Наша бяспека

Filed under: Міліцэйскі веснік,Нумары |

militceyski-vesnik0908СТАЎБЧАНЕ – ЗА ДАДАТКОВЫЯ ПЕШАХОДНЫЯ ПЕРАХОДЫ

У гэтым годзе ў ходзе вывучэння грамадскай думкі ў раённы аддзел унутраных спраў паступілі розныя заўвагі і прапановы, якія, на думку грамадзян, дазволяць палепшыць стан грамадскай бяспекі. Што гэта за прапановы і як яны рэалізаваны?

Найбольш прапаноў звязана з пытаннямі дарожнай бяспекі ў райцэнтры. Так, падчас выступлення ў Стаўбцоўскім лясгасе была звернута ўвага на нязручнае размяшчэнне пешаходнага перахода паблізу будынка лясгаса і магазіна «Крынічка», а таксама на тое, што вадзіцелі не прапускаюць пешаходаў. У ходзе прыбыцця  на месца супрацоўнікі аддзела ДАІ ўстанавілі, што перанос пешаходнага перахода бліжэй да скрыжавання з вуліцай Прытыцкага немэтазгодны з-за адсутнасці трохвугольніка бачнасці (паблізу будынка лясгаса знаходзіцца аўтастаянка  і ажыццяўляецца паркоўка транспартных сродкаў) і неадпаведнасці наяўнай інфраструктуры. Канчаткова гэтае пытанне можа быць вырашана толькі пасля рэалізацыі праекта «Добраўпарадкаванне паўднёвай часткі г. Стоўбцы – вуліц 17 Верасня, Сянкевіча, А. Кашавога», завяршэнне якога запланавана на 2017 год. Ажыццяўляўся і кантроль за вадзіцелямі. Фактаў няпропуску пешаходаў не выяўлена, аднак працягнем працаваць у гэтым накірунку і далей.

Працаўнікі філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы прапаноўвалі абсталяваць пешаходную дарожку ад прыпынка грамадскага транспарту па вуліцы Ленінскай да вёскі Задвор’е і пешаходны пераход на скрыжаванні вуліцы Ленінскай і дарогі, якая вядзе да паўднёвай прахадной завода, а таксама пашырыць праезджую частку побач з інтэрнатам завода па вуліцы Маторабудаўнікоў, 3, і інш.

Аддзелам ДАІ сумесна з прадстаўнікамі РУП «Стаўбцоўскае АКС» праведзена камісійнае абследаванне названых участкаў. Пад’язная дарога да паўднёвай прахадной знаходзіцца на балансе філіяла і магчымасць абсталявання пешаходнага перахода можа быць прадугледжана пры будаўніцтве пешаходных сувязяў. Згодна з адказам, што паступіў з АКС, пракладка пешаходных дарожак ад прыпыначнага пункта па вуліцы Ленінскай да Задвор’я і ад ведамаснага інтэрната да вуліцы Ленінскай прадугледжана графікам «Чарговасць работ па будаўніцтве, рамонце жылога фонду, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў». Неабходнасць у пашырэнні праезджай часткі побач з інтэрнатам завода (для бяспечнага сустрэчнага раз’езду) адсутнічае, таму што праблема ствараецца дэфіцытам парковачных месцаў, з-за чаго жыльцы ажыццяўляюць паркоўку сваіх транспартных сродкаў на праезджай частцы. Гэтая інфармацыя была накіравана кіраўніцтву філіяла, якое дало адказ аб адсутнасці магчымасці абсталявання дадатковых парковачных месцаў з-за фінансавых цяжкасцяў.          

У адказ на запыты грамадзян пры сумесным выбыцці на месца разам з прадстаўнікамі ДРБУ № 135 устаноўлена тэхнічная магчымасць абсталявання пешаходнага перахода на скрыжаванні вуліц Багдановіча-Івянецкая-Багушэвіча. Выдадзена заданне на ўстаноўку дарожных знакаў «Пешаходны пераход» прадпрыемству «Тарнада-Вэст», а ДРБУ № 135 будуць абсталяваны падыходы да пешаходнага перахода ў рамках рэалізацыі аб’екта «Веласіпедная дарожка ад г. Стоўбцы да в. Сцяцкі», прадугледжанага Комплексам мерапрыемстваў на 2016 год па павышэнні ўзроўню бяспекі і аптымізацыі дарожнага руху на тэрыторыі раёна і зацверджанага рашэннем райвыканкама. 

У калектыве ААТ «Стаўбцоўская ПМК» паступіла прапанова аб устаноўцы штучнай няроўнасці на праезджай частцы ў вёсках Дразды і Задвор’е па прычыне таго, што вадзіцелі перавышаюць хуткасць руху. Камісійнае абследаванне дарожных умоў паказала неабходнасць у абмежаванні ўстаноўленай хуткасці руху транспартных сродкаў да 40 км/гадз. па вуліцы Касманаўтаў у Драздах, а таксама ў абсталяванні штучнай няроўнасці на вуліцы Лясной у Задвор’і (паблізу перасячэння з вуліцай Маладзёжнай). Уласнікі домаўладанняў па вуліцы Маладзёжнай у ходзе апытання грамадскай думкі выступілі катэгарычна супраць з’яўлення штучнай няроўнасці на іх вуліцы, таму ДРБУ № 135  выдадзена прадпісанне аддзела ДАІ на ўстаноўку неабходных тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху па вуліцы Касманаўтаў у Драздах і абсталявання штучнай няроўнасці па вуліцы Лясной у Задвор’і.

На прамую тэлефонную лінію паступіў зварот ад жыхаркі дома № 1 па вуліцы Энгельса, які закранаў пытанні бяспекі руху на ўнутрыдваровай тэрыторыі шматкватэрнага жылога сектара. Быў сабраны сход жыльцоў дамоў №№ 1, 5 і 7 па вуліцы Энгельса і дома № 11 па вуліцы Цэнтральнай з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, АКС і аддзела ДАІ. Большасць грамадзян выказалася за немагчымасць закрыцця ў дварах транзітнага руху, а выказала прапановы аб расшырэнні праезджай часткі і абсталяванні дадатковых парковачных месцаў (згаданыя дамы былі пабудаваны ў 80-х гадах па раней дзеючых стандартах), будаўніцтве тратуараў, правядзенні вонкавага асвятлення. На адрас Стаўбцоўскага АКС аддзелам ДАІ накіравана хадайніцтва аб правядзенні добраўпарадкавання тэрыторыі. Нарады ДПС аддзела ДАІ перыядычна ажыццяўляюць кантроль дарожнага руху (падчас падвозу дзяцей да ДУА «Яслі-сад № 7 г. Стоўбцы»).        

Па-ранейшаму актуальныя пытанні абсталявання святлафорамі скрыжаванняў вуліц Ленінская-Цэнтральная, Ленінская-Свярдлова. Яны былі разгледжаны на пашыраным пасяджэнні райвыканкама пры падвядзенні вынікаў Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у раёне за 2015 год. На даны момант распрацаваны дэтальны план забудовы вуліцы Ленінскай у г. Стоўбцы, які акурат уключае ў сябе абсталяванне названых скрыжаванняў святлафорнымі аб’ектамі (план праходзіць дзяржаўную экспертызу). Прынята рашэнне аб абсталяванні святлафорнымі аб’ектамі ў 2016 годзе: скрыжавання вуліц Ленінская-Цэнтральная – пры наяўнасці грашовых сродкаў; скрыжавання вуліц Ленінская-Свярдлова – за кошт той арганізацыі, якая выйграе аўкцыён па продажу аўтастаянкі па вуліцы Свярдлова і зямельнага ўчастка пад будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Плануецца станоўча вырашыць у гэтым годзе і пытанне асфальтавання завулка Сацыялістычнага на ўчастку ад скрыжавання з вуліцай Я. Коласа да прымыкання да вуліцы Сацыялістычнай.  

У райвыканкам накіравана хадайніцтва разгледзець магчымасць выдзялення ўласніку гандлёвага цэнтра «Арманда» дадатковага зямельнага ўчастка паблізу гандлёвага аб’екта з мэтай абавязковага абсталявання дадатковай паркоўкі на 15-20 машынамесцаў.

Планам работ на 2016 год прадугледжаны капітальны рамонт участка вуліцы Трактарнай (0,390 км) у Новым Свержані. На фінансаване гэтага аб’екта плануецца выделіць з абласной праграмы 90 мільёнаў рублёў (дэнамінаваных).     

У сувязі са зваротамі грамадзян прадугледжаны мерапрыемствы па прафілактыцы і спыненні фактаў распівання спіртных напіткаў, парушэння грамадскага парадку і засмечвання парку «Дружба народаў».

Іван МАМАЙКА,начальнік райаддзела міліцыі

 

ПАКАРАНЫ ПА ЛІНІІ НАРКАКАНТРОЛЮ

За сёлетні справаздачны перыяд па лініі  наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлена 23 злачынствы, у тым ліку 11 з іх адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Па крымінальных справах з незаконнага абароту канфіскавана 3,64 грама курыльных сумесяў, 0,55 г альфа-PVP, 2,0328 г – экстракцыйнага опію, 2,647 г – макавай саломкі, 9746,82 г – насення маку.

Складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым ужываннем таксічных ці іншых адурманьваючых рэчываў. Узбуджана крымінальная справа па арт. 328 п. 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ці знаходжанне на рабоце ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных ці іншых адурманьваючых сродкаў». Згодна з дыспазіцыяй данага артыкула да крымінальнай адказнасці можа быць прыцягнута асоба, якая ўжывае такія рэчывы без назначэння ўрача.

За ўчыненне такога злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу або арышту ці абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.

У чэрвені 2016 года ў рамках спецаперацыі «Мак» выяўлена 10 фактаў вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін на 21,6 м кв. агульнай вагой 22 кг. Складзена сем адміністрацыйных пратаколаў па арт. 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь. За заняткі прастытуцыяй да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты дзве жыхаркі раёна. Выяўлены два злачынствы, звязаныя з падрыхтоўкай і распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў у сетцы інтэрнэт.

Яўген КУРЫЛА,старшы ўпаўнаважаны крымінальнай міліцыі РАУС

 

ЖОРСТКІ ВЫНІК ЗНАЁМСТВА

Пракуратурай Мінскай вобласці накіравана ў абласны суд крымінальная справа ў адносінах да непрацуючых 28-гадовага жыхара горада Стоўбцы і 26-гадовага мінчаніна. Яны абвінавачваюцца ў разбойным нападзенні з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў па ч. 3 арт. 207 КК Рэспублікі Беларусь, а таксама ў здзяйсненні забойства з асаблівай жорсткасцю састарэлай асобы (ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь).

Папярэдняе расследаванне гэтай крымінальнай справы праводзілася ўпраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці.

Двое маладых людзей у адзін з дней снежня 2015 года пазнаёміліся на вакзале ў горадзе Мінску. Пасля сумеснага распівання спіртных напіткаў з мэтай непасрэднага завалодання маёмасцю прыбылі на электрычцы ў горад Маладзечна і праніклі шляхам узлому ўваходных дзвярэй у першы ж прыватны дом. У доме знаходзілася 86-гадовая гаспадыня. Каб ажыццявіць свой злачынны намер па завалоданні маёмасцю, жанчыне нанеслі не менш за 18 удараў рукамі, нагамі і рознымі цвёрдымі прадметамі па галаве і целе, ад якіх яна памерла на месцы злачынства. Зламыснікі завалодалі грашовымі сродкамі і маёмасцю пацярпелай на суму не менш за 17,5 мільёна рублёў.

28-гадовы мужчына, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо меў за плячыма чатыры судзімасці, дзве з іх за грабеж.

Дзеючым крымінальным заканадаўствам за разбойнае нападзенне з прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а за забойства з разбоем, здзейсненае групай асоб з асаблівай жорсткасцю, састарэлай асобы, якая знаходзілася ў бездапаможным стане, – пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае заключэнне, або смяротная кара.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ, старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці, саветнік юстыцыі

 

АПТАВІКІ… СЯРОД САМАГОНШЧЫКАЎ

У выніку праведзенага ўпраўленнем унутраных спраў Мінскага аблвыканкама комплексу аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў за адзін тыдзень было выяўлена больш за сто фактаў незаконнага вырабу, захоўвання і збыту спіртнога. Мерапрыемствы праходзілі ў кругласутачным рэжыме.

Так, у Маладзечанскім раёне да адказнасці будуць прыцягнуты тры аптавікі, адзін з якіх – навучэнец мясцовага каледжа. Малады чалавек мадэрнізаваў вытворчасць такім чынам, што за 15-20 мінут вырабляў 20 літраў гатовага сурагату, прычым аб падобнай яго дзейнасці не падазравалі нават суседзі.

Недалёка ад Маладзечна на адзінокім хутары іншы самагоншчык, «са стажам», развёў у дзесяцітоннай металічнай ёмістасці каля трох тон брагі. Вада паступала са свідравіны глыбінёю больш за 50 метраў, а для паскарэння працэсу прымяняліся хімічныя кампаненты. Уласную прадукцыю самагоншчык збываў сваім жа землякам.

Самы буйны аб’ём самапальнага спіртнога выяўлены ў вёсцы Кізілава Маладзечанскага раёна. На самагоннай вытворчасці працавалі двое братоў – 39 і 40 гадоў. Для яе яны прыстасавалі адзін з нежылых дамоў. Вытворчасць дазваляла выдаваць штодзённа некалькі сотняў літраў, якія неадкладна ішлі ў продаж. Міліцыянеры наведаліся на міні-завод акурат падчас заканчэння «рабочай змены». У выніку, было канфіскавана больш за 500 літраў свежапрыгатаванага самагону, а таксама 14 тон брагі.

 У сувязі з гэтым нельга не адзначыць, што мэта збытчыкаў – гэта атрыманне прыбытку любой цаной, у любы час сутак, не зважаючы на слёзы жонак і дзяцей бацькоў-п’яніц, негатыўныя адносіны да іх аднавяскоўцаў. Прымушае задумацца іх толькі прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і наступныя за гэтым штрафныя санкцыі.  Памер іх можа быць да 30 базавых велічынь, прычым з канфіскацыяй і знішчэннем саміх напіткаў, іх паўфабрыкатаў і апаратаў для вырабу. 

Самае страшнае, што спіртное выступае каталізатарам учынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Прычым размова часцей за ўсё ідзе аб сямейна-бытавых злачынствах і злачынствах, учыненых падлеткамі.

Актыўнае супрацьдзеянне незаконнаму вырабу, захоўванню і збыту самагону будзе працягнута. У праваахоўнікаў ёсць усе падставы караць не толькі самагоншчыкаў, а і пакупнікоў самапальнага алкаголю. За набыццё яго прадугледжаны штраф у памеры да пяці базавых велічынь.

Андрэй АМБРАЖЭЙ,намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінскага аблвыканкама          

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>