Завітаць у рэзідэнцыю стаўбцоўскага Дзеда Мароза

10-31-12

Сёлета ўпершыню займелі сваю лясную рэзідэнцыю стаўбцоўскія Дзед Мароз са Снягуркай. І першымі даведаліся пра гэты набытак вучні Коласаўскай сярэдняй школы – цікаўныя дзяўчынкі і хлопчыкі, якія разам са Стаўбцоўскім бюро падарожжаў і экскурсій адправіліся на турбазу «Высокі бераг».

Дзед Мароз з чароўнай сяброўкай Снягуркай выйшлі на кліч дзяцей з ляснога абшару, што скрозь атуляе турбазу. Для самых маленькіх і для старэйшых удзельнікаў прадстаўлення менавіта гэты рух стаў паваротным момантам, з якога, здаецца, усе паверылі ў тое, што казка можа ўвасабляцца на яве.

Іх цікаўныя вочкі сачылі літаральна за кожным крокам навагодніх персанажаў. Чуваць было, як пад іх нагамі хрумсцеў снег. І ў звонкай зімовай цішыні Дзед Мароз, пастукваючы аб зямлю посахам, заспяваў: «Я – Мароз, чырвоны нос, вышэй ёлак і бяроз, і мацней за ўсіх я. Я на рэчку хадзіў – рэчку я супыніў, я ў лесе гуляў – яго снегам прыбраў…»

І сапраўды, як не паверыць гэтаму: лес стаяў прыцярушаны, святочны, а блізкая да яго стужка ракі Нёман не падавала ніякіх прыкмет жыцця пад блакітам лядовага покрыва. Але – аб усім па парадку…

Дабрацца да гэтага Дзеда Мароза-чараўніка аказалася не так і проста. Дарога ад Наваколасава да турбазы – гэта адно. Праўда, дзеці яе не прыкмецілі, бо «выпадкова» падабралі па дарозе Мышку і Зайца. Мышка аказалася не толькі забаўнай, а і вясёлай спадарожніцай – стала знаёміцца з усімі і ладзіць гульні прама ў аўтобусе. Заяц ёй дапамагаў. Перашкоды пачаліся, калі выйшлі з аўтобуса. «Дзед Мароз прыдумаў гэтыя перашкоды», – піскнула Мышка і дала знак дзецям бегчы за ёй.

Іх імклівае падарожжа па тэрыторыі турбазы спынілі хітрыя загадкі з розных казак, на якія трэба было знайсці адгадкі. У рыфму прасілася адно, а па сэнсе падыходзіла зусім іншае. Ды нічога, дзеці хутка з’арыентаваліся. Адгадкі давалі гучна, хорам: Шапакляк, Іван-царэвіч, Карлсан, Дзюймовачка, Хатабыч, Мальвіна…

Справіліся з адной перашкодай, а ўжо другая не пускае далей. Разам падбіралі прыметнікі, каб дапісаць пісьмо Дзеду Марозу. А колькі смеху выклікала заданне Бабы-ягі?! Трэба было прайсці так, як яна, і паскакаць з ёю на адной назе. І пагулялі, і пагрэліся адначасова. А яшчэ – скарацілі адлегласць да рэзідэнцыі стаўбцоўскага Дзеда Мароза.

А ён, як і яго казачныя памочнікі (ды і ўсе дзеці, што прыехалі на навагодняе прадстаўленне), аказаўся вялікім аматарам гульняў. Самая любімая забава ў Дзеда Мароза – «Замарожу!». Гулялі ў яе каля ёлачкі, сапраўднай лясной прыгажуні, што падміргвала каляровымі агеньчыкамі. Спявалі песні, вадзілі карагоды і танцавалі. Дзед Мароз хутка пазнаёміўся з кожным сваім госцем. Ён павіншаваў з Новым годам і Калядамі, уручыў кожнаму падарунак. І дзецям даў магчымасць павіншаваць сваіх сяброў і аднакласнікаў, педагогаў. А яшчэ быў прыемны пачастунак – бліны з чаем, сэлфі на памяць…

– Ці спадабалася вам у рэзідэнцыі Дзядулі Мароза? – запыталі мы ў дзяцей пасля прадстаўлення. Адказ быў сцвярджальны. Ды і эмоцыі дзетвары гаварылі самі за сябе, без лішніх слоў. Аналагічна разважалі і педагогі: «Спадабалася атмасфера свята. Сучасных дзяцей цяжка чым-небудзь здзівіць, аднак «фішкай» сталі сімпатычныя персанажы».

Дырэктар Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій і адзін з арганізатараў гэтага новага для Стаўбцоўшчыны праекта Леаніда Высоцкая выказала вялікую ўдзячнасць дырэкцыі і ўсяму калектыву Коласаўскай школы, якая аказалася самай смелай, адгукнулася на прапанову і выбрала пакуль «нераскручанае» прадстаўленне ў сваім раёне.

– Стараліся ўсе, хто зацікаўлены ў развіцці турысцкіх паслуг на Стаўбцоўшчыне, наданні раёну адпаведнага іміджа. Умовы для гэтага ёсць, – выказала свой пункт гледжання Леаніда Высоцкая. – Раённы Цэнтр культуры падабраў слаўных акцёраў, якім удалося завесці дзяцей у казку. Аўтапарк № 17 унёс сваю лепту – выдзеліў для дастаўкі груп камфартабельны аўтобус з вадзіцелем-прафесіяналам, у тым ліку на турысцкіх маршрутах, Іванам Карніцкім. Калектыў турбазы на чале з дырэктарам Андрэем Пятровічам Гаўрошам паклапаціўся пра гасцінны прыём. Спрыяла, як мне здаецца, і непаўторная аўра Коласавых мясцін. У ходзе рэалізацыі праекта відавочнымі сталі і слабыя месцы, узнікла шмат задум, над якімі яшчэ трэба працаваць, – падвяла вынік Леаніда Высоцкая.

Будзем спадзявацца, што распачаты праект атрымае дастойны працяг і стане брэндам Стаўбцоўшчыны. А турбаза «Высокі бераг» ужо з’яўляецца нашай візітнай карткай. У апошнія гады яна прымае на сваіх добраўпарадкаваных пляцоўках тысячы турыстаў з усёй рэспублікі, якія ладзяць тут свае турыстычныя злёты і фестывалі, арганізуюць семінары і карпаратыўныя сустрэчы. Заказы на іх правядзенне ажыццяўляюцца, як правіла, загадзя, задоўга да летняга перыяду. Ёсць попыт і на адпачынак у камфартабельных нумарах. Міжсезонне адметнае святамі, аказаннем іншых паслуг.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>