• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Заступаць на вахту маладым

Filed under: Ганаруся сваёй прафесіяй,Нумары |

5411У маладога механізатара ААТ «Дзераўное» Ігара Бондара звычайная сялянская біяграфія. Сам ён з Брэсцкай вобласці, з Іванаўскага раёна. Нарадзіўся і вырас у вёсцы, у шматдзетнай сям’і. У выбары прафесіі пайшоў па слядах бацькі, які таксама быў механізатарам.

– Мяне з дзяцінства цягнула да тэхнікі, – сказаў падчас сустрэчы Ігар Міхайлавіч. – Яшчэ школьнікам асвоіў трактар і ні аб якой другой прафесіі не хацеў чуць. Па адзнаках у школе быў сераднячок і напэўна мог бы вучыцца далей, але выбраў хлебаробскую справу. Яна мяне прыцягвала. Пасля таго, як атрымаў пасведчанне трактарыста, уладкаваўся на работу ў калгас па мінулым месцы жыхарства. Сёння маю трынаццаць гадоў працоўнага стажу і мяняць работу не збіраюся.  Карміць людзей – справа ганаровая, хоць і нялёгкая. І я ганаруся сваёй прафесіяй.

Механізатар расказвае, што значна павялічылася нагрузка пасля таго, як аб’ядналі дзве гаспадаркі. Прыходзіцца штодзень выконваць не адну норму. І пры гэтым  разумее, што менавіта маладым заступаць на вахту ўслед за старэйшым пакаленнем і адраджаць вёску. Іншага не дадзена.

Акрамя трактара ў распараджэнні Ігара Бондара збожжаўборачны камбайн «КЗС-1218″. Атрымаў тэхніку ў спадчыну ад вопытнага механізатара Яраслава Шуцько. (Яраслаў Іосіфавіч зараз рупіцца на ферме, дзе з дапамогаю трактара корміць жывёлу). Сёлета пяты год малаціў на гэтым камбайне збожжа. На рахунку маладога камбайнера – 700 тон. А затым на «КЗР-10″ кукурузу на зерне ўбіраў, дзе таксама мае неблагі вынік.

– Ураджайнасць збожжавых была слабаватая, а вось кукурузнае зерне неблагое, – падвёў рысу Ігар Міхайлавіч. – Толькі вось надвор’е не надта паспрыяла яго ўборцы. Аднак з даручанай работай мы з калегамі паспяхова справіліся. Зімою буду вазіць на сваім трактары  «Беларус-1221″ гной на палеткі, займуся таксама падрыхоўкай даручанай мне тэхнікі да веснавых палявых работ. Зразумела, адгуляю і водпуск. 

У свабодны час Ігар Бондар любіць парыбачыць. Далёка не едзе, у асноўным паблізу – на возеры ў Заброддзі або Дзераўной. Але, як гаворыць, асабліва і не пасядзіш. Удаецца выкраіць нейкую гадзінку, бо трэба і з дзецьмі дома пабыць. 

У Ігара Міхайлавіча і Наталлі Мар’янаўны, аператара машыннага даення, трое дзетак – дачушкі Паліна, Віка і Надзея. Апошняй ідзе другі годзік, таму жонка цяпер  знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

– Прыехаў у ААТ «Дзераўное» грошай падзарабіць і сустрэў тут сваю суджаную, – падзяліўся  нечаканым паваротам жыццёвага лёсу механізатар. – Пажаніліся. Праз тры месяцы як я ўладкаваўся на работу ў таварыства, нам далі дом з выгодамі. Прыжыўся тут, стаў ужо сваім. Вёска перспектыўная. Так што ўсё ў мяне нармальна.

Наталля Мар’янаўна сама водзіць машыну, адвозіць у садзік  і забірае адтуль дзяўчынак. На ёй ляжыць і цяжар гаспадарскіх клопатаў, калі муж бывае заняты на масавых палявых кампаніях. Жывуць дружна. Менавіта на такіх людзях, як маладая сям’я Бондараў, і вёска трымаецца. А калі будзе пабольш такіх шчырых працаўнікоў, то будзе яна жыць і развівацца далей.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>