Міліцэйскі веснік

Filed under: Міліцэйскі веснік,Нумары |

ПАДЗЯКА МІНІСТРА ЗА СЫНА

У раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшло ўрачыстае ўручэнне Падзячнага пісьма Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Шуневіча бацькам аднаго з супрацоўнікаў міліцыі – Валянціне і Пятру Новакам.

Уручэнне Падзячнага пісьма было прыўрочана да падвядзення вынікаў работы райаддзела міліцыі ў першым паўгоддзі 2016 года. У актавай зале сабраўся амаль увесь калектыў. Сярод ганаровых гасцей – першы намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Вадзім Мурын, які і ўручыў бацькам Падзячнае пісьмо.

І ў асабістых выказваннях Вадзіма Львовіча, і ў зачытаным тэксце Падзячнага пісьма гучала шчырая ўдзячнасць Валянціне Пятроўне і Пятру Іванавічу за выхаванне сына Максіма – сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, абаронцы Айчыны. І як не ганарыцца такім сынам, які «годна выконвае задачы па забеспячэнні бяспекі грамадзян і дзяржавы, гатовы ў любую мінуту прыйсці на дапамогу таму, хто трапіў у бяду, карыстаецца аўтарытэтам і павагай у калектыве?»

Стан бацькоў можна было ацаніць так: пачуцці перапаўняюць. У матулі, якой  супрацоўнікі райаддзела міліцыі падрыхтавалі букет ружаў, – прыемнае хваляванне, у бацькі, палкоўніка ў адстаўцы, – жаданне сказаць сваё важкае бацькоўскае  слова. 

Пётр Іванавіч падзякаваў абодвум калектывам – райаддзела міліцыі, дзе яго сын пачынаў міліцэйскую службу, і ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, дзе ён працягвае службу на пасадзе старшага оперупаўнаважанага аддзела вышуковай работы ўпраўлення крымінальнага вышуку. Асаблівая ўдзячнасць была накіравана начальніку райаддзела міліцыі Івану Мамайку. Менавіта з яго, на той час – зампаліта, які займаўся падборам кандыдатаў на паступленне ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, пачаўся шлях іх сына ў органы правапарадку. Ён праводзіў сярод старшакласнікаў адбор і разглядзеў у выпускніку Коласаўскай школы Максіму Новаку будучага калегу. Пётр Іванавіч прызнаўся: «Нам прыемна, што зампаліт не памыліўся ў нашым сыне. Ён закончыў Акадэмію і вярнуўся ў райаддзел служыць».

Выбар свайго сына бацькі, канешне, адобрылі, але нямала і здзівіліся. Усё ж такі Максім нарадзіўся і вырас у Наваколасаве, у гарадку ваенных. Бацька яго, як ужо згадвалася, – кадравы ваенны і, да таго ж, з сям’і ваеннага. Ды і маці працавала ў воінскай часці. Старэйшы брат Максіма выбраў сваім лёсам, як бацька і дзед, ваенную службу. А ён, які не раз бываў у казарме, аддаў перавагу іншай службе – міліцэйскай. Пры гэтым Валянціна Пятроўна акцэнтуе ўвагу на такі момант: «Вырасцілі мы сыноў, абодва – дзяржаўныя людзі. На цяжкасці не скардзяцца, а калі размова заходзіць пра службу, адказваюць коратка, па-салдацку: «Усё нармальна».

Такое ўшанаванне для бацькоў – нечаканасць і, напэўна, свята не меншае, чым дзень нараджэння. Акурат у гэтыя ліпеньскія дні адзначаюць свой дзень нараджэння і Пётр Іванавіч, і яго сын Максім. Максім цяпер знаходзіцца ў водпуску, у Расіі. Мае ўласную сям’ю, якой стараецца ўдзяляць увесь свой вольны час. Падтрымлівае фізічную форму. Раней займаўся кікбоксінгам, ездзіў на спаборніцтвы. У школе цягнуўся да вучобы. І, што падкрэсліваюць бацькі, заўсёды трымаў сваё слова. 

Бацька старшага оперупаўнаважанага Максіма Новака падсумоўвае нашу гутарку:  «Асаблівых планаў не будуем. Аднаго хацелі б: каб дзеці нашы заўсёды былі прыстойнымі людзьмі. Сыну абавязкова патэлефануем. Нам у міліцыі сказалі дзякуй, а мы скажам дзякуй яму».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

«НЯХАЙ ХТО ІНШЫ, ТОЛЬКІ НЕ Я!»

У наш час усе гавораць аб прававой дзяржаве, аб тым, што прадстаўнікі праваахоўных структур, не шкадуючы сіл і часу, павінны стаяць на варце захавання правоў і законных інтарэсаў грамадзян, г. зн. абараняць іх ад злачынных пасягальніцтваў і прыцягваць да адказнасці тых, хто «папірае» закон. А ці павінна ўсё заканчвацца на «людзях гасударавых»? Што робіце вы для таго, каб законы, прынятыя ў нашай дзяржаве, накіраваныя на абарону сацыяльных правоў людзей, дзейнічалі на практыцы, у паўсядзённым жыцці? Часта, калі хтосьці звяртаецца ў праваахоўныя органы з просьбай аб дапамозе, то іх бяда важная толькі для іх, ніхто асабліва не жадае працягнуць руку дапамогі таварышам, якія трапілі ў бяду. Толькі б іх не чапалі, нікуды не выклікалі.

Самы просты прыклад, які часта сустракаецца, – угаварыць чалавека быць панятым, чыя асноўная роля заключаецца ў тым, каб удзельнічаць у правядзенні следчага дзейства, выступаць у якасці своеасаблівага назіральніка за тым, каб ніхто ў гэтым працэсе не мог аказваць уціску на іншы бок, з’яўляцца аб’ектыўным сведкам знаходжання матэрыяльных слядоў учыненага злачынства. Сапраўды, пры ўзнікненні спрэчных пытанняў панятых могуць прыцягнуць, каб яны далі паказанні аб ходзе следчага дзеяння, у якім яны ўдзельнічалі, і нічога больш. Ад чалавека проста патрабуецца расказаць праўду, аказаць дапамогу ў ажыццяўленні правасуддзя і дапамагчы следчаму ці суддзі разабрацца ў сітуацыі. Што ж атрымліваецца на самай справе? Падыходзіш да чалавека, які, здаецца, нічым не заняты ці проста стаіць «разявакам», назірае за тым, што адбылося. Просіш паўдзельнічаць у якасці панятога, а што чуеш у адказ: «Ой, я не магу!», «Я заняты, я не хачу, каб мяне цягалі…» і іншыя адгаворкі. Бывае, абыдзеш так усю вуліцу ў пошуку дваіх чалавек, каб яны дапамаглі, а ў адказ чуеш: «Вазьміце каго іншага, толькі не мяне!» Ці яшчэ лепш: «Не пайду, і што вы мне зробіце?» Вось так і атрымліваецца, што, калі ў каго здарылася бяда, ніхто не жадае дапамагчы, толькі б іх не адцягвалі ад якіх «важных» спраў.

Нярэдкія выпадкі, калі грамадзянін, які стаў сведкам учыненага злачынства: крадзяжу, хуліганства ці дарожна-транспартнага здарэння, не жадае нічога гаварыць, зноў спасылаючыся: «Няхай хто-небудзь іншы, толькі не я. Мяне ж будуць потым цягаць па судах». І ўсе забываюць, што не толькі праваахоўныя органы павінны сачыць за захаваннем заканадаўства, але і кожны, хто лічыць сябе законапаслухмяным грамадзянінам.

Часам бываюць такія сітуацыі, што следчым шляхам устаноўлена, здавалася б, уся карціна здарэння, аднак некаторыя, на першы погляд, нязначныя абставіны, вядомыя толькі вам, могуць мець істотнае значэннне для справы, кардынальна змяніць ход следства. Ці вашыя звесткі дапамогуць устанавіць злачынцу, які павінен панесці пакаранне. Толькі самасвядомасць кожнага грамадзяніна і адказнае выкананне грамадзянскага абавязку дазволяць праваахоўным органам у поўнай меры, эфектыўна змагацца са злачыннасцю і прымяняць нормы заканадаўства для абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і дзяржавы.

«Мая хата з краю», «Няхай хто іншы, толькі не я!» Калі прытрымліваемся такой пазіцыі, ці задумваемся, што можа і нам спатрэбіцца дапамога. І іншыя адразу адгукнуцца і знойдуць час, і праявяць пэўную рызыку, каб паспяшацца пасадзейнічаць вам не толькі па абавязку службы.

С. Маслючэнка,

старшы следчы Старадарожскага РАСК

 

МЕСЦА ПАМЯЦІ, А НЕ ВАНДАЛІЗМУ

Нашы чытачы, усхваляваныя пагромам, учыненым на могілках у Валожынскім раёне (там, як вядома, у красавіку двое школьнікаў пашкодзілі адразу 35 надгроб’яў: збілі крыжы, зрушылі  магільныя пліты), выказалі заклапочанасць гэтым пытаннем і ў нас у раёне. Гадоў пяць таму  ў Стоўбцах таксама быў зафіксаваны прэцэдэнт – шэраг фактаў вандалізму на могілках, прычым ва ўсіх іх, аналагічна валожынскаму «сцэнарыю», арудавалі падлеткі. Калі прыгадаць  тагачасныя заявы пацярпелых у міліцыю, то ў іх яны найперш указвалі на нанесеную ім маральную траўму, значнасць матэрыяльных стратаў і ацэньвалі падобныя дзеянні як дзікунскія.

Людзі разважаюць слушна: могілкі – дарагое, святое для кожнага нармальнага чалавека месца. Месца памяці, а не вандалізму. Пры знаходжанні там дзецям увогуле павінна быць не да забаў і жартаў. А ламаць нешта, браць не сваё – гэта смяротны грэх. І тут, прабачце, няма «гульні слоў», а ёсць жорсткая праўда жыцця, духоўны закон, які дзейнічае так жа неадступна, як і закон фізікі. Сапраўды, з гэтым цяжка паспрачацца.

Аднак факты апаганьвання могілак у той ці іншай форме ўсё роўна не знікаюць з міліцэйскіх зводак. Характэрны прыклад прывяла начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава.

Грамадзянін В., жыхар Стоўбцаў, 1961 года нараджэння, з лістапада 2014 па сакавік 2015 года не менш за тры разы выкрадаў з могілак, што ў цэнтры горада, рытуальныя агароджы. Рабіў гэта цынічна, з дапамогай металічнага палатна для рэзкі металу. Агульная сума стратаў, нанесеных ім, склала 8 300 000 (дэнамінаваных 830) рублёў…

Як адзначыла Юлія Белавусава, мужчына быў засцігнуты на месцы злачынства адной з наведвальніц могілак. Па гэтаму факту міліцыяй была ўзбуджана крымінальная справа. Яе расследаванне было адрасавана старшаму оперупаўнаважанаму крымінальнага вышуку Чаславу Гарэліку. Ужо ў ходзе разбіральніцтва оперупаўнаважаны ўстанавіў яшчэ два факты крадзяжу з могілак, раней учыненых гэтым жа грамадзянінам.

Напрыканцы верасня мінулага года адбыўся суд, які вынес абвінавачанаму В. прыгавор – пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму. Да яго прыменены і меры прымусовага лячэння ад алкагольнай залежнасці.

У гэтай справе немагчыма не звярнуць увагу і на яшчэ адзін нюанс. Куды асуджаны дзяваў рытуальныя агароджы? Ён здаваў іх у нарыхтоўчую кантору райспажыўтаварыства. На цалкам легальнай аснове. І сыходзілі яны, як і хрысціянскі крыж, што быў канфіскаваны разам з рытуальнымі агароджамі сярод груды металу ў ходзе крымінальнай вытворчасці, за другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Быць не можа, каб прыёмшчык не западозрыў няладнае. Аднак ніякай інфармацыі з гэтай арганізацыі ў міліцыю не паступала.

Таццяна Пяткевіч

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>