Пашана донарам

Filed under: Медыцына,Нумары,Соцыум |

Да Сусветнага дня донара аддзяленне пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы правяло інфармацыйна-адукацыйную акцыю.

Бяспечныя і надзейныя запасы крыві і прадукты крыві патрэбны заўсёды. Для выратавання жыцця людзей і паляпшэння іх здароўя ва ўсім свеце здаецца больш за 90 мільёнаў доз крыві. Тым не менш, патрэбнасць у донарскай крыві працягвае расці. І многія краіны не могуць яе забяспечыць.

У нашай краіне наўрад ці ёсць чалавек, які б не чуў слова «донар» ці выраз «пераліванне крыві». Яны цесна звязаны паміж сабою. Мільёны людзей ва ўсім свеце абавязаны сваім жыццём тым, каго яны ніколі не бачылі, – донарам.

Пераліванне крыві з’яўляецца адным з самых эфектыўных спосабаў лячэння многіх захворванняў, асабліва пры вялікіх кровастратах ў выніку траўм ці аварый.

Донарам можа стаць кожны здаровы чалавек, які дасягнуў 18 гадоў. Кроваздача станоўча ўплывае на здароўе донара: садзейнічае абнаўленню арганізма, умацоўвае імунную сістэму. Аднак толькі чалавек, які вядзе здаровы лад жыцця, выконвае рэкамендацыі ўрача, што датычаць падрыхтоўкі да донарства, мае высокую ступень маральнай адказнасці, можа здаць кроў. Пры невыкананні асноўных патрабаванняў донарства становіцца не проста неэфектыўным, а небяспечным, як для донара, так і для рэцыпіента.

Служба крыві аб’ядноўвае тысячы людзей: урачоў, сярэдніх медработнікаў, інжынерны персанал, вучоных. І ўсё ж, ключавыя асобы – донары. Гэта людзі шчодрага сэрца і вялікай душы. Сярод шматлікіх донараў аддзялення пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы хочацца адзначыць Івана Якіменку, Артура Канавалава, Аляксандра Васіліцкага, Віктара Сачука, Сяргея Нагорнага, Яўгена Сушко, Мікалая Белавусава, Дзмітрыя Воранава, Наталлю Рыштоўскую, Ларысу Мішкевіч,  Яўгена Вяроўку, Арцемія Зянько, Анатоля Пазняка, Вольгу Кісун, Іллю Ладыкоўскага і многіх-многіх іншых. Іх кроў выратавала тысячы чалавечых жыццяў і чакае цяпер тых, каму яна спатрэбіцца заўтра, а можа, і сёння. Павага і ўдзячнасць да гэтых людзей бязмежная.

Нельга забываць, што кампаненты і некаторыя прэпараты крыві на сучасны момант не маюць альтэрнатывы, іх пакуль не могуць замяніць іншыя сінтэтычныя лекавыя прэпараты. Таму донарства крыві і яе кампанентаў працягвае заставацца важным у сістэме аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Так, той, хто малады і здаровы, у каго шчодрае сэрца і вялікая душа, можа дапамагчы, каб донарская кроў была ва ўрачоў пад рукою.

Ірына ПЯРХАЛЬСКАЯ,

загадчыца аддзялення пералівання крыві цэнтральнай раённай бальніцы

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>