З пытаннямі – да сенатара

4-2-12-03zЧлен Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Стаўбцоўскага, Нясвіжскага і Валожынскага раёнаў, член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Мікалай Вячаслававіч Радаман правёў у Стоўбцах прыём грамадзян.

Да Мікалая Вячаслававіча звярнуўся жыхар горада Стоўбцы па пытанні добраўпарадкавання пешаходнай дарожкі каля дома па вуліцы Цэнтральнай, 3-а. Перш чым штосьці адказаць заяўніку, сенатар пазнаёміўся з планам рамонту вуліц горада ў 2016 годзе, з генеральным планам забудовы горада і паабяцаў, што пытанне будзе вынесена на абмеркаванне пры складанні плана рэканструкцыі і рамонту дарог у г. Стоўбцы на 2017 год. Названы грамадзянін таксама закрануў пытанні аховы грамадскага парадку і работы ЖКГ у горадзе. Па ўсіх праблемных пытаннях адказныя за пэўны ўчастак работы асобы далі тлумачэнні. Пытанні пастаўлены на кантроль.

У канцы прыёму грамадзян рэдакцыя нашай газеты звярнулася з просьбай да Мікалая Радамана расказаць аб сваёй працы ў верхняй палаце парламента і яго асноўнай дзейнасці як старшыні СВК «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна.

–  Мікалай Вячаслававіч, якія ў вас засталіся ўражанні аб першым прыёме грамадзян на Стаўбцоўшчыне?

– Я вельмі задаволены, што на мой першы прыём грамадзян на Стаўбцоўшчыне прыйшлі людзі не абыякавыя, а якія перажываюць за добраўпарадкаванне горада Стоўбцы, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю.

Спадзяюся, што на наступны прыём прыйдзе больш маіх выбаршчыкаў, а ўвогуле, я буду імкнуцца праводзіць прыём грамадзян раз у два месяцы.

Я выбраны членам Савета Рэспублікі ўжо на другі тэрмін, таму заўважыў адну заканамернасць: калі добра працуюць адміністрацыя раёна, райвыканкам, Савет дэпутатаў, то праблемных пытанняў узнікае няшмат, а калі і ёсць, то вырашаюцца на мясцовым узроўні. Так і павінна быць.

–  Вы прадстаўляеце Мінскую вобласць у парламенце ўжо другі тэрмін. Скажыце, калі ласка, якая работа ўскладзена на сенатараў, за што яны ў адказе?

– Тэрмін паўнамоцтваў парламента – чатыры гады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет Рэспублікі згаджаецца ці адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб унясенні ў яе змен і дапаўненняў, аб яе тлумачэнні, а таксама праекты іншых законаў. Савет Рэспублікі надзелены правам заканадаўчай ініцыятывы. Штогод праводзяцца дзве чарговыя сесіі Савета Рэспублікі: вясенняя сесія працягласцю не больш за 90 дзён і асенняя – не больш за 80 дзён. Перад Саветам Рэспублікі шостага склікання стаяць вельмі складаныя задачы. Першая – стварэнне нарматыўна-прававых умоў для дасягнення праграмных мэт, другая – палітычная і арганізацыйная мабілізацыя кадраў. Сёння ўсе заканадаўчыя акты павінны працаваць эфектыўна. Зваротная сувязь з насельніцтвам, уладай, якая на месцы рэалізуе заканадаўчыя акты, – гэта неад’емная частка нашай працы.

– Паважаны Мікалай Вячаслававіч, мы ведаем, што некаторыя сенатары працуюць на пастаяннай аснове, а хтосьці сумяшчае гэтую нагрузку са сваёй асноўнай дзейнасцю. Вы прадаўжаеце працаваць кіраўніком адной з самых вядомых не толькі на Міншчыне, але і ў рэспубліцы гаспадарак – у СВК «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна. Падзяліцеся з нашымі чытачамі асноўнымі пастулатамі паспяховай работы агракамбіната.

–  Адразу скажу, што за 65 гадоў існавання агракамбіната я там толькі трэці кіраўнік. У нас вельмі моцны кадравы патэнцыял. Я працую ў Снове з 1977 года. У гаспадарцы ўсе галоўныя спецыялісты засталіся і сёння працуюць. Гэта прафесіяналы ў аграрным сектары. Многае залежыць і ад кіраўніка. За перыяд, што я працую, мы ўтроілі вытворчасць мяса і малака. Няма межаў для ўдасканалення. Спецыялісты і я як кіраўнік увесь час папаўняем свае веды, будуем, рэканструюем, словам, актыўна працуем. Таму ў нас ёсць і вынік. За бягучы год мы надоім больш за 10 тысяч літраў малака на карову. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы складаюць больш за кілаграм. Павялічваем і пагалоўе жывёлы. Калі ёсць рэпрадукцыйнасць, то ёсць і вынік.

Сярэдняя зарплата ў агракамбінаце – 790 руб. Запазычанасцяў няма. Карыстаемся банкаўскімі крэдытнымі рэсурсамі, але тымі, дзе працэнты не больш за шэсць. Рэнтабельнасць за год складзе дзесьці 17-18%. 1 млн 400 тыс. мы зарабілі за 10 месяцаў. Прадпрыемства на самаакупнасці. Усё пралічваецца. Я заўсёды гавару, што дрэннай зямлі не бывае, бываюць дрэнныя рукі і галовы. Калі прытрымлівацца тэхналогіі апрацоўкі зямлі, то яна аддзячыць добрым ураджаем. Зямлю не падманеш. Вось адсюль і поспех.

–  Дзякуй, Мікалай Вячаслававіч, за сустрэчу. Мы ведаем, што вы за сваю працу атрымалі дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Айчыны ІІІ ступені. Віншуем вас з узнагародай, далейшых вам поспехаў і плённай працы на карысць нашай Радзімы.

Нэлі АСТРЭЙКА,фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>