З юбілеем, маэстра!

У пярэдадзень Калядаў у Белдзяржфілармоніі прайшоў юбілейны канцэрт Аляксандра Крамко – заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, уладальніка ордэна Францыска Скарыны і – гэта асабліва прыемна ўсведамляць – нашага знакамітага земляка. Невыпадкова, што ў паўнюткай Вялікай канцэртнай зале прысутнічала шмат стаўбчан з букетамі кветак.

11-31-12

З паклонам ад землякоў узняліся на сцэну начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік разам з дырэктарам Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрыем Слесарчыкам і кіраўніком народнага духавога аркестра «Віціны» Аляксандрам Нічыпаровічам.

Калісьці Аляксандр Крамко пачынаў сваю працоўную біяграфію на Стаўбцоўшчыне – працаваў у цяперашнім раённым Цэнтры культуры, паралельна іграў у аркестры стаўбцоўскай школы мастацтваў, педагогі якой, дарэчы, былі яго першымі настаўнікамі музыкі. Яны прыгадваюць: бадай, няма таго музычнага інструмента, на якім не зайграў бы гэты музыка-віртуоз. Яму падуладныя фартэпіяна, акардэон, баян, гітара, безліч народных і струнных інструментаў… Да таго ж, ён сам піша музыку, аранжыроўкі. І сёння, калі служыць Музыцы і Мастацтву ў Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, шмат зрабіў для адраджэння беларускай музычнай мінуўшчыны, яго сувязь са Стаўбцоўшчынай не губляецца.

 «Асаблівая ўдзячнасць Аляксандру Яўгенавічу за тое, што дапамагае творчым калектывам раёна, адгукаецца на любую нашу просьбу аб удзеле ў конкурсе ў якасці старшыні або члена журы», – падкрэсліла Алена Суднік.

Сёлета, у Год культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко адзначае дзве знамянальныя ў сваім жыцці даты – 30-годдзе творчай дзейнасці і 55-годдзе з дня нараджэння. Своеасаблівая справаздача перад сабою і прыхільнікамі яго таленту прайшла ў надзвычай натхнёнай і сяброўскай атмасферы. Талака з таленавітых вучняў Аляксандра Крамко вітала гледачоў яшчэ на падыходзе да канцэртнай залы. З дапамогай дудак і дудаў, акарынаў і валынак яны, нібыта птушкі, звінелі і заліваліся на розныя галасы.

Больш за дзве гадзіны юбіляр шчыраваў ля дырыжорскага пульта. Прыемным сюрпрызам для слухачоў стала выкананне акадэмічным народным аркестрам пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Крамко кампазіцый у такіх экстравагантных стылях, як джаз, рок-н-рол. Публіка была проста ў захапленні ад папулярнай інструментальнай музыкі, музыкі з кінафільмаў. Гэта ўсё акурат тое ўнікальнае, што адрознівае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча ад іншых вядомых калектываў рэспублікі. У аркестры, паводле слоў яго мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Міхаіла Казінца, вялікім здабыткам з’яўляецца асоба Маэстра Крамко.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>