Пра занятасць і прафесіяналізм

1-25-10-26a

Мінулы чацвер быў пазначаны ў календарах адказных за ідэалагічную работу як дзень інфармавання насельніцтва. Члены раённай інфармацыйнай групы выступалі ў працоўных калектывах. Прынялі ўдзел у гэтым важным мерапрыемстве на Стаўбцоўшчыне і адказныя работнікі са сталіцы. Так, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрама Андрэй Някрэвіч сустрэўся з працаўнікамі ААТ «Вішнявецкі-агра». Начальнік аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Міхаіл Кажура, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Мінская праўда» Сяргей Капранаў пабывалі ў працоўным калектыве Стаўбцоўскіх электрычных сетак.

Тэма дня інфармавання «Рынак працы ў Рэспубліцы Беларусь. Асноўныя напрамкі ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва», можна сказаць, і далікатная, і актуальная. Аднак адносна занятасці ў электрасетках пытання асаблівага няма. Калектыў стабільны, паспяховы, вынікі і працоўнай дзейнасці якога, а таксама выступленняў у конкурсах нават міжнароднага маштабу, як нядаўнія спаборніцтвы энергетыкаў краін СНД, дзе прафесійнае ўменне нашай каманды ацэнена другім прызавым месцам, гавораць самі за сябе. Працуюць у электрасетках сапраўдныя прафесіяналы, зарплата дастойная. І калі выпадае вакантнае месца, як зазначыў кіраўнік прадпрыемства Уладзімір Рублеўскі, то тут ужо выбіраюць па конкурсе – самых падрыхтаваных і надзейных.

Міхаіл Кажура і Сяргей Капранаў прыводзілі лічбы і факты, што характарызуюць стан і дынаміку попыту і прапановы рабочай сілы. Так, па стане на 1 кастрычніка 2016 г. у Рэспубліцы Беларусь стаялі на ўліку 40,3 тысячы беспрацоўных, што на 7,9 працэнта менш, чым на той жа перыяд мінулага года, у Мінскай вобласці – шэсць тысяч чалавек. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі склаў 0,9 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі, што характарызуе колькасць грамадзян, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, даводзіцца на адну заяўленую прадпрыемствамі вакансію, знізіўся з 1,6 да 1,1, у вобласці – да 1,2 беспрацоўных на вакансію.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль дапоўніла агульную характарыстыку прыкладамі па Стаўбцоўскім раёне. У нас на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца тры вакансіі. Іншая справа, не ўсе спяшаюцца заняць прапанаванае месца работы, хоць дзейнічае арганізацыя навучання беспрацоўных па запатрабаваных на рынку працы прафесіях, у тым ліку па канкрэтных заяўках наймальнікаў з гарантыяй наступнага працаўладкавання. Дарэчы, пры садзейнічанні службы занятасці ў раёне ў студзені –верасні 2016 года працаўладкаваны на створаныя рабочыя месцы і наяўныя вакансіі 549 чалавек, з іх 364 былі беспрацоўнымі. Накіраваны на навучанне 45 беспрацоўных, на новае месца жыхарства і работы пераселены дзве сям’і.

Адзначаны і найбольш запатрабаваныя прафесіі на рынку працы. Для нашага горада гэта інжынеры, галоўныя бухгалтары, медсёстры, фельчары, цесляры-бетоншчыкі, муляры, сацыяльныя работнікі, прадаўцы, касіры. У сельскай мясцовасці патрэбны аграномы, ветурачы, заатэхнікі, інжынеры, вадзіцелі, жывёлаводы, механізатары. Як бачна, многім ёсць дзе знайсці сваё прымяненне.

Выступоўцы адзначылі, што ўступаюць у дзеянне змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь». У прыватнасці, новай нормай стане скарачэнне максімальнага перыяду знаходжання грамадзян на ўліку ў якасці беспрацоўных з 36 да 18 каляндарных месяцаў, што накіравана на прафілактыку сацыяльнага ўтрыманства.

Уклад кожнага працаздольнага грамадзяніна ў агульную справу сацыяльна-эканамічнага развіцця як рэгіёнаў, так і ўсёй рэспублікі павінен быць належным. На гэтым і была засяроджана ўвага падчас мерапрыемстваў чарговага штомесячнага дня інфармавання.

Ф. БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>