З першых песень аб родным краі

Filed under: Нумары,Панямонь |

02-09-paniamon

1 верасня споўнілася 110 гадоў з дня першага выступлення Якуба Коласа ў друку.

Адметна, што слова для публікацыі далі паэту ў першым нумары «Нашай долі», датаваным 1 верасня 1906 года. Як пазначана ў калантытуле і выхадных даных, «першай беларускай газеты для вясковага і мястовага рабочага люду». Чытачы, заплаціўшы пяць капеек, пэўна ж адразу звярталі ўвагу на верш «Наш родны край» за подпісам Якуб Колас. Ці ж не знаёмая да болю карціна паўставала з гэтых радкоў:

Край наш бедны, край наш родны!

Гразь, балота ды пясок,

Чуць дзе трохі луг прыгодны …

Хвойнік, мох ды верасок…

Наша поле кепска родзіць,

Бедна тут жыве народ,

У гразі ён, бедны, ходзіць.

А працуе – льецца пот…

Край наш родны, бедна поле!

Ты глядзіш, як сірата,

Сумны ты, як наша доля.

Як ты, наша цемната.

Адкуль жа ён, такі смелы, праўдзівы аўтар? Знаўцы казалі: «З Мікалаеўшчыны». Калегі радаваліся поспеху сябра, з якім зусім нядаўна сустракаліся падчас дзейства, што ўвайшло ў гісторыю як Першы нелегальны з’езд настаўнікаў.

Гэтае свабодалюбнае шчыраванне, памкненне змагацца за лепшую будучыню народа многім маладым людзям, якія збіраліся ў Прыстаньцы, перайначыла лёсы. Але следства па справе «крамольнай», рэвалюцыйнай дзейнасці пачалося пазней. Пакуль жа, як адзначаў Колас, «далі пагуляць».

Малады паэт, у якога ў сшытках было ўжо колькі вершаў, не мог не пачуць, што ў Вільні збіраюцца выдаваць газету на роднай мове. Загадзя перадаў свае творы і калі з хваляваннем узяў у рукі першы нумар «Нашай долі», убачыў там загаловак «Наш родны край».

Сам пясняр успамінае аб дэбюце літаратурнай творчасці так: «У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. І паспеў тое-сёе надрукаваць з вершаў і допісаў. Пісаў пра мову, пра лёс настаўніцтва».

Нядоўгім было існаванне «Нашай долі». Праз некалькі месяцаў газету закрылі. З шасці нумароў, якія выйшлі, паліцэйскія  служкі канфіскавалі пяць. Хіба ж маглі сцярпець улады, калі так востра выкрываўся тагачасны дзяржаўны лад? А з талентам Коласа – не толькі ў рэалістычным, а і ў сатырычным стылі, як напрыклад, у апавяданні «Слабада».

На змену «Нашай долі» прыйшла «Наша ніва». Першы нумар газеты датаваны 10 лістапада 1906 года. І ў ім чытачы знайшлі верш Якуба Коласа «Нёман»,  а таксама апавяданне «Выбар старшыны» пад псеўданімам Тамаш Булава. Пэўны час паэт, зноў жа яго тут цытуем, «працаваў у «Нашай ніве», толькі доўга затрымлівацца не давалі. Там пісаў сваё, правіў допісы, перакладаў тое-сеё». «У самой рэдакцыі жыў, – прыгадваў Колас, – там і газету пакаваў, і падлогу падмятаў. Усё добра было б, хоць на тых заработках духі падводзіла, але паліцыя выганяла з горада».

Арышт, тры гады ў астрозе. Такая вось школа жыцця. І мацнеў, гартаваўся талент, на стагоддзі да нас  прыходзіў магутны Колас беларускай зямлі.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>