Па вуліцы Дзяржынскага, завулку Івянецкім

02-09-03r

Усяго адной вуліцай і невялікім завулкам прадстаўлена вёска Пятрылавічы, што раскінулася сярод лесу на ўскраіне Стаўбцоўшчыны. Зарэгістраваны ў ёй 84 жыхары, аднак на свята вёскі, якое ладзілася тут у мінулую суботу, колькасць іх  вырасла не менш чым у два разы. З’ехаліся на малую радзіму дзеці і ўнукі – нашчадкі гэтай самабытнай і адметнай вёскі.

Пра яе асноўныя адметнасці якраз і нагадваюць назвы вуліцы ды завулка. Сапраўды, гэта радзіма Ф. Э. Дзяржынскага, і ўжо за Пятрылавічамі адкрываецца прамы шлях да музея-сядзібы «Дзяржынава». Штогод яе наведваюць сотні турыстаў і афіцыйных дэлегацый, у тым ліку замежных.  Дзясятак гадоў таму, калі адкрывалася новая экспазіцыя, музей-сядзібу наведваў Прэзідэнт краіны. Сустракаўся ён тады і з жыхарамі вёскі Пятрылавічы.

Прыкладна на тым жа гістарычным месцы была абсталявана і галоўная сцэна для свята вёскі. Побач з ёю, у будынку былой пачатковай школы, знаходзіцца «Дом сацыяльных паслуг». Апошнім часам з’явіўся на ім і каталіцкі крыж – гэты агульны дом выкарыстоўваецца і як капліца. З Хатавы прыязджае ксёндз Аляксандр Багдановіч. Ксёндз Аляксандр з удзячнасцю прыняў прапанову быць госцем і благаславіў свята вёскі.

Вёска Пятрылавічы заўсёды вылучалася добраўпарадкаваным, дагледжаным станам (яскравы прыклад – яе жыхары ў ліку першых у сельсавеце прывялі ў парадак вясковыя могілкі, сабралі сродкі на бетонную агароджу вакол іх), а да свята пахарашэла непазнавальна. Пятрылаўцы асабліва стараліся прывесці ў парадак свае падворкі. Фарбавалі і рамантавалі, мылі і чысцілі, рыхтавалі святочныя віншаванні і пачастункі. У выніку – так хораша прывеціць гасцей, як зрабілі гэта на падворку Рамана і Святланы Габрусяў, удаецца нямногім. Майстравіты Іван Лобач здзівіў усіх уласнаручна зробленым міні-паравозам. На падворку Іосіфа Лобача не пакінула нікога абыякавым выстаўка вышываных ікон. Вышыўкай займаецца яго ўнучка, а сам гаспадар, які ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе, з’яўляцца былым непаўналетнім вязнем фашызму.

У 1943-м Пятрылавічы былі спалены, а многія жыхары вывезены ў Германію. Пасля вайны вёска адрадзілася, і сёння чацвёра яе жыхароў носяць статус вязня – Іосіф Лобач, Станіслаў Трубіш, Альдона Шыкуць, Ядвіга Ціхановіч. Ёсць тут і доўгажыхары. Старэйшай жыхарцы Пятрылавічаў, Ганне Юхневіч, – 95, Юзэфе Лобач і Ганне Чуйко – па 88 гадоў. На свяце былі ўручаны падарункі вязням і доўгажыхарам ад тэрытарыяльнага цэнтра.

У тым, што вёска адрадзілася, заслуга яе людзей, працавітых і жыццелюбівых (неаб’яўленым гімнам вёскі з’яўляецца песня «Птушка шчасця»). З прозвішчаў, што былі названы вышэй, зразумела: карэннымі на гэтай зямлі заўсёды былі і застаюцца Лобачы, Чуйко, Шыкуці. А ўвогуле, тут у кожным двары ёсць свой трактар, вялікі або не вельмі, і яго гаспадары бяруць у полі гектар, а то і больш зямлі. Старажылы з навакольных вёсак сцвярджаюць: пятрылаўцы, каб усюды паспець, устаюць не ў шэсць ці сем раніцы, а літаральна з першымі пеўнямі. Нельга не заўважыць і такую рэдкую акалічнасць: у Пятрылавічах яшчэ жывуць разам у адной хаце па тры сям’і, па тры пакаленні. Нярэдка і прафесія, месца працы перадаецца дзецям у спадчыну. Так можна сказаць, да прыкладу, пра сям’ю Фрыдрыха Чуйко, які адпрацаваў у лясніцтве 36 гадоў, і ўжо яго сын Віталій не першы год шчыруе замест бацькі майстрам лесу. Да лесу тут, які нібыта атуляе вёску, як і да зямлі, адносіны асаблівыя.

Віталі ўдзельнікаў свята старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач. Дырэктар ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Васіль Лаўрышчук, ляснічы Кульскога лясніцтва Сцяпан Явід, вядучы спецыяліст аддзела кадраў райспажыўтаварыства Наталля Фянько ўшанавалі падарункамі ветэранаў працы і цяперашніх работнікаў сваіх прадпрыемстваў. Падарункі перадаў для сваіх работнікаў, жыхароў Пятрылавічаў, і дом-інтэрнат. Сапраўды, вёска ганарыцца працавітымі людзьмі.

На свяце сельвыканкам падвёў вынікі конкурсу падворкаў. Першае месца аддадзена падворку Эдуарда і Ірэны Чуйко. Пісьмы-падзякі ўручаны такім дбайным гаспадарам, як Раман Габрусь, Фрыдрых Чуйко, Іосіф Лобач, а таксама  Баляславе Чуйко.

Свята сапраўды развесяліла ўсіх – і старэйшых, і маладых, – пацешыла і аб’яднала.  Цудоўна аздобілі яго калектывы мастацкай самадзейнасці Вішнявецкага дома культуры, Дзераўнянскіх цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі гуртка сольных спеваў «Родныя напевы» Цясноўскага сельскага клуба.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>