Гаспадары зямлі дзераўнянскай

11-10-12a

У Дзень пажылых людзей дырэкцыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Дзераўное», Дзераўнянскі цэнтр культуры запрасілі на «агеньчык» ветэранаў працы гаспадаркі, жыхароў аграгарадка Дзераўная.

Работнікі Цэнтра культуры песнямі віталі шаноўных гасцей, багатых на жыццёвую мудрасць і вопыт, і запрашалі іх за святочныя сталы, накрытыя за сродкі дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта ААТ «Дзераўное». Была аформлена экспазіцыя фотаздымкаў «Гаспадары зямлі дзераўнянскай» з гісторыі музея ААТ «Дзераўное» (былога калгаса «Чырвоная зорка»). Да былых працаўнікоў гаспадаркі звярнуўся з павагай і ўдзячнасцю дырэктар ААТ «Дзераўное» Юрый Тарасевіч.

«Была б толькі светлая людзям вада» – так лірычна называлася гасцёўня. Яе вядучая пачала расповед з ушанавання старэйшых працаўнікоў, заслужаных людзей гаспадаркі. Сярод іх – Ганна Францаўна Шушкевіч, Яніна Канстанцінаўна Вярбіцкая і нязменная памочніца гаспадаркі Яўгенія Рыгораўна Лабоцкая. Менавіта яны – носьбіты мясцовых традыцый, жыццёвага ўкладу, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Удзельнік гасцёўні – і вядомы ў акрузе чалавек, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР, кавалер двух ордэнаў Леніна і ордэна «Знак пашаны» Ганна Максімаўна Шаўчурка, якая калісьці працавала галоўным аграномам калгаса. Яе ўклад у развіццё раслінаводчай галіны такі ж важкі, як ураджаі, якімі славілася «Чырвоная зорка». Дзякуючы яе намаганням калгас выйшаў на перадавыя пазіцыі.

Гонар і слава нашай зямлі дзераўнянскай – механізатары. На сустрэчу былі запрошаны Вацлаў Міхайлавіч Гарохавік, Фёдар Мікалаевіч Чычыкайла, Тадэвуш Паўлавіч Шырвель, Іван Уладзіміравіч Бець. Іван Уладзіміравіч яшчэ ў маладым узросце атрымаў адзнаку за сваю працу – ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, медаль ВДНГ, іншыя ўзнагароды. Менавіта яны, механізатары, заўсёды былі сярод першых. А быць першым – значыць, працаваць, не пакладаючы рук.

Асаблівая падзяка была выказана заслужанаму працаўніку гаспадаркі Францу Казіміравічу Касцюкевічу, які амаль паўвека адпрацаваў у гаспадарцы шафёрам. Працуе ён і сёння, у сувязі з чым хочацца не толькі падвесці вынікі яго нястомнай працы, але і адшукаць у глыбіні душы словы захаплення гэтым чалавекам.

Сцяжынка на ферму стала знаёмай і роднай для многіх даярак і цялятніц гаспадаркі. Яшчэ спіць вёска, а яны ўжо спяшаюцца на працу. Так было ў жыцці Юзэфы Іосіфаўны Доўнар, Галіны Антонаўны Шушкевіч, Ніны Станіславаўны Грышан, Яніны Пятроўны Грышан. На працягу многіх гадоў яны ўтрымлівалі першынство па выніках працы. У кожнай з іх свая жыццёвая дарога, свой лёс, але іх аб’ядноўвае адно – яны шчаслівыя. І шчасце іх – у дзецях. Гэтыя матулі выгадавалі па трое-чацвёра дзяцей. Нізкі паклон Ніне Станіславаўне Грышан. Адна, без мужа, яна падняла на ногі чацвярых дзяцей. Гэта сапраўды гераічна! Сёння, будучы ў шаноўным узросце, гэтыя жанчыны па-ранейшаму паспяваюць усюды: сядзібы свае трымаюць у парадку, гаспадарку вядуць, унукаў дапамагаюць выхоўваць, – і пры гэтым застаюцца прыгожымі і абаяльнымі.

На «агеньчыку» былі ўшанаваны залатыя юбіляры – сям’я Леаніда Мікалаевіча і Станіславы Эдвінаўны Дубатоўкаў. У вёсцы пра іх кажуць, што гаспадар і жонка жывуць душа ў душу – паразумення дасягаюць з першага слова, з адзінага погляду. Лідарам і надзейнай апорай у сям’і заўсёды быў Леанід Мікалаевіч. У яго жыцці праца заўжды стаяла на першым месцы, за што і цанілі яго ў «Чырвонай зорцы». Доўгі працоўны шлях прайшла і Станіслава Эдвінаўна. Сям’я выгадавала трое дзяцей. Па прыкладзе бацькоў яны сфарміравалі свой характар, погляды, адносіны да людзей, а бацькоўскі дом для іх – заўсёды надзейны прычал, напоўнены гоманам шасці ўнукаў і дваіх праўнукаў.

На свята таксама была запрошана добрая маці і шчырая працаўніца Марыя Баляславаўна Дзямянка. З любоўю ўспамінаюць пра яе ў гаспадарцы, дзе яна працавала галоўным бухгалтарам. Нарадзіла і выхавала чацвёра дзяцей. Як кветка ў букеце, красуецца ў гэтай сям’і дачушка Ірына, якая працуе ў аддзяленні Аграпрамбанка ў Стоўбцах. Апорай сям’і з’яўляюцца тры сыны – Анатоль, Віктар і Дзмітрый. Дзмітрый працуе ў гаспадарцы механізатарам. Усе клапоцяцца аб матулі, дапамагаюць ёй. Бабулю радуюць восем унукаў. Кожнае імгненне жыцця Марыі Баляславаўны прасякнута працай.

Напрыканцы сустрэчы сваімі ўражаннямі ад імя гасцей падзяліліся Г. М. Шаўчурка, С. Э. Дубатоўка. Словы падзякі былі адрасаваны спонсарам свята – дырэктару ААТ «Дзераўное» Ю. М. Тарасевічу, старшыні прафсаюзнага камітэта Г. У. Карповіч, намесніку дырэктара ААТ «Дзераўное» М. Л. Шыманец. Дзякуючы іх старанням і падтрымцы і адбылася сустрэча ў гасцёўні. Свой цудоўны настрой падарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Цэнтра культуры. Кожнаму госцю былі ўручаны салодкія падарункі ад прафкама ААТ «Дзераўное». Сустрэча запомніцца тым, што ўсе разам спявалі, танцавалі… Пажаданні ветэранам гаспадаркі – заставацца з такім жа моцным характарам, вялікай працавітасцю, павагай да сябе і блізкіх.

Дырэкцыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Дзераўное» і надалей плануюць праводзіць такія святы, каб кожны працаўнік адчуў да сабе клопат і ўвагу.

НА ЗДЫМКАХ: на фоне фотаэкспазіцыі з гісторыі музея ААТ «Дзераўное» – І. У. Бець і Г. М. Шаўчурка; агульны здымак на памяць.

Галіна КАРАЗЕЙ,мастацкі кіраўнік Дзераўнянскага цэнтра культуры

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>