Да Дня маці. Пра матулю – з любоўю і пяшчотай

Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты «Прамень! Пішу вам з Гродзеншчыны, дзе я жыву і працую. Мой працоўны педагагічны стаж 45 гадоў, 20 з якіх адпрацавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце у ДУА «Лойкаўская сярэдняя школа» Гродзенскага раёна. Зараз на заслужаным адпачынку, але працягваю працаваць кіраўніком народнага музея «Вытокі», які стварыла разам з вучнямі. Напярэдадні Дня маці хачу напісаць пра маю маму, ветэрана працы, простую сялянку, якая выхавала шасцёра дзяцей. Сама яна была непісьменная. У сям’і, дзе яна выхоўвалася, было сем дзяўчат. Прыходзілася выконваць мужчынскую работу: араць, сеяць, жаць, касіць, а вучыцца не было магчымасці. Гэта вельмі добры, светлы чалавек, шчырая працаўніца, якую, упэўнена, памятаюць сяльчане і не толькі. Большасць маіх родных жывуць на Стаўбцоўшчыне. Няхай і яны ўспомняць і памянуць яе добрым словам. Яна гэта заслужыла.           

Маці – найлепшае і найцудоўнейшае з усяго, што створана калі-небудзь прыродай, гэта дом, адкуль мы выйшлі, гэта цяпло і спакой. Вось, напэўна, таму дзень 14 кастрычніка па прыкладзе многіх краін свету ў 1996 годзе ўзведзены і ў Беларусі ў ранг асаблівых. Дзень маці супадае з вялікім народным святам Пакроваў. Паводле тлумачэнняў праваслаўнай царквы, Пакровы – пакрывала Божай Маці, якая абараніла людзей ад бяды… Нашы маці гатовы ратаваць нас ад любога няшчасця, засланіць сваімі грудзьмі, каб толькі з намі нічога не здарылася.

У гэты святы для мяне дзень я заўсёды ўспамінаю сваю мамачку, матулю, Марыю Іванаўну Тамашэвіч з невялічкай, але такой мілай і дарагой для нас вёсачкі Янушкі Стаўбцоўскага раёна. Сумленная працаўніца, заступніца, нястомная ў працы і клопатах аб сваіх дзецях, верная ў бядзе, шчодрая ў радасці і мудрая ў суровай жыццёвай барацьбе. У цяжкія пасляваенныя гады яна выхавала нас, шасцёра дзяцей, разлічваючы толькі на сябе. Працуючы даяркай у калгасе, а гэта значыць, устаць у 3-4 гадзіны раніцы, накарміць і падаіць уручную не менш за 16 кароў, прыйсці дамоў, падпаліць у печы, падрыхтаваць сняданак, прасачыць, каб кожны з нас быў добра абуты і апрануты, і адправіць у школу. Потым яшчэ дагледзець сваю дамашнюю гаспадарку, без яе ніяк было не пражыць вялікай сям’і. Яна ніколі не была раўнадушнай да чужога гора, умела заўсёды прыйсці на дапамогу суседзям, сябрам, параіць, паспачуваць, дапамагчы словам і справай.

Мама была для мяне самым блізкім і дарагім чалавекам. Гэта яна, заўсёды дарагая і мілая, дала мне жыццё, гэта яна сваім цяплом і ласкай сустракала ў роднай хаце нас, шасцёра дзяцей, а пазней і 16 унукаў, якія з вялікім задавальненнем ехалі да бабулі падчас летніх канікулаў. Гэта яна, мая дарагая мамачка, як бы цяжка ёй не прыходзілася, дапамагала мне, тады маладой настаўніцы, гадаваць маё хворае дзіця. Я памятаю яе ўсхваляваныя і неспакойныя вочы. Я бачыла, як нялёгка маме, але яна не хацела паказваць гэтага.

А якія добрыя і мяккія рукі былі ў маёй мамы! З іх ніколі не сыходзіў загар. Маленькія, але моцныя, колькі яны перараблялі ўсякай работы! Залатыя рукі мамы! Колькі багацця яны прыносілі не толькі ў сваю сям’ю, але і на карысць грамадства. Вялікае сэрца мамы заўсёды было адкрыта для нас, дзяцей. Яе жыццё было непарыўна звязана з нашымі клопатамі і трывогамі.

Гадуючы нас, мая мама дзеля нашага шчасця не раз адмаўляла сабе ў самым неабходным, часам недаядала, недасыпала начамі, забываючы аб сабе самой і аб сваіх нават самых звычайных патрэбах, каб толькі мы, яе дзеці, былі здаровымі і вясёлымі. Я не ведаю яшчэ чалавека, які мог бы так мяне зразумець як яна. Гэта яна заўсёды накіроўвала мяне на правільны шлях, даючы карысныя парады. Будучы сама непісьменнай, яна старалася з усіх сіл, каб кожны з нас атрымаў адукацыю і, па яе словах, стаў чалавекам.

Бабуля Эвяліна, якая часта прыходзіла да нас з суседняй вёскі Даўнаршчына, каб дапамагчы, ушчувала маці:

– І нашто яны так доўга ходзяць у школу? Настаўнікамі ж усё роўна не будуць. З вялікай павагай яна адносілася да настаўнікаў, а дзядуля пры сустрэчы з настаўнікам заўсёды знімаў шапку.

Сёння ў нашай вялікай сям’і 11 настаўнікаў розных спецыяльнасцяў. Большасць выбралі родную беларускую мову, пэўна, аказалі ўплыў коласаўскія мясціны. Ёсць сярод нас псіхолагі, настаўнікі пачатковых класаў, выкладчыкі рускай і замежнай мовы, а двое, наогул, маюць вучоную ступень і працуюць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Успамінаюцца маладыя гады, калі нас у бацькоўскім доме, асабліва падчас летніх канікул, збіралася да 30 чалавек, і тады ладзіліся сапраўдныя педсаветы. Гэта для нас быў незабыўны час.

Усё гэта дзякуючы нашай матулі, якая сама і чытаць, і пісаць вучылася ад нас, дзяцей. Таму Дзень маці і Дзень настаўніка ў нашай вялікай сям’і адзначаецца як найвялікшае свята.

Маміна ласка, погляд, словы суправаджаюць і грэюць мяне і сёння, дзе б я ні была. Зараз мы ўсе задумваемся над тым, як мала добрага зрабілі пры жыцці для гэтага святога чалавека, як мала яна чула ад нас, дзяцей, прыемных слоў, як мала было жаданых сустрэч. І заўсёды ў гэты дзень мне хочацца за ўсё гэта папрасіць прабачэння. Даруй нам, мама!

І вельмі горка, калі такое ўсведамленне прыходзіць тады, калі ўжо няма ў жывых гэтага дарагога чалавека. Хацелася б, каб нашы дзеці заўсёды, пакуль у іх ёсць маці, часцей гаварылі ім прыемныя словы, а пры сустрэчах і расстаннях цалавалі іх рукі і не забываліся патэлефанаваць.

Марыя ХРАМЛЮК(Тамашэвіч)

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>