Музыка гучыць для вас

У Міжнародны дзень абароны дзяцей – 1 чэрвеня – настаўнікі і вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў падарылі стаўбчанам выдатнае свята. Пасля працоўнага дня, вечарам, на танцпляцоўцы «Вербачка» яны далі дабрачынны канцэрт. На сцэне выступілі пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў усіх аддзяленняў школы мастацтваў. Былі выдатныя нумары ў выкананні педагогаў, як «Картинки Кубы», сыграныя на цымбалах Аленай Лубчонак. Напрыканцы навучальнага года канцэрт стаў своеасаблівай справаздачай перад бацькамі, усімі гледачамі. Ён паказаў, чаго дасягнулі дзеці, сумяшчаючы вучобу ў агульнаадукацыйнай школе і ў школе мастацтваў. Гэта вялікая праца, якая патрабавала не толькі авалодання навыкамі і ведамі, але і ўмення спланаваць свой такі каштоўны час, каб усюды паспець.

–       Конкурсы, фестывалі, алімпіяды – неад’емная частка жыцця школы мастацтваў, – мы размаўляем з дырэктарам гэтай навучальнай установы Дзмітрыем Слесарчыкам. –  Школе ёсць чым ганарыцца. Геаграфія перамог вучняў нашай установы выходзіць далёка за межы не толькі нашага раёна, але і нашай краіны. Конкурсныя выступленні ацэньвалі знакамітыя музыканты-прафесіяналы, таму іх дыпломы дарагога каштуюць. Аб кожным лаўрэаце можна расказваць шмат і ў найвышэйшай ступені. Самаадданая праца і вернасць высокаму мастацтву характарызуюць і нашых педагогаў. Мы выказваем вялікую ўдзячнасць настаўнікам і вучням за іх дасягненні. Школа мастацтваў – у ліку яркіх культурных цэнтраў нашага раёна, дзе адпрацавана эфектыўная сістэма эстэтычнага выхавання моладзі. Больш за 2000 чалавек атрымалі ў нашай школе музычную і іншую мастацкую адукацыю. У гэтым годзе на розных аддзяленнях займалася больш за 700 таленавітых дзяцей. Дзверы школы гасцінна адкрыты для ўсіх, хто хоча акунуцца ў цудоўны свет мастацтва. Чакаем новых вучняў у нашы аддзяленні. Уступныя экзамены прайшлі ў маі, аднак, хто не паспеў, яшчэ не позна запісацца ў школу мастацтваў. З 29 жніўня па 5 верасня будзе праведзены дадатковы набор вучняў ва ўсе 10 аддзяленняў.

Утульным цёплым вечарам першага дня лета перад гледачамі на вуліцы выступілі салісты аддзяленняў народных і духавых інструментаў, фартэпіяннага аддзялення, харэаграфічнага, тэатральнага, а таксама мастацкія калектывы, у тым ліку са званнямі «народны» і «ўзорны». Вельмі прыемна было назіраць за рэакцыяй бацькоў, чые дзеці саліравалі на сцэне. Іх здзівіла майстэрства ігры на музычных інструментах, якога дасягнулі дзеці. Для бацькоў гэты канцэрт быў сапраўдным падарункам, уцехай, узнагароджаннем за сумесныя клопаты і працу.

Добрую традыцыю вечароў адпачынку пад адкрытым небам, безумоўна, патрэбна працягваць –  гэта думка многіх стаўбчан. Такому настрою і гармоніі павінен адпавядаць і выгляд танцпляцоўкі з чароўнай назвай «Вербачка», дзе даўно напрошваецца неадкладны рамонт сцэны, лавачак, ёсць там і яшчэ да чаго прыкласці рукі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>