў.

Мужчыны па сваёй прыродзе жадаюць розных дасягненняў, напрыклад, – майстэрства ў прафесіі, высокага даходу, кар’еры. Яны арыентаваныя на знешні свет. Для гэтага яны адораны рашучасцю, смеласцю, актыўнасцю. Цяжкасці іх загартоўваюць. Да слова сказаць, такія ж цяжкасці ў падобных сітуацыях жанчыну разбураюць. Дасягненням па-за домам ва ўмовах канкурэнцыі, хуткага рытму жыцця садзейнічае пастаянны стрэс. Жаданне быць актыўнай і дзелавой знішчае яе гарманальны фон. У выніку яна становіцца напружанай, у яе з’яўляюцца хранічныя дэпрэсіі. Мужчыне жыццёвы тонус і ўмераны стрэс неабходныя. Не дабіраючы адрэналіну ў паўсядзённым жыцці, ён можа кампенсаваць неабходныя адчуванні паляваннем, спортам, хуткай яздой. Для рэалізацыі сябе мужчынам неабходна свабода думак і дзеянняў, для гэтага яны надзелены добрай здольнасцю прымаць рашэнні ў экстрэмальных сітуацыях. Жанчына, якая добра разбіраецца ў мужчынскай прыродзе, не будзе знішчаць смагу свабоды ў мужчыне. Камусьці патрэбна з’ездзіць на рыбалку, камусьці – у лазню, хтосьці просіць не наводзіць парадак «па-жаночы» ў яго майстэрні ці на рабочым стале. Калі ж яна ўпарта настойвае на прыняцці рашэнняў і жадае ўсё кантраляваць, то яе арганізм хутка пачне намякаць нейкімі «жаночымі» праблемамі. Клапатлівая жонка таксама заўсёды знойдзе магчымасць «пакарміць» свайго мужа самым «галоўным» вітамінам – сваім шчырым захапленнем. Бо ён мае патрэбу ў прызнанні. Прызнанне заслуг і яго лепшых праяўленняў – гэта доказ каштоўнасці мужчыны, як галавы дома, мужа, бацькі. Ён надзелены здольнасцю браць на сябе адказнасць за сваю сям’ю. Гэта яго абавязак – быць гаспадаром. А яна натхняе мужчыну, праяўляе клопат пра дамашніх, стварае атмасферу шчасця, любові і цяпла. Ад жанчыны залежыць, якім стане іх сямейнае гняздзечка. З усіх жанчын найбольш правільна паступае тая, якая ўсвядомлена ідзе жаночым шляхам, згодна з першачарговай задумай Божай. Яна аддае ўсе сілы мужу і сям’і. Яна ўкладвае ў дзяцей сваю душу, імкнучыся вырасціць з іх дастойных людзей.

Жанчына – гэта ачаг, якому неабходны агонь. Чым больш мужчына клапоціцца аб ёй, тым прасцей ёй стварыць гармонію ў адносінах. Гэта яго абавязак – даць жанчыне адчуць любоў і абароненасць. Яна хоча шчасця, якое магчыма толькі пры ўмове, што атрымае ад мужчыны блізкасць, удзячнасць і бяспеку. Блізкасць – гэта адчуваць, што любімы мужчына побач. Даследаванні пацвярджаюць, што нават немаўляты, якіх часта бяруць на рукі, абдымаюць, цалуюць, развіваюцца хутчэй. Чэпмен Гэры ў сваёй кнізе «Пяць языкоў любові» расказвае, што мы не адчуваем блізкасці з-за спосабаў яе праяўлення. Любоў можна выказваць дапамогаю, часам, падарункамі, словамі заахвочвання і дотыкам.

На інтэлектуальным узроўні жанчына адчувае блізкасць, калі мужчына ёй што-небудзь расказвае: як прайшоў дзень, якія навіны на рабоце, каб яна адчувала, што ёй давяраюць, цэняць. Жанчыне вельмі важная гэтая эмацыянальная блізкасць. Яе эмоцыі знаходзяць прытулак, калі мужчына слухае яе. Мужчыне важна даць жанчыне спакой, рэагуючы на яе эмоцыі з разуменнем. Жанчыне, аднак, важна ведаць, што пры сустрэчы не варта накідвацца на мужчыну з распытваннямі і размовамі першыя 15 мінут.

Удзячнасць – гэта разумець, што жанчыну цэняць. Ёй важна чуць, што яна выдатная жонка, клапатлівая маці, добрая гаспадыня. Ад ласкавых слоў і прызнанняў яе годнасці жанчына становіцца мяккай, пяшчотнай. Варта адзначыць, што, жадаючы падзякаваць, мужчына рэдка ўгадвае з сюрпрызамі і падарункамі, таму, каб пазбегнуць расчараванняў, лепш спытаць у яе аб гэтым прама.

Бяспека – гэта адчуваць, што будучыня – светлая. Жанчына, якая знаходзіцца ў стане пастаяннай трывогі і стомленасці, гэтага адчуваць не можа. Яна, як перасохлая студня, не можа спатоліць смагу мужа, дзяцей, бацькоў, якія маюць патрэбу ў ёй. Такая сітуацыя характэрная для жанчын, якія не ўмеюць прасіць і прымаць яе. Калі ў дзяўчынкі былі строгія бацькі, якія не дазвалялі ёй свабодна выказваць свае жаданні, напрыклад, хацець большага, у будучым могуць быць дзве трагедыі. Першая: яна будзе выказваць свае жаданні ўскосна, будзе гаварыць намёкамі, а не прама. З’яўляюцца прэтэнзіі, рытарычныя пытанні накшталт: «Як ты мог так паступіць?» – замест таго, каб сказаць: «Мне так сумна было без цябе, патэлефануй наступны раз, калі будзеш затрымлівацца», – ці: «Чаму ты так кожны раз са мною паступаеш?» Аказваецца, яна проста хацела сказаць, што ёй не хапае яго ўвагі, любові і пяшчоты. Другая трагедыя, калі дзяўчынка не можа адкрыта выказваць свае жаданні, не будучы прысаромленай ці не выслухаўшы папрокі, – яна баіцца прасіць наогул! І тады яна гаворыць: «Я не магу ісці за кожнай дробяззю да свайго мужа». Бяспека – гэта і адсутнасць моцных трывог на тэму фінансаў і вернасці. Разумны, клапатлівы мужчына заўсёды ведае, як супакоіць сваю жанчыну, сагрэць яе любоўю. Ён бясконца будзе гаварыць з ёю на тры самыя важныя тэмы: якая яна прыгожая, і як ён яе кахае, што зробіць для яе ў сучасны момант і што плануе зрабіць у будучым.

 

ВЯСЕЛЬНЫЯ ЮБІЛЕІ

Самая знамянальная падзея ў жыцці – стварэнне сям’і. Дзень шлюбу ў народзе яшчэ называюць Зялёным (Сапраўдным) вяселлем. А потым – год за годам, і радасна адзначаць вясельныя юбілеі. Прайшло пяць гадоў – Драўлянае вяселле, 10 гадоў – Ружовае вяселле, 15 гадоў – Шкляное вяселле, 20 гадоў – Фарфоравае вяселле.

Чвэрць стагоддзя сумеснага жыцця – нагода для многіх сабрацца разам з дзецьмі, а магчыма і ўнукамі, і адгуляць Сярэбранае вяселле. Наступны рубеж – 30 гадоў разам – Жамчужнае вяселле, 35 гадоў – Палатнянае (Ільняное) вяселле, 40 гадоў – Рубінавае вяселле.

Шчаслівы момант – Залатое вяселле, 50 гадоў разам і ў радасці, і ў трывозе. Менавіта залаты юбілей у жыцці сямейнай пары лічыцца галоўным у беларускай народнай культуры. Ёсць шмат традыцый святкавання. Скажам, залатыя юбіляры перадаюць свае заручальныя пярсцёнкі новастворанай пары (унукам ці праўнукам) як сімвал даўгавечнасці згоды, узаемаразумення. У сваю чаргу маладая купляе новыя пярсцёнкі і даруе іх бабулі і дзядулю.

Жывіце ў здароўі і шчасці! Надыходзіць 60 гадоў сумеснага жыцця – Дыяментавае вяселле, 65 гадоў – Жалезнае вяселле, 70 гадоў – Дабрадатнае вяселле, 75 гадоў – Кароннае вяселле.

Вечнага кахання!

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>