Добра граеш, хвацка граеш і вялікі талент маеш!

У квецені і свежасці мая на Стаўбцоўшчыне праходзіць фестываль-конкурс «Сымон-музыка». У гэтым годзе ён адбыўся 25-ты раз і сабраў на радзіме песняра беларускай зямлі Якуба Коласа юных музыкантаў не толькі з Мінскай вобласці, але і з усёй Беларусі і нават з Расіі. З цымбаламі, скрыпкамі, баянамі, балалайкамі і іншымі музычнымі інструментамі  яны сцякаліся ў Стоўбцы. Прыбылі 180 салістаў і 66 дзіцячых ансамбляў.

Арганізатарамі адкрытага абласнога фестывалю-конкурсу «Сымон-музыка» выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, такая ж структура Стаўбцоўскага райвыканкама і Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў.

На гэтыя два дні конкурсу пакінулі свае неадкладныя справы прафесары музыкі, вядомыя дзеячы мастацтваў Беларусі, выкладчыкі музычных каледжаў, каб прыехаць на фестываль, стаць членамі журы. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча Аляксандр Крамко ў свой час закончыў Стаўбцоўскую дзіцячую школу мастацтваў. Разам з маэстра на фестываль прыбыў ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча з канцэртам, што стала сапраўдным святам для ўдзельнікаў конкурсу і ўсіх гледачоў, а таксама своеасаблівым майстар-класам для юных музыкаў. Яны мелі магчымасць паслухаць, якія цуды могуць тварыць музычныя інструменты рукамі і сэрцамі прафесійных музыкантаў.

Конкурс даў магчымасць  паказаць сваё майстэрства вучням дзіцячых школ мастацтваў, іншых устаноў адукацыі з музычным ухілам, клубных устаноў, як салістам, так і інструментальным калектывам і ансамблям. «Прывітальнай фантазіяй» Аляксандра Крамко адкрыў конкурс народны ансамбль народных інструментаў выкладчыкаў Стаўцоўскай дзіцячай школы мастацтваў «Кругліца» пад кіраўніцтвам Генадзя Несялоўскага. Яшчэ раз паслухаць сапраўдную музыку ў выдатнейшым выкананні гэтага калектыву з 50-гадовай гісторыяй удзельнікі конкурсу маглі ў першы дзень фестывалю, як і канцэрт народнага вакальнага ансамбля  «Берагіня» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Тамары Барэхавай.

У розных узроставых групах конкурс праходзіў у наступных намінацыях: народныя інструменты, струнна-смычковыя інструменты і інструментальныя калектывы і ансамблі. Сцэнічныя пляцоўкі для юных талентаў прадаставілі раённы Цэнтр культуры, дзіцячая школа мастацтваў, Старасвержанскі цэнтр культуры і новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Конкурс выдатна справіўся са сваёй задачай – выяўленнем таленавітых выканаўцаў, развіццём іх здольнасцяў і папулярызацыяй беларускай інструментальнай музыкі. У конкурсных праграмах гучалі творы беларускіх кампазітараў і апрацоўкі беларускай народнай песні і танца.

На тое ён і конкурс, каб аб’явіць пераможцаў. Дыпломы атрымалі лаўрэаты і дыпламанты трох ступеняў. Аднак усіх юных музыкантаў з поўным правам можна назваць пераможцамі, як з любоўю і клопатам сказаў аб гэтым у сваім уступным слове старшыня журы – прафесар музыкі, загадчык кафедры баяна і акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» Мірон Була. Прыехаць на такі салідны музычны форум, падрыхтаваць складаную конкурсную праграму і бездакорна яе выканаць – гэта ўжо перамога.

А гран-пры дастаўся ўзорнаму аркестру народных інструментаў Смалявіцкай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Марыяны Кіслых і баяністу Стаўбцоўскай школы мастацтваў Дзмітрыю Хвалею, з якім працуе Сяргей Крамко.

Дыпломам І ступені ўзнагароджана баяністка Ганна Абрамовіч (выкладчык Л. С. Крамко), дыпломам ІІ ступені – Паліна Міткевіч, дыпломам ІІІ ступені – Лявон Несялоўскі, з імі працуе выкладчык Г. У. Несялоўскі. Дыплом ІІІ ступені прысуджаны камернаму баяннаму аркестру пад кіраўніцтвам Г. У. Несялоўскага. Цымбалістка Ганна Сапожнікава атрымала дыплом ІІІ ступені (выкладчык А. Г. Лубчонак, канцэртмайстар Л. М. Новікава). Яшчэ адна цымбалістка  – Анастасія Доўнар – атрымала дыплом такой жа вартасці. Яе радасць падзялілі выкладчык А. В. Бар’ясь і канцэртмайстар Н. П. Сінягуб. Канстанцін Волчанка выдатна выканаў конкурсную праграму на балалайцы і атрымаў дыплом ІІІ ступені (выкладчык І. Г. Пугач, канцэртмайстар І. І. Тукач). Скрыпачка Сабрына Пракаповіч чарговы раз пацвердзіла сваё высокае выканальніцкае майстэрства і ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені (выкладчык А. М. Імамутдзінава, канцэртмайстар Л. М. Новікава). Ансамбль скрыпачоў пад кіраўніцтвам Т. Л. Кот  і А. М. Імамутдзінавай узнагародджаны дыпломам ІІІ ступені (канцэртмайстар У. Ф. Бандаровіч). Усе – вучні Стаўбцоўскай школы мастацтваў.            

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>