Сярод нас

Filed under: Нумары,Соцыум |

5-2-12-03c

ШУКАЦЬ ПАЗІТЫЎ

Такім жыццёвым дэвізам карыстаецца новасвяржанка Іна Ермаковіч. Яна – маладая бабуля і цудоўная мама двух сыноў. Вось толькі для свайго старэйшага, Яўгена, не зважаючы на яго 29, яна па-ранейшаму застаецца больш чым мамай, па сутнасці – апорай, апекуном, анёлам-ахоўнікам…

Ніхто не застрахаваны ад таго, што можа стаць чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. Іншым разам такое здараецца (як, напрыклад, з Жэнем Ермаковічам) пры з’яўленні на свет. І маме трэба было знайсці сілы, каб медыцынскі дыягназ сапраўды не стаў «канцом свету», «прыгаворам» для ўсёй сям’і.

– Жыццё набыло зусім іншую каштоўнасць, яно не дае заспакойвацца, таму што ў галаве свідруе адна думка: гэта трэба майму дзіцяці. Хто, як не я?.. – разважае Жэніна мама, упэўненая ў сваёй унутранай моцы. І дадае: – Імкнешся кожны дзень пражыць дастойна.

Пра жыццё, у якім кожны дзень трэба жыць «за дваіх», мы гутарым у вялікім доме Ермаковічаў. Пабудавалі яны яго ўласнымі рукамі, работа не спыняецца і сёння: у двары ўкладваюць з фігурнай пліткі тратуарную дарожку, падрыхтавалі ўсё для замены агароджы, распачалі рамонт у Жэніным пакоі… Гаспадар вернецца з работы на лесазаводзе толькі вечарам, малодшы сын з сям’ёю жыве не з бацькамі, асобна, таму дома толькі Жэня з матуляй. Ён па-свойму бавіць час – малюе, разглядвае фотаздымкі, дзе пабываў разам са Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».

Поўнай нечаканасцю было пачуць ад Іны Ермаковіч, што яна адпрацавала 30 гадоў культработнікам, і толькі ў гэтым годзе пакінула працу (хоць усё роўна ездзіць на рэпетыцыі, бо прыкіпела душой да «Коласавых землякоў») і аформіла сацыяльную дапамогу па доглядзе сына. Такую магчымасць падарылі ёй мужавы бацькі, на якіх увесь час пакідала Жэню. Балазе, адразу яны разам жылі, а потым, калі свой дом пабудавалі, дапамагло тое, што Іна сама ўмее вадзіць машыну. У Ініных словах чуецца вялікая ўдзячнасць родным людзям.

– Настойлівасць, працавітасць перамагаюць усё. У гэтым сэнсе можна сказаць, што вы з Жэнем у значнай ступені дапамаглі сабе самі? – звяртаюся я да Іны.

– А як жа інакш? Калі адзін з членаў сям’і мае абмежаваныя магчымасці, то ў іншых павінна быць больш адказнасці. Гэта выступае як нейкі «рухавік», шчаўчок, які вядзе цябе. Ва ўсім стараюся шукаць пазітыў. Працую над сабою…

– Іна, вы ў ліку першых уступілі ў Стаўбцоўскую пярвічную арганізацыю «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», якая нядаўна адзначыла сваё 15-годдзе. Ведаю, што вы не проста член арганізацыі, а актыўны ўдзельнік гэтага руху.

– Прыгадваюцца 90-я гады, калі на праблемы нашых дзяцей ніхто не звяртаў увагі, было псіхалагічна вельмі цяжка. Гэта пазней пачаліся дабрачынныя мерапрыемствы і акцыі міласэрнасці, сталі мяняцца стэрэатыпы ў грамадстве. Калі ў раёне з’явілася такая арганізацыя, і яе старшыня Ніна Фёдараўна Ганісеўская прапанавала нам уступіць у яе, мы згадзіліся. І адразу адчулі з боку арганізацыі, і адчуваем усе гэтыя гады, магутную маральную падтрымку! Пачаліся сустрэчы з такімі ж сем’ямі, людзьмі аднолькавых лёсаў, і гэта дапамагло ў тым, што знікла пачуццё сораму ад непаўнавартаснасці нашых дзяцей. У дзяцей таксама назіраўся дэфіцыт узаемаадносін, а тут з’явілася адпаведнае асяроддзе. І гэта паспрыяла таму, што пачаў змяняцца наш светапогляд.

Пярвічка на даны момант налічвае 36 сем’яў, але ўсе мы – адна вялікая і дружная сям’я. Дзейнасць яе звязана з сучаснымі сацыяльнымі праектамі, нашы дзеці шмат дзе пабывалі на экскурсіях. Ніна Фёдараўна аб’яднала, згуртавала нас, ведае праблемы кожнага дзіцяці і дапамагае іх вырашаць.

– Што вам пасадзейнічала ў аздараўленні і сацыяльнай адаптацыі сына?

– У 2007 годзе нас запрасілі на аздараўленне ў санаторый «Пралеска», і гэтыя 10 дзён, што правялі на беразе Мінскага мора, у акружэнні ірландскіх валанцёраў, якія працавалі з дзецьмі і маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі па спецыяльных аздараўленчых праграмах, сталі для мяне сапраўднай «рэвалюцыяй». Раней я была ўпэўнена, што маё дзіця – некамунікабельнае, не здольна правільна паводзіць сябе ў грамадскіх месцах. Але, аказваецца, я памылялася. Пасля 10-ці дзён у «Пралесцы» я ўбачыла свайго Жэню зусім іншым. Ён і сам цяпер просіцца ў паездкі. Мы з ім нават самастойна з’ездзілі ў мінскія заапарк, дэльфінарый. Няхай хоць хвіліначка радасці будзе ў дзіцяці. У 2015 годзе былі з ім на аздараўленні ў рэспубліканскім цэнтры «Надежда» ў Вілейскім раёне. Гэта таксама вельмі дапамагло і мне, і Жэню ў плане матывацыі і адаптацыі.

– Якія вашы ўражанні адносна безбар’ернага асяроддзя, культуры адносін да людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

– Адназначна, людзі сталі больш уважлівымі да нас – у магазіне, грамадскім транспарце. Прапануюць руку, саступаюць месца. Бачу, што паляпшаецца сітуацыя з безбар’ерным асяроддзем. Але галоўнае, лічу, – каб людзі самі не стваралі бар’еры. Мой Жэня, да прыкладу, любіць рана ўставаць, выйсці на вуліцу… Суседзі яго абавязкова прывітаюць, завяжуць размову. Прыемна, што няма ніякіх бар’ераў, і ён адчувае сябе такім жа, як усе.

– Вы з сынам знайшлі сваю кропку апоры, і гэта цудоўна. Так, напэўна, і ў многіх іншых сем’ях, дзе ёсць маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Садзейнічае гэтаму дзяржава, грамадскія арганізацыі, што відавочна на прыкладзе Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі. Размова ідзе пра сацыялізацыю, інклюзіўныя магчымасці.

– І гэта справядліва, бо сёння мы не ўжываем слова «інвалід», а кажам: людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Важна дапамагчы ім адчуць сябе карыснымі. З Жэнем мы, зразумела, дом не пабудуем, але пасадзіць дрэўца – чаму б і не? Работа гэтая нам па сіле, а вынік яе – іншае адчуванне жыцця. Таму мы не супраць, каб нашу пярвічную арганізацыю часцей запрашалі да ўдзелу ў падобных акцыях.

– Якія задачы вы ставіце перад сабою?

– Для нас асноўная задача на бліжэйшы час – адаптаваць сына да рэгулярнага наведвання аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра. Для яго гэта будзе азначаць пэўнае развіццё, далейшую сацыялізацыю, а ў мяне з’явіцца магчымасць удзяліць больш увагі хатнім справам, унукам і т. п.

– Да Новага года ўжо рыхтуецеся?

– Чакаем гэтае свята. Жэня з задавальненнем упрыгожвае ёлку, робіць гірлянды. Новы год – у ліку любімых яго святаў. А летам з ахвотай збіраем грыбы, бываем на прыродзе.

НА ЗДЫМКУ: сем’і Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі падчас адной з экскурсій.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СТАНЕМ БЛІЖЭЙ

У Стоўбцах прайшло хвалюючае і непаўторнае свята для дзяцей. Арганізатары акцыі – беларускія артысты, якія імкнуцца звярнуць увагу на праблемы дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі або засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў.

Такім чынам, штомесяц пад кіраўніцтвам артысткі Арыны Войт у розных гарадах Беларусі праходзіць акцыя «Станем бліжэй» у рамках рэспубліканскай дабрачыннай кампаніі «Забота» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Такая акцыя завітала і ў Стоўбцы. Разам з Арынай Войт у святочнай праграме прынялі ўдзел і яе калегі- артысты: Дзіяна Шыманоўская, Alen Hit, гітарыст Багдан Грышко, Ганна Ярчынская, а таксама танцавальны калектыў «Німфея».

Выдатная музыка, добрыя песні і пазітыўная атмасфера зрабілі сустрэчу незабыўнай. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі свята. Па завяршэнні сустрэчы кожны з іх атрымаў на памяць падарунак, а таксама дзецям былі прапанаваны вопратка, цацкі і школьныя прылады, сабраныя ў ходзе акцыі.

Дапамогу ў арганізацыі і правядзенні акцыі ў Стоўбцах аказалі ТАА «Млеко Чиз», агенцтва PJ technics, ДУ «Стаўбцоўская ДЮСШ», валанцёры ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы», КВУП «Стаўбцоўская друкарня». Такая добрая справа знайшла водгук і ў высакародных сэрцах жыхароў нашага горада, сярод якіх – Юлія Сазон, Анатоль Пазняк, Таццяна Крыўко.

Ад сябе асабіста і ад жыхароў нашага горада хачу выказаць шчырае прызнанне гэтым людзям.

Акцыя «Забота» працягваецца. Для тых, хто хоча аказаць дапамогу дзецям, паведамляем рэквізіты: рэспубліканская кампанія «Забота» па аказанні дабрачыннай дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу, разліковы рахунак 3015006443719 у аддзяленні 537 г. Мінска ААТ «Белінвестбанк», код 739, УНП 100648873 (з абавязковай пазнакай – «Забота»).

Ірына ЖАЎНЯРКЕВІЧ,старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>