Для здароўя пацыентаў

Filed under: Медыцына,Нумары |

4-23-11-23c

У МЕДЫКАЎ –ЗНОЎ НАВАСЕЛЛЕ

У эндаскапічнае аддзяленне раённай паліклінікі нас прывёў інтарэс паглядзець, як яно выглядае пасля праведзенага рамонту. Ад былога шэрага памяшкання савецкага часу не засталося нічога – заменены дзверы, сантэхніка, падлога, столь, акультураны сцены. У цэнтральнай раённай бальніцы засталося ўжо няшмат службовых памяшканняў, да якіх не дайшлі яшчэ ўмелыя рукі будаўнікоў, якія не былі б прыведзены пад адзіны прыгожы стандарт у сучасным стылі. Працаўнікі эндаскапічнага аддзялення выказваюць вялікую ўдзячнасць галоўнаму ўрачу Святлане Глебка за паспяховую рэалізацыю праграмы карэннага перааснашчэння медыцынскай установы. Рамонтныя работы рознай формы складанасці праводзяцца сваёй ведамаснай будаўнічай брыгадай пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага ўрача па гаспадарчай рабоце Валянціны Папкоўскай. Цяпер будаўнічая брыгада працуе ў тэрапеўтычным аддзяленні, дзе праводзіцца рамонт аптэкі і хола, падшываецца столь на трэцім паверсе паліклінікі. Святлана Глебка ў сваю чаргу вялікую ўдзячнасць выказвае кіраўніцтву Мінскага аблвыканкама за такую своечасовую і адчувальную падтрымку медыцынскіх устаноў у плане іх матэрыяльна-тэхнічнага перааснашчэння. Усе работы выконваюцца гаспадарчым спосабам пры фінансавай падтрымцы з абласнога бюджэту. Толькі ў бягучым годзе стаўбцоўская райбальніца асвоіла на рамонтныя работы 1,5 мільярда недамінаваных рублёў, ці 150 тысяч дэнамінаваных. Удзелена ўвага і сельскім лячэбна-прафілактычным установам – Дзераўнянскай участковай бальніцы, Вішнявецкай і Шашкоўскай урачэбным амбулаторыям.

Нам прыемна адчуць прыўзняты настрой медыцынскіх работнікаў эндаскапічнага аддзялення, якія радуюцца створаным добрым умовам для іх работы. Медыцынская сястра Валянціна Шыдлоўская ўжо больш за трыццаць гадоў працуе ў райбальніцы, а ў эндаскапічным аддзяленні – з дня яго заснавання ў 1990 годзе. Урачам, з якімі даводзілася працаваць – адразу з Аляксандрам Ярмоленкам, затым – з Віктарам Пярхальскім, – Валянціна Паўлаўна стала незаменнай і ўмелай памочніцай. Як гаворыць, эндаскапічныя працэдуры па даследаванні страўніка, дыхальных шляхоў, кішэчніка – не надта прыемныя. Пацыенты прыходзяць напружаныя, часам – спалоханыя. Валянціна Паўлаўна лічыць сваім абавязкам супакоіць іх, пераканаць, што ўсё не так страшна, што цяпер сучасная апаратура, а самае галоўнае – умелыя рукі ўрачоў. У сучасны момант у эндаскапічным аддзяленні працуе хірург з вялікім стажам работы Генадзь Сяліцкі і малады доктар Вольга Капуста, якую вы бачыце на здымку з Валянцінай Шыдлоўскай.

Нам прыемна паслухаць, як Вольга Віктараўна расказвае пра свае будні. Прыгожага маладога ўрача некаторыя пацыенты сустракаюць насцярожана: «Вы можа на практыцы?» За плячыма ж у Вольгі Капуста ўжо восем гадоў урачэбнай практыкі. У цэнтральнай раённай бальніцы яна пачынала прафесіянальную дзейнасць хірургам. Для сямейнага чалавека, жанчыны работа хірургам спалучана з немалымі цяжкасцямі – шматгадзінныя аперацыі, начныя дзяжурствы. І Вольга Віктараўна вызначылася ў спецыялізацыі як урач-эндаскапіст. Прайшла для гэтага патрэбную падрыхтоўку. Для эндаскапіста вельмі патрэбны ўмелыя спрактыкаваныя рукі хірурга, і прафесіяналізм работы са спецыяльнай апаратурай – эндаскопамі. У цэнтральнай раённай бальніцы Вольга Капуста прадстаўляе тую частку маладога пакалення медыкаў, аб кім гавораць, што гэта будучае медыцыны, надзейная перспектыва аховы здароўя. Прыемна, што Вольга Капуста – наша мясцовая дзяўчына, выпускніца СШ № 3 г. Стоўбцы.

Мы затрымліваемся ў аддзяленні ненадоўга – у спецыялістаў няма свабоднага часу, эндаскапічнае даследаванне вельмі запатрабаванае ў дыягностыцы, ды і ў лячэнні, калі справа датычыць, напрыклад, спынення страўнікавага кровацячэння. Так што апараты не адпачываюць, ды і медыцынскія работнікі таксама – у кожнага пацыента свой час на прыём, і рабочы рэжым у медыкаў – «пад завязку».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СУПРАЦЬ НАСТУПСТВАЎ ГРЫПУ

Пад старшынством намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Шэсцеля прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па прафілактыцы вострых рэспіраторных інфекцый.

Актуальнасць разгляду такога пытання абумоўлена надыходам халодных месяцаў, на якія прыходзіцца штогод абвастрэнне эпідэміялагічнай сітуацыі па вострых рэспіраторных захворваннях.

У ходзе нарады з удзелам кіраўнікоў арганізацый, медыцынскіх работнікаў быў прааналізаваны стан гатоўнасці ўстаноў аховы здароўя да правядзення прафілактычных прышчэпак супраць грыпу, а таксама ход выканання рашэння Мінскага абласнога выканаўчага камітэта аб імунізацыі насельніцтва. Як праходзіць гэтая прафілактычная кампанія ў нашым раёне, з інфармацыйнымі паведамленнямі выступілі перад прысутнымі намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Часлава Уласік і загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Пятровіч.

–  На сярэдзіну лістапада, – адзначае Ірына Пятровіч, – ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу склаў 35 працэнтаў ад колькасці насельніцтва. З пачатку кампаніі прышчэплены 13 723 чалавекі, у тым ліку за сродкі рэспубліканскага бюджэту – 4486 чалавек, за кошт мясцовага бюджэту і асабістых сродкаў грамадзян – 6886 чалавек, за кошт прадпрыемстваў – 2361 чалавек. Забяспечаны ахоп вакцынацыяй супраць грыпу асоб з устаноў кругласутачнага знаходжання, медыцынскіх работнікаў, цяжарных жанчын, асоб з імунасупрэсіяй. Першымі завяршылі імунізацыю супраць грыпу філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, СТАА «Мясапрадукт», філіял «Племптушкарэпрадуктар» «Бройлер» ААТ «Агракамбінат» «Дзяржынскі» і іншыя. Разам з тым, недастатковымі тэмпамі праходзіць імунізацыя ў аб’яднанні камунальных службаў, райспажыўтаварыстве, на Стаўбцоўскім філіяле Гарадзейскага цукровага камбіната, кіраўнікам якіх пастаўлена задача забяспечыць у тэрмін да 1 снежня ахоп прышчэпкамі не менш за 40 працэнтаў працоўных. На сучасны момант захваральнасць на ВРВІ на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні. Аднак захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі на працягу каляндарнага года застаецца на высокім узроўні. За 10 месяцаў бягучага года зарэгістраваны 10 024 выпадкі, што на 10 працэнтаў ніжэй узроўню 2015 года. Захваральнасць на грып з пачатку года не зарэгістравана. Па прычыне высокай зменлівасці віруса грыпу і фарміравання высокапатагенных штамаў, асноўным накірункам прафілактыкі захваральнасці на грып разам з правядзеннем інфармацыйна-тлумачальнай работы сярод шырокіх слаёў насельніцтва, вучэбна-трэніровачных заняткаў са спецыялістамі цэнтральнай раённай бальніцы, з’яўляецца правядзенне масавай імунізацыі насельніцтва. Для стварэння неабходнай імуннай праслойкі ў 2016 годзе плануецца ахапіць прышчэпкамі супраць грыпу не менш за 40 працэнтаў насельніцтва.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ДЗЁННЫ НАГЛЯД – З МЕДРАБОТНІКАМ

Тэрытарыяльным цэнтрам ужо больш за год ажыццяўляецца дзённы нагляд для грамадзян пажылога ўзросту.

Дзённы нагляд арганізаваны на базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту згодна з пастановай калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з 1 верасня 2015 года. Асноўнай мэтай гэтай паслугі, якая прадастаўляецца на бязвыплатнай аснове, з’яўляецца дзённы нагляд за пажылымі людзьмі, чые дзеці не ў стане самастойна дагледзець сваіх састарэлых бацькоў па прычыне пражывання ў іншым горадзе, занятасці на рабоце або адсутнасці пэўны час дома па ўважлівых прычынах. Падразумяваецца, што ў тых, у адносінах да каго ажыццяўляецца дзённы нагляд, захаваны функцыі самаабслугоўвання.

– Для ажыццяўлення дзённага нагляду створаны максімальна камфортныя ўмовы ў адпаведнасці з нормамі санітарнага мінімуму і пажарнай бяспекі, – расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс. – Прадугледжаны пакой для прыёму ежы падчас сняданку, абеду. Ежу пажылыя людзі прыносяць з сабою, а спецыялісты аддзялення дапамагаюць ім разагрэць яе на кухні, спецыяльна абсталяванай мікрахвалевай печчу, халадзільнікам, кулерам з пітной вадой, аснашчанай аднаразовым посудам. Да паслуг – неабходная кухонная мэбля.

Для адпачынку пажылых грамадзян у асобным памяшканні ўстаноўлены дзве тахты, што дае магчымасць адначасовага знаходжання двух чалавек. Ёсць камплекты пасцельнай бялізны, прылад для адпачынку: падушка, коўдра, ручнік, шафа для захоўвання бялізны і верхняга адзення. З дапамогай камп’ютара можна слухаць лёгкую музыку. У планах – набыццё тэлевізара.

Для сацыялізацыі пажылых людзей, якія знаходзяцца на дзённым наглядзе, прадугледжана творчая майстэрня. Кіраўнікі гурткоў сумесна з валанцёрамі з ліку актыўных пажылых грамадзян, наведвальнікаў гурткоў, прапануюць заняцца па сваіх сілах і магчымасцях творчасцю, пагутарыць і т. п. Дарэчы, пры жаданні ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту можна шмат чаму навучыцца. Да прыкладу, рабіць разнастайныя шкатулкі, вазы, кошыкі, дэкаратыўныя чайны домік і ветракі. Нядаўна рэалізавана і новая для тэрытарыяльнага цэнтра ідэя –лялькі. Усе вырабы «нараджаюцца» са спадручных матэрыялаў – з так званых газетных трубачак, а шматколернасць надаецца ім з дапамогай фарбы. У творчых майстэрнях, якія дзейнічаюць пры тэрытарыяльным цэнтры, маладыя людзі з інваліднасцю вараць мыла ручной работы, шыюць ручнікі.

Сяргей Есіс заўважае: «За перыяд прадастаўлення паслугі яе выкарысталі трое пажылых грамадзян райцэнтра. Напэўна, жадаючых было б значна больш, калі б у тэрытарыяльным цэнтры быў пандус, не такія высокія прыступкі».

Для пажылых людзей ёсць і прыемная навіна. З кастрычніка ў штаце аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту з’явілася медсястра (0,5 стаўкі). Узяты на працу вопытны спецыяліст, які сочыць за станам здароўя тых, хто знаходзіцца на дзённым наглядзе, а таксама ўсіх наведвальнікаў аддзялення: мерае ціск, выдае рэкамендацыі адносна паляпшэння самаадчування. Папулярнасцю карыстаецца дэгустацыя фітачаёў.

 

ПЫТАННІ ЖЫЛЛЁВЫЯ

Усе маладыя спецыялісты, якія прыбываюць на працу ў цэнтральную раённую бальніцу, атрымліваюць месцы ў інтэрнатах. 16 чалавек маюць магчымасць пражываць у ведамасным інтэрнаце, які знаходзіцца на тэрыторыі былога стаматалагічнага аддзялення. Для медыцынскіх работнікаў выдзелены месцы і ў інтэрнаце філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы.

Паколькі жыллёвае пытанне ў ліку самых важных для замацавання кадраў, кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы ажыццяўляе рэканструкцыю былога памяшкання стаматалагічнага аддзялення пад сямейны інтэрнат для медыцынскіх работнікаў. Рамонтныя работы праводзіць падрадная арганізацыя ПМК-233. Выкананы ўжо важны аб’ём работ, у тым ліку і па мантажы неабходных камунікацый. Цяпер праводзяцца ўнутраныя аддзелачныя работы.

Сіламі ведамаснай будаўнічай брыгады заменены аконныя блокі ў бальнічным інтэрнаце. Будаўнікі прыступаюць да рамонту фасада. Работы праводзяцца гаспадарчым спосабам. Неўзабаве і будынак ведамаснага інтэрната набудзе прывабны абноўлены выгляд, як і многія іншыя памяшканні медыцынскай установы «ва ўзросце».

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>