На дарогах – «Бяспечныя канікулы»

Filed under: Ахова правапарадку,Нумары |

На дарогах раёна працягваецца абласная прафілактычная акцыя па папярэджанні дарожна-транспартнага траўматызму сярод дзяцей – «Бяспечныя канікулы».

За 11 месяцаў 2016 года на дарогах Мінскай вобласці адбылося 70 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх сем дзяцей загінулі і 68 – атрымалі цялесныя пашкоджанні. З удзелам дзяцей-пешаходаў зарэгістравана 31 ДТЗ, прычым 13 з іх – па віне дзяцей. На дарогах раёна з удзелам непаўналетніх адбылося тры ДТЗ, у іх трое дзяцей атрымалі цялесныя пашкоджанні. Усе тры ДТЗ здарыліся падчас летніх канікулаў.

Так, 1 чэрвеня каля 19.40 падчас руху па дваровай тэрыторыі ў Стоўбцах вадзіцель наехаў на малалетняга пешахода, 2012 года нараджэння. У Новым Свержані 13 чэрвеня ў 09.45 на вуліцы Чыгуначнай адбыўся наезд на 15-гадовую дзяўчыну, а 21 жніўня каля 10.40 на вуліцы Трактарнай – на пешахода 2008 года нараджэння.

Ва ўсіх трох выпадках дзеці пацярпелі з-за таго, што нечакана выбеглі на праезджую частку дарогі. Больш таго, хлопчык, які пацярпеў на дваровай тэрыторыі, быў з матуляй, аднак яна не заўважыла, у які момант сын выбег на дарогу. Гэта сведчыць аб тым, што пра правілы дарожнага руху павінны памятаць і быць уважлівымі не толькі дзеці, а і іх бацькі. Нярэдка менавіта дарослыя ствараюць небяспечныя сітуацыі для сябе і сваіх дзяцей, у прыватнасці, у выпадку, калі перавозяць дзяцей у аўтамабілі з парушэннямі, без дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў.

Самымі небяпечнымі па дарожных здарэннях лічацца выхадныя дні і канікулы. У сувязі з гэтым у рамках акцыі «Бяспечныя канікулы» прайшлі прафілактычныя гутаркі супрацоўнікаў ДАІ ў школах, выступленні на бацькоўскіх сходах і ў працоўных калектывах. Звернута асаблівая ўвага на выкарыстанне дзецьмі-пешаходамі на адзенні, абутку святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак. Супрацоўнікамі міліцыі грамадскай бяспекі сумесна з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі арганізаваны прафілактычныя рэйды па выяўленні парушэнняў правіл дарожнага руху з боку дзяцей і, у выніку – прыцягненне іх бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 9.4 КоАП Рэспублікі Беларусь. Пад асобы кантроль ДАІ ўзяты вадзіцелі, якія перавозяць непаўналетніх дзяцей.

Бацькам раім часцей нагадваць сваім дзецям аб правілах паводзін на дарозе і ў транспарце, асабліва звяртаць увагу на тое, што нельга размаўляць па мабільным тэлефоне або слухаць музыку ў навушніках паблізу праезджай часткі ці на ёй. Неабходна прыняць усе меры, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі, а для гэтага самім дарослым трэба ў першую чаргу быць прыкладам на дарозе. Нельга пакідаць дзяцей адных, без нагляду, каб потым не вінаваціць сябе за іх скалечанае будучае. Святлоадбівальныя элементы – важны атрыбут бяспекі на дарозе. Прымацаваныя на вопратку, абутак і сумку, яны дапамогуць вадзіцелю зараней звярнуць на дзіця ўвагу і, адпаведна, мець магчымасць прыняць меры для тармажэння ці экстраннага спынення транспартнага сродку. Перавозіць дзяцей можна толькі ў тым выпадку, калі яны ў абавязковым парадку прышпілены рамянямі бяспекі. Для дзяцей малодшага ўзросту трэба выкарыстоўваць спецыяльныя ўтрымліваючыя прыстасаванні.

Аляксандр ТРАЦЯК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>