• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Прафілактыка

Filed under: Медыцына,Нумары |

НЕБЯСПЕЧНАЕ ВІРУСНАЕ ЗАХВОРВАННЕ

Шаленства – небяспечнае вострае віруснае захворванне з прыкметамі паражэння нервовай сістэмы, заўсёды са смяротным зыходам. З пачатку года па раёне зарэгістраваны два выпадкі гэтай хваробы. Першы – у кастрычніку, на тэрыторыі Заямнаўскага сельсавета. Хворымі былі дамашнія гадаванцы – кот і сабака. Другі – у пачатку лістапада. На тэрыторыю жывёлагадоўчай фермы «Цеснавая» наведалася ліса. Няпрошаная лясная госця знішчана. Аналіз пацвердзіў, што яна была шалёнай. Рашэннем райвыканкама на тэрыторыях абодвух сельсаветаў устаноўлены каранцін. Ветслужбай распрацаваны і праведзены мерапрыемствы па ліквідацыі ачагоў шаленства і недапушчэнні распаўсюджвання гэтай хваробы. У Літвенскім сельсавеце арганізавана знішчэнне бадзяжных сабак і катоў, а таксама ліс і ваўкоў. Усяго сёлета занатаваны 33 выпадкі пакусаў людзей дамашняй жывёлай, у прыватнасці, катамі і сабакамі. За гэтай жывёлай на працягу дзесяці дзён вялося назіранне з выкананнем ветэрынарных і санітарных правіл па прафілактыцы шаленства і барацьбе з ім.

Заражэнне шаленствам адбываецца праз сліну жывёлы пры пакусах, драпінах, асліненні скураных пакроваў, слізістую абалонку вачэй, поласці рота, носа. Вірус праз пашкоджанні на скуры можа трапіць у арганізм чалавека нават пры дакрананні з якім-небудзь прадметам або адзеннем, забруджанымі слінай хворай жывёліны. Асаблівую небяспечку выклікае кантакт з дзікай драпежнай жывёлай, пры зняцці скур і разбіранні туш.

Пацярпелыя ад пакусаў жывёлы павінны ведаць, што ўзбуджальнік шаленства можа знаходзіцца ў сліне жывёлы за дзесяць дзён да з’яўлення першых прыкмет захворвання. Таму не трэба разлічваць на тое, што жывёліна, якая вас пакусала, «выглядала нармальна». І ні ў якім выпадку нельга забіваць знешне здаровую жывёліну, якая пакусала або падрапала чалавека. Яна павінна быць ізалявана ад людзей і знаходзіцца пад наглядам на працягу дзесяці дзён. Карміць і даглядаць яе неабходна з усімі мерамі перасцярогі. Толькі пасля гэтага будзе прынята рашэнне аб далейшым лёсе жывёлы.

Калі вас пакусала жывёла, неабходна звярнуцца ў бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя і правесці курс прышчэпак. Варта зазначыць, што ад пакусаў часцей пакутуюць дзеці, якім неабходна пазбягаць непатрэбных кантактаў з жывёлай.

Уладальнікі павінны няўхільна прытрымлівацца правілаў утрымання дамашніх жывёлін, памятаючы, што нясуць адказнасць за іх паводзіны і лёс, а таксама бяспеку людзей. І не толькі адміністрацыйную, але пры нанясенні цяжкіх наступстваў або смерці пацярпелага, і крымінальную.

Своечасовая і рэгулярная вакцынацыя жывёлы – галоўная прафілактычная мера барацьбы з шаленствам. Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, прафілактычная вакцынацыя супраць шаленства з’яўляецца абавязковай для ўсіх відаў дамашняй жывёлы. Вакцынацыя і рэгістрацыя катоў і сабак праводзіцца ва ўчастковых ветэрынарных лячэбніцах: г. Стоўбцы, зав. Мічурына, 1, у рабочыя дні з 8 да 16 гадзін (тэл. 7-41-19); а. г. Дзераўная, у рабочыя дні з 8 да 16 гадзін (тэл. 5-82-96).

 Анатоль ГУСАЧОНАК, галоўны ветурач раёна

 

ГРЫЗУНЫ ХАВАЮЦЦА Ў ПАМЯШКАННІ

З надыходам халадоў у жылыя памяшканні, падвалы, сховішчы з палёў мігрыруюць грызуны – пацукі і мышы. Яны з’яўляюцца пераносчыкамі такіх небяспечных захворванняў, як іерсініёз, лептаспіроз, тулярэмія, шаленства і іншыя. Акрамя таго, яны наносяць страты людзям, з’ядаючы і псуючы прадукты, пакідаюць сляды сваёй жыццядзейнасці ў памяшканнях. Ды і ў многіх людзей яны выклікаюць паніку, страх. Таму грызуноў патрэбна пастаянна знішчаць.

Для лепшай эфектыўнасці дэратызацыйныя мерапрыемствы патрэбна праводзіць у комплексе: падтрымліваць у чысціні тэрыторыю; прадукты харчавання, корм для жывёлы захоўваць у недаступных для іх месцах; складзіраваць гной далей ад жылога дома; старанна закрыць усе шчыліны, вентыляцыйныя адтуліны закрыць металічнай сеткай. Такія прафілактычныя работы павінны праводзіцца незалежна ад таго, ёсць у памяшканні грызуны, ці няма.

Для знішчэння грызуноў можна выкарыстоўваць мышалоўкі, лавушкі з вадою, атручаныя прыманкі.

Атрымаць рэкамендацыі па дэратызацыйных мерапрыемствах і набыць эфектыўныя прыманкі можна ў аддзеле прафілактычнай дэзынфекцыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 19. Жыхары раёна могуць зрабіць заказ па тэлефоне 7-33-39. Пры фарміраванні выезду заказаны прэпарат будзе дастаўлены па заяўленым адрасе.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>