Пасёлак з вайсковай выпраўкай

Сярод старадаўніх вёсак і невялікіх вёсачак ёсць на Стаўбцоўшчыне асаблівы населены пункт – гэта былы ваенны гарадок, а цяпер – пасёлак Наваколасава. Жыхары Наваколасава адзначылі ў мінулую суботу 62-ю гадавіну яго ўтварэння.

Пасёлак Наваколасава хаваецца сярод ляснога масіву, і сама назва красамоўна гаворыць пра яго навізну і маладосць. 62 гады таму, акурат у верасні, быў створаны 25-ты артылерыйскі арсенал, разам з якім узнік і пасёлак з усёй неабходнай сацыяльна-бытавой інфраструктурай. Будаўніцтва ішло шырокім фронтам і ў сціслыя тэрміны, а на чале яго быў першы камандзір вайсковай часці А. Ф. Алфёраў. Імем гэтага чалавека названа адна з вуліц пасёлка, і гэта яскравае сведчанне таго, што гісторыя вайсковай часці і гісторыя пасёлка даўжынёю ў 62 гады – рэчы непадзельныя, неад’емныя. Таму і дзень нараджэння ў гэтай «пары» з ваеннай біяграфіяй – адзін на дваіх.

1m3009

Чарговай гадавіне ўтварэння вайсковай часці і пасёлка і было прысвечана ў мінулую суботу свята. З раніцы, калі ваенныя маршыравалі строем, у Наваколасаве ішоў дождж, потым, калі загучалі музыка і апладысменты, – высвеціла вераснёўскае сонца. І сімвалічна для людзей ваенных, чыё прызванне – аберагаць мір, што праграма свята пачалася ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызанаў. У гэтым годзе помнік на ёй сустракае абноўленым, беласнежна-святочным, і гэта з’яўляецца прычынай для агульнай гордасці ўсім жыхарам раёна.

Мітынг адкрываецца Дзяржаўным гімнам. Мінута маўчання… Сярод выступоўцаў слова было дадзена ветэрану Узброеных Сіл Рэму Голубеву і ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Фёдару Каржанкову. Фёдар Ануфрыевіч вызваляў у 1944-м Стоўбцы, у пасляваенныя гады працаваў у воінскай часці. Для моладзі ветэран, які сёлета размяняў дзясяты дзясятак, – прыклад і аўтарытэт, а святу сваёй прысутнасцю ён сапраўды надаў прыгажосці і хвалюючых адценняў.

Удзельнікамі і гасцямі свята былі ваеннаслужачыя, тутэйшыя школьнікі і грамадскасць. І сярод іх знайшлося нямала тых, хто калісьці маладым афіцэрам ці сяржантам пачынаў службу ў гэтай вайсковай часці, выконваў пастаўленыя баявыя задачы.

Для розных пакаленняў жыхароў Наваколасава 62 гады службы ў мірны час, на варце сваёй Радзімы – сапраўды значная падзея. Наваколасаўцам, як ужо згадвалася вышэй, ёсць кім ганарыцца і на каго раўняцца.

Са сцэны Наваколасаўскага цэнтральнага Дома культуры, куды ад помніка перамясцілася свята, прагучалі віншаванні ад камандзіра вайсковай часці Віктара Нікіціна. Быў зачытаны загад камандзіра аб заахвочванні асабовага саставу. Чырвонай ніткай праходзіла думка, што за 62 гады асабовым саставам 25-га арсенала было паспяхова вырашана мноства стратэгічных задач па асваенні новых узораў узбраення, стварэнні трывалай матэрыяльнай базы, назапашванні баявога і працоўнага вопыту з мэтай павышэння абараназдольнасці нашай краіны.

Ваеннаслужачыя і проста работнікі воінскай часці, сярод якіх нямала жанчын, узнімаліся на сцэну за дыпломамі і падарункамі, ім уручалі кветкі.

За плённае супрацоўніцтва, а таксама ў сувязі з 50-годдзем з дня нараджэння быў адзначаны падзякай раённага выканаўчага камітэта і камандзір часці Віктар Нікіцін. Падчас уручэння старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі звярнуў увагу на значныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў Наваколасаве за апошнія гады. У першую чаргу яны звязаны з адкрыццём на гэтай тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі – Наваколасаўскага сельскага Савета (жыхары, якіх да гэтага абслугоўваў тадышні Слабадскі сельскі Савет, адразу ацанілі зручнасці) і абнаўленне брацкай магілы, якое ажыццёўлена ў маштабах раёна метадам народнай будоўлі. Вялікі асабісты ўклад у гэта, як і ў вырашэнне іншых пытанняў жыццядзейнасці наваколасаўцаў, унёс дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Мікалай Іванчанка.

Добры настрой і аптымізм жыхароў пасёлка пацвярджаюць словы старшыні Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрыя Каршункова, які назваў Наваколасава пасёлкам з развітой сацыяльнай інфраструктурай. Тут дзейнічаюць дзве школы – сярэдняя і музычная, яслі-сад, амбулаторыя, паштовае аддзяленне, магазіны. Апошнім часам вырасла колькасць камерцыйных ініцыятыў, дзякуючы якім ёсць магчымасць адкрываць вытворчасці і ствараць новыя рабочыя месцы. У пасёлку пабудавана сучасная кацельня, вядзецца абнаўленне цеплатрасы і сетак водазабеспячэння, асфальтаванне і ямачны рамонт вуліц. Так, на вуліцы Школьнай разам з асфальтаваннем абсталяваны прыпынак для школьнага аўтобуса. Па вуліцы Школьнай, 27 завяршыўся капітальны рамонт шматпавярховага дома, камунальнікі прыступаюць да запланаванага капітальнага рамонту дахаў чатырох дамоў па вуліцы Перамогі. З кожным годам пасёлкі Наваколасава і Коласава становяцца ўсё больш камфортнымі і добраўпарадкаванымі, у чым заслуга першых памочнікаў сельвыканкама – старастаў Галіны Дземідовіч і Віктара Кузіна. Удзячнасць за аказанне дапамогі выказана індывідуальнаму прадпрымальніку Аляксандру Гаўрыловічу.

Акрамя таго, Наваколасава славіцца спартыўнымі традыцыямі, якія ў тым ліку служаць і выхаванню падрастаючага пакалення. За работу з моладдзю былі ўшанаваны на свяце педагогі і выхавацелі, работнікі ўстаноў адукацыі і ветэраны працы, – Валерый Кузняцоў, Яўгенія Жыбуртовіч, Людміла Кузняцова, Марыя Гузава.

З віншаваннямі звярнулася да аднавяскоўцаў загадчыца аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра Анастасія Мельнікава. Яна ўручыла падарункі сацыяльным работнікам цэнтра, якія абслугоўваюць пажылых жыхароў сельсавета, – Галіне Дземідовіч і Валянціне Давыдэнка. Тэрытарыяльным цэнтрам былі ўшанаваны двое доўгажыхароў – імі па праву названы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Каржанкоў і Уладзімір Шырочын, а таксама шматдзетныя сем’і. Іх у маладым пасёлку не адна-дзве, а цэлых шэсць. Гэта сем’і Наталлі і Сяргея Пузанавых, Таццяны і Дзяніса Сядураў, Святланы і Уладзіміра Трафімавых, Наталіі і Андрэя Бруевых, Алесі і Сяргея Івановых, Наталлі Нічыпаровіч.

Жыхары Наваколасава, якія, адчувалася, сэрцам палюбілі свой пасёлак, цёпла прымалі мастацкія калектывы Стаўбцоўшчыны і зводную канцэртную групу ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. У дадатак да мастацкіх выступленняў былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы, народнае гулянне. І, безумоўна, свята ў Наваколасаве нельга ўявіць без ваенна-палявой кухні, без гарачай салдацкай кашы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>