Паўстагоддзя ў прафесіі

9-2-12-03b

Першы дзень сёлетняга снежня ў жыцці фотакарэспандэнта Васіля Зянько – цудоўная жыццёвая дата. Ён адзначыў паўвекавы юбілей работы ў прафесіі. Ніколькі не скрывае, з хваляваннем і ўдзячнасцю Богу гаворыць, што для яго гэта – важная частка жыцця не толькі як журналіста, але і як асобы, як чалавека.

Васіль Васільевіч давярае мне свой аповед з іскрынкамі слёз у вачах. Сельскае дзіця ўпершыню ўбачыла, як з ніадкуль з’яўляецца фотаадлюстраванне, у лабараторыі швагра, мужа сястры Зіны, Антона Юнцэвіча, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць у рэдакцыі стаўбцоўскай газеты «Прамень» фотакарэспандэнтам. Было гэта ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Інтарэс да фатаграфіі быў настолькі глыбокі, што бацькі выкраілі з сямейнага бюджэту грошы і купілі свайму Васілю, сямікласніку, фотаапарат «Смена М». Ён не расставаўся з ім ні на дзень. У школе стаў фатаграфаваць і афармляць альбомы, якія ўдзельнічалі нават у ВДНГ. Ён не толькі ілюстраваў, але і сам афармляў іх, у чым праследжваўся яўны дар мастака. Забягаючы наперад, скажам, што гэты талент унаследавалі сыны: Андрэй, выкладчык мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, і Васіль, мастак, высокапрафесійны спецыяліст дэкаратыўна-манументальнага жывапісу, выпускнік Акадэміі мастацтваў, які ўдзельнічаў нават у мастацкім роспісе Палаца Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ды і ўнукі Аляксей і Васіль не абдзеленыя гэтымі мастацкімі здольнасцямі і паспяхова развіваюць іх – адзін у вышэйшай навучальнай установе, рыхтуючыся стаць архітэктарам, другі – у агульнаадукацыйнай школе і ва ўстановах дадатковай адукацыі.

…1965 год выдаўся вельмі грыбным. Васіль з бацькам вярнуліся з лесу, які адразу ж за іх сядзібай, з паўнюткімі чатырма кашамі адных баравікоў. Павезлі прадаваць на Камароўку ў Мінск. Шчаслівыя, з пустымі карзінамі, накіраваліся дамоў. Зайшлі ў магазін, хлопец убачыў фотаапарат «Зеніт», на той час вельмі дарагую рэч, якую далёка не кожны мог набыць. У Васіля не было сіл выпусціць яго з рук. Бацька стаяў, назіраў, сэрца яго адгукнулася настолькі, што ён прыняў рашэнне зрабіць сыну падарунак. Ім прыйшлося толькі крышку дакласці да выручаных ад баравікоў грошай. На чыгуначным вакзале Васіль расчахліў свой неацэнны клад і зрабіў здымак, які захоўваецца ў яго і цяпер. Пра бацьку Васіль Васільевіч заўсёды ўспамінае са шчымлівым пачуццём. Сваю любоў і пашану да яго ён уклаў у мастацкі здымак роднага чалавека, апублікаваны ў адной з чатырох выдадзеных Васілём Зянько аўтарскіх кніг – фотаальбоме «Скрыжалі». А ў кнізе літаратурных аповедаў пра малую радзіму «Воўкавы віры» прыгожая асоба бацькі стала правобразам персанажаў твораў.

Сваім каштоўным набыткам Васіль стаў здымаць не толькі для школы. У 10-м класе ў раённай газеце выйшаў яго першы фотарэпартаж пра меліяратараў. Гэта была сенсацыя не толькі для яго самога, сям’і, але і для сельскай школы. Васіль Васільевіч гаворыць, што ён і цяпер памятае прозвішчы герояў яго артыкула – экскаватаршчыкаў Гарохавіка і Чычыкайлы. Яго любімы настаўнік Паляшчук Фёдар Пятровіч абняў хлопца за плечы і сказаў: «Старайся, можа з гэтага хлеб будзеш есці».

Так і сталася. У Глебаўскае мастацкае вучылішча просты вясковы хлопец пасля заканчэння школы без падрыхтоўкі не паступіў. Пайшоў працаваць у мясцовы калгас рахункаводам. Здымаў пейзажы, дасылаў у мясцовую газету фотазамалёўкі пра калгаснікаў. У гэты час адбылася рэарганізацыя – быў утвораны Уздзенскі раён. Там стваралася раённая газета. Некаторыя супрацоўнікі стаўбцоўскага «Праменя» паехалі туды на працу. Неяк Васіля выклікалі ў рэдакцыю і спыталі, ці не хацеў бы ён паспрабаваць працаваць у газеце. Ён не гатоў быў да такога павароту падзей, разгубіўся, сказаў, што трэба спытаць у бацькі. На сямейным савеце вырашылі з’ездзіць ва Узду. Да гэтага Васіль далёка ад дому адзін не выязджаў. Выйшаў з аўтобуса, аглядваецца на вакзале. Заўважыўшы ў юнака на плячы фотаапарат, падбягае да яго адзін чалавек: «Вы б не хацелі працаваць у рэдакцыі? Шукаем фотакара.» «А я і прыехаў у рэдакцыю», – абрадаваўся Васіль. Цяпер ужо, з багажом жыццёвага вопыту і мудрасці, Васіль Васільевіч гаворыць, што гэта быў яўны знак Божы ў адносінах да яго далейшага лёсу.

Спадарожнік яго, рэдактар радыё Яўген Амбражэвіч, завёў юнака ў рэдакцыю, тут жа знайшлі яму кватэру непадалёку. І стаў Васіль Зянько фотакарэспандэнтам «Чырвонай зоркі». Праз год быў прызваны ў армію. Трапіў служыць у Маскву. Фотаапарат з рук не выпускаў. Прайшоў курсы радыётэлеграфіста, служыў на тэлеграфе. Як фотакарэспандэнт быў запатрабаваны ў вайсковых выданнях, друкаваўся нават у саюзнай газеце «Красная Звезда». Фотаапарат яму быў кармільцам. У часці служылі ваеннаслужачыя з усяго Савецкага Саюза, многія з добрымі даходамі. Васіль з дружбакамі-вайскоўцамі рабілі ім фота для адпраўкі каханым і родным у іх рэспублікі і атрымлівалі ўзнагароджанне. Перад «дэмбелем» Васіль змог купіць сабе стыльны касцюм, гадзіннік і радыёпрыёмнік.

Калі вярнуўся з арміі, месца ў «Чырвонай зорцы» было занята. Ён уладкаваўся на працу ў дзяржынскую газету, а ў 1972 годзе вярнуўся ў стаўбцоўскую раённую.

Цеснай будзе газетная плошча, каб расказаць аб рабоце ў рэдакцыі майго калегі, з якім мы доўгія гады працуем поплеч і па-сяброўску дзелім адзін кабінет. Наш тандэм – пішучага і здымаючага журналістаў, які існуе на працягу многіх гадоў, дае нам дазвол думаць: добра было б напісаць кнігу аб буднях рэдакцыі. Я маю магчымасць не толькі захапляцца прафесіяналізмам Васіля Зянько, сустракаючы яго здымкі ў свежых выпусках газет, але і назіраць, як нараджаюцца гэтыя шэдэўры. Яго аб’ектыў, сэрцам і рукамі майстра, можа перадаць унікальнасць і прыгажосць чалавека, важнасць падзеі, непаўторнасць прыроды. Не адзін раз я была ў захапленні, як мой сябар-калега выратоўваў мой, часам няўдалы, здымак умелым кадрыраваннем, патрэбнай апрацоўкай.

Цяжка знайсці аўтарытэтнае рэспубліканскае выданне, дзе б не друкаваўся Васіль Зянько. Ён – заслужана прызнаны ў краіне фотарэпарцёр. Аб гэтым засведчаць і званні – лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» (2000 год), Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара» (2008 год) і дыпломы «Лепшы фотакарэспандэнт Мінскай вобласці» (2006 і 2015 гады). Васіль Васільевіч – пераможца і прызёр шматлікіх міжнародных конкурсаў. Мае ўзнагароду Экзархата Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Чалавек тонкага гумару, Васіль Васільевіч на ацэнку яго работы часта заўважае: мэтр. Гаворыць гэта так, што заўсёды ўсміхнешся. А мы афарбуем гэтае слова і такімі эпітэтамі – фотамастак, фоталетапісец, фотаталент.

Святлана ЖЫБУЛЬ

P.S. Калектыў рэдакцыі раённай газеты «Прамень» шчыра віншуе свайго калегу Васіля Зянько з 50-годдзем працоўнай дзейнасці. Жадаем добрага здароўя, шчасця, радасці, дабрабыту, творчага натхнення і яшчэ доўгія гады радаваць сваімі фотазамалёўкамі нашых чытачоў і падпісчыкаў.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>