Справа – з паўтарэннем у дзецях

Filed under: Нумары,Соцыум,Факты, падзеi, людзi |

 Прызнаюся, за многія гады журналісцкай працы мне заўсёды здавалася, што на супрацоўнікаў падатковых органаў прафесія накладвае свой адбітак, і больш як аб сухіх лічбах мне цяжка будзе з імі яшчэ аб чым гаварыць. І якім жа навучаннем Гасподнім стала для мяне сустрэча з намеснікам начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне, начальнікам аддзела кантролю за прадпрыемствамі Элай Вярэніч. Нагодай для нашай сустрэчы паслужыў яе жыццёвы юбілей. Мне раскрыўся цікавы чалавек – з хрысціянскай душой і праваслаўным светапоглядам, у вышэйшай ступені спецыяліст сваёй справы, нарэшце – жывы субяседнік, які мае на ўсё свой, вывераны інтэлектам і жыццёвай мудрасцю погляд.

Аднакурснікі Ілля і Эла Вярэнічы, выпускнікі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, па размеркаванні паехалі працаваць на радзіму, Іллі на Століншчыну. Выпускнікі факультэта эканомікі сельскай гаспадаркі ў поўнай меры маглі акунуцца ў сваю прафесію –  Ілля заняў месца галоўнага бухгалтара ў калгасе, а Эла магла паспрабаваць свае сілы на розных пасадах, дзе былі часовыя вакансіі, нават юрысконсультам. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Століншчына была прызнана зонай свабоднага адсялення, і маладая сям’я з двума маленькімі дзецьмі прыняла рашэнне падацца бліжэй да бацькоў Элы, якая родам з Карэліцкага раёна. На шляху да Гродзеншчыны трапіліся Стоўбцы, праязджалі калгас імя Пушкіна, дзе маладым спецыялістам прапанавалі не толькі работу, але і жыллё – трохпакаёвую кватэру. Эла Міхайлаўна не мела патрэбы ў працаўладкаванні, так як была ў адпачынку па доглядзе за малымі дзецьмі, а муж заняў пасаду галоўнага бухгалтара.

Пасля дэкрэтнага адпачынку для Элы Вярэніч у падатковай інспекцыі аказалася свабодная вакансія, падатковая служба толькі фарміравалася пасля аддзялення яе ад фінансавых органаў. Яна адразу ж атрымала пасаду старшага спецыяліста аддзела па кантролі за арганізацыямі. «Уедлівае» ўнікненне ў справу, сур’ёзнае павышэнне сваёй кваліфікацыі праз самаадукацыю, харызма інтэлігентнага і валявога чалавека, які нідзе не падвядзе падатковую службу, далі штуршок для хуткага кар’ернага росту. Элу Міхайлаўну назначаюць начальнікам аддзела кантролю за індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізічнымі асобамі, а праз сем гадоў – начальнікам аддзела, дзе яна пачынала працу, і намеснікам начальніка інспекцыі. Яе стаж работы ў падатковых органах складае 23 гады.

– Якія найбольш яркія ўражанні ад гэтай работы?

– Наша прафесія – самая старадаўняя, і самая няўдзячная: няпростая праца – забіраць у людзей грошы, кроўна імі заробленыя. Нядаўна прачытала анекдот у «Камсамолцы»: як патлумачыць дзецям, што такое падаткі? – А вы з’ешце 13 працэнтаў ад іх марожанага (гэта будзе падаходны падатак) і паглядзіце, якая будзе рэакцыя. Самае складанае, што мне давялося перажыць, заступіўшы на пасаду, – гэта незадавальненне, нават нянавісць да нас. Пры любым раскладзе мы павінны валодаць сабою, заставацца з усімі роўнымі, быць устойлівымі да ўсякіх праяўленняў подкупу, вытрымаць ціск на пачуцці, калі імітуюцца страты прытомнасці, праліваюцца слёзы, быць бездакорна граматнымі ў прымяненні заканадаўчых дакументаў, што патрабуе глыбокіх ведаў, сур’ёзнага вывучэння заканадаўства, якое  пастаянна мяняецца. Твая рэпутацыя складваецца з тваіх паводзін. Я ўспамінаю сваю першую праверку. Бухгалтар адной арганізацыі так плакала, прасіла, былі даналічаны буйныя сумы. Я прыйшла дамоў «ніякая». Сама перажывала не менш за яе. У нас гасціў мой тата. Ён сказаў: «Ты на сваім участку работы павінна быць аб’ектыўнай, і тады тваё сумленне будзе чыстым, на душы – спакойна». І вось так па жыцці і пайшло. Работа ставіла вельмі складаныя задачы ў розных накірунках, былі розныя службовыя абставіны. Столькі адпрацаваўшы, усё роўна не магу сказаць, што ведаю, як паступіць у кожнай новай сітуацыі. Яны бываюць самыя непрадказальныя, аж да арышту, да канфіскацыі матэрыяльных каштоўнасцяў, фінансавых сродкаў у вялікіх памерах. Гэта заўсёды значная нервовасць,  рэйдавыя мерапрыемствы, аперацыі па затрыманні злосных парушальнікаў падатковага заканадаўства адымаюць нямала сіл, даводзіцца адстойваць сваю пазіцыю нават у судзе. Мы нярэдка прыбягаем да дапамогі органаў міліцыі, і заўсёды атрымліваем іх падтрымку. Ставіцца задача, каб і работнікаў падатковых органаў забяспечыць формай, як гэта практыкуецца ў суседніх дзяржавах. Гэта адразу настройвае, што перад табою службовая асоба пры выкананні дзяржаўных задач. Заўсёды ёсць сумненні, перажыванні, што столькі пакрыўджаных, незадаволеных людзей застаецца пасля праверак.

Сваім душэўным станам я падзялілася са свяшчэннікам. Мне быў адказ, што гэта не грэх – сумленна выконваць сваю работу, нават калі яна заключаецца ў пакаранні людзей, калі гэта адбываецца строга па прадпісаннях закона. Грэх, калі ёсць перавышэнне сваіх паўнамоцтваў, калі парушэнняў няма, а іх імкнуцца прыдумаць. Ёсць і такія няпростыя моманты. Мы жывём у невялікім горадзе, адзін аднаго ведаем. Калі ідзе планавая комплексная праверка, мы працуем на прадпрыемстве па тры тыдні. Проста ўліваешся за гэты час у калектыў, ведаеш усе нюансы дзейнасці, тонкасці, зжываешся, становішся як бы членам калектыву. І потым паўторна вельмі цяжка прыйсці зноў, ведаючы, што ў цябе задача – выявіць недахопы, зрабіць даналічэнні. З кожным годам усё цяжэй становіцца працаваць з-за недахопу фінансавых сродкаў, нам даводзіцца выконваць як бы ролю падатковых агентаў, а не падатковых органаў. Каб грошы паступілі ў бюджэт своечасова і ў належных аб’ёмах, мы спісваем у кошт падаткаў даўгі іншых прадпрыемстваў за неаплочаныя матэрыялы, паслугі, каб прадпрыемства магло выканаць сваё падаткавае абавязацельства. Гэта вельмі карпатлівая работа.

– Наколькі зацікаўлена падатковая служба, каб бухгалтары на прадпрыемствах і ў арганізацыях былі максімальна падрыхтаваныя, не дапускалі парушэнняў?

–       Вельмі зацікаўлена. Як паказвае практыка, у большасці выпадкаў пры нарушэннях – ненаўмыснае скрыццё падаткаў, прычынай якога з’яўляецца недахоп патрэбных ведаў. Мы ставім задачу навучыць іх, з граматнымі плацельшчыкамі лягчэй працаваць, больш спакойны рэзананс пасля праверак, менш негатыву і злосці. Для гэтага кожны год  мы праводзім семінар з удзелам кампетэнтных работнікаў вышэйстаячых органаў, дзе тлумачацца змяненні ў заканадаўстве. Складзены графікі прыёмаў, арганізуюцца дні адкрытых дзвярэй. Мы ніколі не адмаўляем жадаючым атрымаць кансультацыю тады, калі ім зручна. Нават калі непрыёмны дзень ці тэрміновая падрыхтоўка справаздач, мы заўсёды адкладзём усе свае справы і дадзім падрабязнае тлумачэнне па ўсіх пытаннях. Актуальнай задачай застаецца пераход на электронную справаздачнасць. Калі прадпрыемствы павінны былі перайсці на такі від прадастаўлення дакументаў у заканадаўчым парадку, то з дробнымі прадпрыемствамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі пытанне застаецца адкрытым. Іх стрымлівае не толькі стэрэатып, што па старынцы прасцей прадаставіць папяровую дэкларацыю,  але і фінансавыя растраты. Праграмнае забеспячэнне – электронны ключ – патрэбна набыць. У нас на ўліку больш за 600 прадпрыемстваў, працэнтаў 60 з іх маюць малую колькасць працуючых – крыху больш ці нават менш за дзесяць чалавек, пераход на электроннае дэкларыраванне кладзецца на іх дадатковай фінансавай нагрузкай. Аднак на новыя, больш перспектыўныя і сучасныя формы работы патрэбна пераходзіць, і гэтае патрабаванне застаецца ў сіле.

Высокі аўтарытэт бацькоў і іх асабісты прыклад жыцця стаў арыенцірам і для іх дзяцей у выбары прафесіі. І сын, і дачка Вярэнічаў таксама закончылі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Дачка таксама працуе ў кантрольных органах – толькі  ў транспартнай інспекцыі, а сын – эканаміст па фінансавай дзейнасці буйнага сталічнага прадпрыемства «Крышталь». Такая паспяховасць дзяцей, якія прыклалі шмат сіл і старанняў для авалодвання прафесіяй, таксама ўпрыгожвае бацькоў.

У адносінах да героя нашага нарыса хочацца адкрыць і іншыя здольнасці Элы Міхайлаўны. Яна – актыўны ўдзельнік усіх культурна-масавых мерапрыемстваў, у якіх дастойна ўдзельнічае калектыў падатковай інспекцыі, і за межамі нашага раёна таксама. У фестывалі мастацкай самадзейнасці ў конкурснай тэматычнай праграме Эла Вярэніч выдатна выканала ролю маці, якая адпраўляе сына на вайну. Касцюміраванае тэатралізаванае выступленне стаўбчан атрымала высокую ацэнку і было ўключана ў праграму рэспубліканскага фестывалю. Дызайн тэрыторыі, паездкі па знакамітых і святых месцах Беларусі, творчасць у падрыхтоўцы мерапрыемстваў пры святкаванні ўрачыстасцяў — усё гэта вызначае актыўную жыццёвую пазіцыю Элы Вярэніч як кіраўніка, гатовага паказаць падначаленым уласны прыклад.

У сваім паспяховым прафесійным плаванні Эла Міхайлаўна аддае належнае сваёй сям’і, якая з разуменнем ставіцца да яе служэння краіне, да вячэрніх рэйдаў, гатова з любоўю сустрэць яе стомленай і забяспечыць утульнасць і камфорт, дапамагае ёй сваім цярпеннем і павагай. З гэтага і складаецца той душэўны стан спакою і гармоніі, які так неабходны кожнаму чалавеку, каб памножыць таленты, дараваныя Богам.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>