«Кругліца» – з каларытам роднага

12-31-12

Найпрыгажэйшымі чыстымі, роднымі мелодыямі радуе заўсёды слухачоў народны ансамбль народных інструментаў «Кругліца». Гэты прыгожы калектыў сабраў выкладчыкаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Першая скрыпка ў ансамблі – Таццяна Кот, другая – Ала Імамутдзінава, духавыя інструменты – Сяргей Лубчонак, цымбалы – Анастасія Бар’ясь, балалайка альт – Ірына Клінцова, балалайка секунда – Юлія Зачэпа, балалайка прыма – Іна Пугач, баян – Ягор Дырда, акардэон – Анастасія Кудзіна, бас гітара Артур Лапкоўскі, ударныя інструменты – Арцём Варанко і Тамара Несялоўская. Гэта вельмі прыгожы касцюміраваны ансамбль, які іграе строга выбраны рэпертуар, заснаваны на беларускай музыцы, у тым ліку і народнай – апрацоўкі народных песень і танцаў. У репертуары калектыву ёсць творы айчынных і замежных кампазітараў розных стыляў і стагоддзяў. Выдатнае выканальніцкае майстэрства забяспечвае прафесіяналізм кожнага ўдзельніка ансамбля і, безумоўна, дырыжорскі талент мастацкага кіраўніка ансамбля Генадзя Несялоўскага.

Стаўбчане мелі магчымасць у снежні паслухаць выдатны канцэрт ансамбля «Кругліца» на творчым вечары калектыву ў раённым Цэнтры культуры з нагоды 50-годдзя з дня заснавання ансамбля.

Апошнія дзесяць гадоў мастацкім калектывам з адказнасцю і вялікім творчым інтарэсам кіруе загадчык аддзялення народных інструментаў Генадзь Несялоўскі, у якога з настаўніцкай дзейнасцю ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў звязаны амаль чатыры дзесяцігоддзі прафесійнага лёсу. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Генадзь Уладзіміравіч мае кваліфікацыю дырыжора і выдатна рэалізуе яе ў гэтым мастацкім калектыве, аб чым засведчыць цудоўнае ансамблевае гучанне інструментальнага гурта.

Калектыў не адзін раз пацвярджаў свой статус на канцэртах за мяжою – у Францыі, Вільнюсе, Расійскай Федэрацыі, Польшчы. Ансамбль пастаянна ўдасканальваецца, папаўняецца маладымі выканаўцамі.

Гісторыя ж яго бярэ адлік з 1966 года. Яго заснаваў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Таран, на той час – дырэктар раённага Дома культуры. Калектыў сваім высокім статусам абавязаны і выкладчыку Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Эдуарду Лямбовічу, які яго ўзначальваў у пачатку 70-х гадоў. У 1976 годзе за вялікую дзейнасць па прапагандзе музычнага мастацтва і высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства аркестр народных інструментаў атрымлівае званне «народны». У 1979 годзе ў аркестры было 37 выканаўцаў. У такім складзе ён праіснаваў да 2002 года і быў рэарганізаваны ў ансамбль. Тады кіраўніком калектыву выступала Ірына Пазняк. У гэты час па ініцыятыве тадышняга загадчыка аддзела культуры райвыканкама Анатоля Грэкава ансамбль атрымаў прыгожую і ўдалую назву – «Кругліца». Так называецца невялікая лясная вёсачка на Стаўбцоўшчыне.

Кожны кіраўнік калектыву пакінуў свой яркі след і свой адметны почырк у гісторыі ансамбля.

На творчым вечары калектыву-юбіляру выказана шмат віншаванняў і слоў прызнання. У ліку іх былі і прыгожыя музычныя віншаванні – ад народнага вакальнага ансамбля «Берагіня», народнага фальклорнага ансамбля «Коласавы землякі», дуэта «Пяшчота» Вішнявецкага дома культуры, народнага вакальнага ансамбля «Дольніца», салістаў – выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў Людмілы Канаплянікавай-Доўнар, Валерыі Вясёлка, лаўрэатаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, выпускнікоў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Лявона Несялоўскага і Паліны Міткевіч.

Дзякуючы такім высокамастацкім калектывам Стаўбцоўшчыны як народны ансамбль народных інструментаў «Кругліца» мы маем магчымасць слухаць музыку, якая ўзвышае душу і далучае да лепшых вытокаў нацыянальнай спадчыны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Паўла САВІЦКАГА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>