Да Дня маці. Калі сям’я – куточак раю на зямлі

Filed under: Нумары,Сям'я |

11-10-12s

Увага да сям’і Анфалавых з Новага Свержаня прыцягнута тым, што Ганна Аляксандраўна Мінскім аблвыканкамам запрошана на Тыдні маці на ўрачыстасць для ўручэння ёй дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці.

Сям’я нас сустракае ў поўным зборы, ціхі час толькі ў паўтарагадовага Сямёна. Ён, груднічок, прачнецца пазней і настойліва будзе прасіць адасаблення з мамай, якая пахне яму грудным малачком.

Старэйшы ў гэтай сям’і Раман, адзінаццацікласнік стаўбцоўскай гімназіі № 1, там жа вучыцца ў дзявятым класе і Аляксандра. Ілля наведвае мясцовую Навасвержанскую школу, вучыцца ў другім класе. Пяцігадовая Настачка з мамай дома, так жа, як і Сямён. Цікавы факт, што і Сямён, і Анастасія нарадзіліся 8 сакавіка, толькі з розніцай у чатыры гады.

Цэнтрам гэтага вялікага сямейства з’яўляецца тата Віталь Аляксандравіч. На ім – усе клопаты аб тым, каб сям’я была забяспечанай, каб у доме быў дабрабыт, парадак, надзейнасць у заўтрашнім дні. Працаўнік, кармілец, ён разумее высокую ступень адказнасці за тое, што будучае сям’і ляжыць на плячах бацькі.

Што ён робіць для гэтага? Найперш, зарабляе на хлеб. У бацькоўскім доме, таксама ў Новым Свержані, арганізаваў ферму, вырошчвае мяса на продаж. Моліцца, усе ў сям’і з’яўляюцца прыхаджанамі мясцовай старадаўняй Свята-Успенскай праваслаўнай царквы. Наведванне храма і малітва для іх з’яўляюцца нормай. Дзеці займаюцца ў нядзельнай школе. І Віталь, і Ганна аднадушныя ў думцы, што выхаванне дзяцей немагчыма без царкоўнага жыцця, гэта неабходны фундамент, той стрыжань, які дапамагае прытрымлівацца маральных нормаў хрысціянства. Сваімі адносінамі адзін да аднаго яны ствараюць у сваёй сям’і малую царкву. Анфалавы лічаць: каб дзеці выраслі шчаслівымі, добрымі, моцнымі, паслухмянымі, ім неабходна хадзіць у храм, удзельнічаць у царкоўных Таінствах, дапамагаць тату і маме па доме, займацца спортам. Калі ў іх будзе вера ў Бога, то ім няцяжка будзе зразумець, што такое добра, і што такое дрэнна. На лёс дзяцей уплываюць і ўзаемаадносіны паміж бацькамі, іх жыццёвы прыклад. Атмасфера ў сям’і Анфалавых такая, каб старацца нікому не рабіць балюча. Наша жыццё такое кароткае, і патрэбна пражыць яго з цеплынёю да іншых, а яшчэ лепш – з любоўю.

Віталя Аляксандравіча можна браць героем нарыса, калі гаварыць аб высокай ролі бацькі ў сям’і. Ён шмат увагі ўдзяляе дзецям. Яго занятасць па гаспадарцы, іншыя клопаты ў справе арганізацыі малога бізнесу не з’яўляюцца перашкодай у найважнейшай задачы выхавання дзяцей. Напрыклад, са старэйшымі не адзін год займаецца спортам, у тым ліку і адзінаборствам. Пачатак гэтаму паклаў прыклад мясцовага свяшчэнніка айца Сергія Лебедзя, у сям’і якога выхоўваюцца чацвёра дзяцей. Усе веруючыя шматдзетныя сем’і ў навасвержанскім прыходзе аб’ядналіся вакол свяшчэнніка і матушкі Ксеніі. Усё гэта фарміруе пазітыўныя адносіны грамадства да шматдзетных.

Многія гады айцец Сергій вядзе заняткі па агульнафізічнай падрыхтоўцы з мясцовымі дзецьмі і падлеткамі ў спартзале мясцовай школы. Віталь са сваімі дзецьмі наведвае іх. І да таго ж Анфалавы скарыстоўваюць магчымасці новага стаўбцоўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам для арганізацыі свайго вольнага часу. Са старэйшым Раманам ездзяць на трэніроўкі па адзінаборстве. Гэта вельмі спатрэбіцца юнаку, які рыхтуецца да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову сілавых структур. Дарэчы, да паступлення рыхтуецца і дзевяцікласніца Аляксандра.

Аб’ядноўвае сям’ю многае-многае: дапамога дзяцей бацькам у паўсядзённых клопатах, пастаянны ўдзел бацькоў у жыцці дзяцей, інтарэс іх вучобай, захапленнямі, сумесныя мерапрыемствы, чаяпіцці. Згуртавала сям’ю і будаўніцтва ўласнага дома. Шматдзетная сям’я скарыстала льготны крэдыт, за што вельмі ўдзячна дзяржаве. А натхніў Віталя распачаць будаўніцтва сваімі рукамі яго дзед Антоній, выдатны майстра з залатымі рукамі, які і быў кіраўніком усяго будаўнічага працэсу – Царства яму Нябеснае. На дапамогу Віталю прыйшлі чатыры яго браты, якія дружна дапамагалі пабудаваць прыгожы прасторны дом, які цяпер гасцінна прымае ўсіх родных. Дарэчы, у сям’і, дзе рос Віталь, пяць сыноў і адна дачка. Некаторыя з іх маюць ужо свае сем’і, яны веруючыя і таксама шматдзетныя. Усе клапоцяцца адзін аб адным, паказваюць прыклады ўзаемавыручкі, падтрымкі, узаемадапамогі.

Нам здалося, што Віталь гатовы ўсяму свету сказаць, як ён кахае сваю Ганначку. Ва ўсякім разе нам ён гаворыць, што іх сям’я трымаецца на любові. І іх узаемаадносіны – лепшы прыклад для дзяцей у справе іх выхавання і падрыхтоўкі да самастойнага жыцця. Вельмі важна, што дзеці бачаць вялікую працавітасць бацькі, яго клопаты пра іх, яго гарачую любоў да іх маці.

Ганна Аляксандраўна падкупіла нас сваёй абаяльнасцю, жаноцкасцю, мірным станам душы. На ёй таксама вялікі клопат – накарміць вялікую сям’ю, сустрэць усіх утульнасцю, цяплом сямейнага ачага. Ёй гэта выдатна ўдаецца, у іншым выпадку, ці быў бы такі ўдзячны і прызнаны ёй муж, які не адзін раз выказваў свае шаноўныя беражлівыя адносіны да жонкі. У шматдзетнай маці, гаспадыні вялікага дома застаецца няшмат часу для хобі. Аднак Ганна Аляксандраўна яго знаходзіць. І выконвае сваімі рукамі выдатныя рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Цяпер вось робіць шкатулку ў падарунак, дзеці хуценька пабеглі і прынеслі яе, каб паказаць гэтую прыгажосць і выказаць радасць за сваю добрую, мірную, спакойную матулю, ад якой мір і святло перадаюцца ўсім дамачадцам.

На цырымонію ўзнагароджання ордэнам Маці Ганна паедзе разам з мужам. З усмешкай гаворыць, што з апошняй трэніроўкі па адзінаборстве і Віталь, і Раман прыбылі дамоў са «знаками отличия» на тварах. Ехаць у людзі з такім выглядам не хацелася б, усе спадзяюцца, што да таго часу шрам загоіцца. Гэты факт унёс у сям’ю гумар, добрую разрадку і пацеху. На такіх момантах таксама грунтуецца сямейнае шчасце.

У нашым раёне дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці – маюць 54 жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра і больш дзяцей.

Аднак шматдзетныя маці Стаўбцоўшчыны больш сталага ўзросту маюць і іншыя ўзнагароды. У савецкі час яны былі ўдастоены ордэна «Маці-гераіня», ордэна «Мацярынская слава» трох ступеняў і Медаля мацярынства некалькіх ступеняў, у залежнасці ад таго, колькі дзяцей нарадзіла і выхавала жанчына. Гэтыя ўзнагароды з’яўляюцца дарагой рэліквіяй у сем’ях.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>