22 чэрвеня – 75 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Усё далей і далей адыходзяць дні Вялікай Айчыннай вайны. І ўсё цяжэй становіцца атрымаць жывыя ўспаміны ветэранаў аб гэтым часе, так як і яны пакідаюць нас. Таму неацэнную каштоўнасць маюць музейныя экспазіцыі. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне з’яўляецца буйнейшым сховішчам рэліквій гэтага часу.

Як расказвае загадчыца Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій Леаніда Высоцкая, кожная школа раёна хоць бы раз ды заказала ўжо экскурсію ў музей. Паездкі паўтараюцца для новых пакаленняў вучняў. У апошні час актывізавалася работа прафсаюзных арганізацый прадпрыемстваў па заказе такіх экскурсій для дарослых. Паслугамі мясцовага турыстычнага бюро скарысталася і наша рэдакцыя, наведаўшы дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ён быў заснаваны яшчэ ў гады вайны і адкрыты ў лістападзе 1944 года. Інтарэс да яго ў апошні час выкліканы тым, што музей рэканструяваны і адкрыты на праспекце Пераможцаў. Ён уяўляе сабою цэлы комплекс у парку з фантанамі, алеямі. Сам музей аб’ядноўвае дзесяць тэматычных залаў. Тут папрацавалі манументалісты, скульптары, мастакі, выканана арыгінальнае архітэктурнае кампазіцыйнае рашэнне залаў. Прайсці дарогаю вайны працягласцю ў чатыры гады, пранікнуцца атмасферай таго страшнага часу дапамагаюць відэасюжэты, сапраўдная ваенная тэхніка і іншыя экспанаты ваеннага часу, вобразная падача інфармацыі праз сцэнічныя кампазіцыі, заснаваныя на рэальных падзеях, электронныя кнігі памяці. Адзінае цэлае ваенных падзей ствараюць прасторавыя кампазіцыі з розных элементаў. У арганізацыі музейнага начыння выкарыстаны аўдыёвізуальныя сродкі  і іншыя самыя сучасныя тэхналогіі.  Наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны імкнуцца не толькі нашы суайчыннікі, але і замежныя госці, што можна было назіраць і ў час нашай экскурсіі. Было некалькі груп замежных турыстаў.

Пакуты людзей, якім давялося перанесці жахі вайны, перажываюцца кожным наведвальнікам ля экспазіцый, якія расказваюць аб цяжкіх баях, аб лёсавызначальных ваенных аперацыях, аб знішчаных беларускіх вёсках, канцэнтрацыйных лагерах на беларускай зямлі. Перамога над ворагам была дасягнута цаною вялікіх ахвяр і беззваротных страт нашага народа. Фашысцкія захопнікі пакінулі пасля сябе жудасны крывавы след, беды, слёзы і небывалае разбурэнне. Гэта быў спланаваны, загадзя распрацаваны і мэтанакіраваны план генацыду. Сціскаецца сэрца ад экспанатаў, якія нагадваюць, як кідалі жывымі ў калодзежы маленькіх беларускіх дзяцей. Злачынствы акупантаў былі страшныя па сваёй масавасці і жорсткасці. Фашызм – гэта жудасная, сатанінская з’ява. На захопленай тэрыторыі нацысты грэбавалі ўсімі міжнароднымі прававымі нормамі.

Лёс Хатыні, спаленай разам з усімі жыхарамі, зведалі яшчэ 618 беларускіх вёсак. А наогул часткова ці поўнасцю ў гады вайны былі знішчаны 5454 вёскі. Адна з залаў музея апавядае пра аднаўленне разбуранай ў гады вайны народнай гаспадаркі, аб адраджэнні Мінска, які быў увесь у руінах.

Прайшоўшы музейнымі дарогамі вайны, з радасцю наведваеш мемарыяльную залу Перамогі і аказваешся ў эпіцэнтры святочнай падзеі. Лейтматывам усёй экспазіцыі з’яўляюцца словы: «Подзвігу народа жыць у вяках!» Кампазіцыйна зала пабудавана так, што прысутнічае пастаяннае адчуванне салюта Перамогі, асабліва эфектна гэта глядзіцца ў вячэрні час. Золатам напісаны назвы чатырох франтоў, якія вызвалялі Беларусь. Асобны стэнд прысвечаны Героям Савецкага Саюза, поўным кавалерам усіх ордэнаў Славы. Зала светлая, у колерах міру, дабра і радасці. З гэтым пазітывам турысты пакідаюць будынак музея. Хочацца думаць, што кожны пранікаецца пачуццём асабістай адказнасці за мірнае неба над нашай планетай.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

ГАРАЧЫ ЧЭРВЕНЬ1941 ГОДА

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Стаўбцоўскі раён у ліку першых прыняў удары нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На яго тэрыторыі адбыліся жорскія сутычкі з акупантамі.

Як успамінае Мікалай Данілавіч Данілаў, былы камандзір аддзялення 33-га зенітна-артылерыйскага дывізіёна 36-й кавалерыйскай дывізіі, воінскае падраздзяленне, у якім ён тады служыў пад камандаваннем капітана Сінягоўскага, 27 чэрвеня прыняло бой на заходняй ускраіне чыгуначнай станцыі Стоўбцы. Зенітная батарэя, якую ўзначальваў лейтэнант Трацэнка, заняла агнявую пазіцыю недалёка ад чыгуначнага палатна. Байцы батарэі ўжо мелі пэўны поспех у баявых дзеяннях, напярэдадні яны збілі тры варожыя самалёты побач са Стоўбцамі.

Аднак на гэты раз ім патрэбна было супрацьстаяць нямецкім танкам і мотапяхоце. Нягледзячы на магутны наступ ворага, чырвонаармейцы змагаліся мужна. Гітлераўцы, накіраваўшы на батарэю шквал артылерыйскага і мінамётнага агню, імкнуліся развіць свой поспех. Аднак не сціхалі і гарматы абаронцаў горада. Запалалі нямецкія танкі, але вораг упарта працягваў наступаць. Гітлераўцам удалося вывесці са строю адну гармату, а тут яшчэ на батарэі скончыліся снарады. Камандзір узвода лейтэнант Дзенісенка разам з байцамі накіраваліся за снарадамі, якія знаходзіліся ва ўкрыцці за 100-150 м ад пазіцыі батарэі. Не ўсім давялося вярнуцца, загінуў Дзенісенка.

 Але сілы былі далёка не роўныя. Гінулі абаронцы, але агонь па ворагу не сціхаў. З апошніх сіл, ахвяруючы сваім жыццём, нашы воіны выконвалі пастаўленую задачу.

Аб гэтым няроўным баі паведамлялася ў газеце «Правда» ад 9 жніўня 1941 года: «Батарэя лейтэнаната Трацэнкі, якая дзейнічала на заходнім напрамку фронту, разграміла каля мястэчка N буйную калону танкаў. Першымі пачалі страляць па фашысцкіх машынах гарматы малодшых сержантаў  Такмакова і Савішчанкі. Ад залпаў іх гармат загарэлася некалькі танкаў. Варожая калона хацела развярнуцца, але знішчальны агонь нашых гармат расстроіў баявы парадак праціўніка. Немцы не вытрымалі агню савецкіх артылерыстаў, адступілі, пакінуўшы на полі бою 15 танкаў, якія падбілі артылерысты. Наступленне фашыстаў было сарвана».

Аляксандр ТУРКО

 

 

ЛЁС ЧАЛАВЕКА

Мой дзядуля Леанід Эдуардавіч Філіповіч у сёлетнім лютым адзначыў сваё 85-годдзе. Нарадзіўся ў Ніўным, у сям’і, дзе было 9 дзяцей. Займаліся земляробствам, трымалі гаспадарку, дзеці пасвілі жывёлу. У 1937 годзе ад тыфу памерлі бацькі.

Страшная навала для сірат – вайна. У жніўні 1943 года ў Ніўнае наляцелі карнікі. Вёску спалілі, а людзей вывезлі ў Германію. Леанід Эдуардавіч разам са старэйшым братам Янам трапілі ў паселішча, як ён запомніў, Тоісава. Да таго ж пана на працу трапілі і аднавяскоўцы з сем’ямі: Юзаф Гасюк з жонкай Марыяй і малодшай дачкой Лідзіяй, Вікенцій і Стэфанія Мішукі з чатырма дзецьмі. Пан адвёў канюшню пад лагер, дзе яны жылі непадалёку і працавалі. Пан у нашага дзядулі яшчэ трапіўся добры, ён не прымушаў цяжка працаваць малалетак. Леанід з аднагодкамі і маладзейшымі пасвіў авечак, цялят, збіраў садавіну, выконваў іншыя работы па гаспадарцы. У іншых паноў і малыя дзеці працавалі нароўні з дарослымі. Дзядуля ўспамінае: «Нас кармілі агульнай  «рускай» кухняй разам з палоннымі. Да гэтага часу памятаю пах паранай рэпы. Пан яшчэ даваў на тыдзень бохан хлеба. Я ўвесь час хацеў есці, нюхаў хлеб і жаваў яго павольна».

Каб не памерці з голаду, «выкручваліся», як маглі. Восенню пачыналі малаціць ячмень і жыта, тады жанчыны прыносілі ў кішэнях зярняты. Вікенцій Мішук здолеў зрабіць невялікі «млын». У муку дабаўлялі тавот (каб цеста не прыгарала) і пяклі падобныя на бліны «балэбушкі». Пяклі хлеб з канюшыны – кветкі збіралі, сушылі і дабаўлялі ў цеста, мукі ж не хапала. Дзядуля ўспамінае, як хлеб пах кветкамі.

У 1945 годзе дзядуля з братам вярнуўся на радзіму. Вёска была цалкам спалена, і ён зладзіў невялікі будынак, дзе і жылі. З 1950 года працаваў у калгасе. Праз некаторы час сустрэўся са старэйшай сястрой Леанідай. Жылі разам, трымалі гаспадарку. У 1952 годзе дзядуля пайшоў служыць у армію на тры з паловай гады. Успамінаў, як у той час думаў, чым будзе займацца далей. Навучыўся апрацоўваць драўніну, вырабляць вокны, дзверы. У роднай вёсцы адкрылі пілараму, дзе дзядуля пачаў працаваць. Маючы пэўныя навыкі, даволі хутка пабудаваў прасторную хату. У 1958 годзе ажаніўся з Софіяй Міхайлаўнай Самахвал. Праз год нарадзілася старэйшая дачка  Ганна, яшчэ праз год – сын Віктар. Праз 11 гадоў – сын Генадзій, мой бацька. Сям’я  трымала вялікую гаспадарку, шчыравалі на вытворчасці.

Мой дзядуля мае пасведчанне вязня вайны, адзначаны медалямі. Асабліва каштоўныя для яго падзякі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Дзядулю 85 гадоў, 77 гадоў бабулі, яны маюць шэсць унукаў і праўнучку. 8 чэрвеня адзначылі 58 гадоў сумеснага жыцця. Ад усіх родных сардэчна жадаем здароўя нашым дзядулі і бабулі. А таксама ўсім, хто цярпеў у страшныя часы ваеннага ліхалецця. Няхай жа ніколі жахі вайны не паўторацца.

Святлана ФІЛІПОВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>