Многае могуць нашы дзеці

 

Завяршаецца 2016-ы, Год культуры. Выдатная нагода праявіць сябе і ў дзяцей. А пра тое, якія яны здольныя, таленавітыя, няхай сведчаць і публікацыі гэтага выпуску праекта «Дзіцячы праменьчык».13-31-12

ЭКЗАМЕН НА СЦЭНЕ

Перад ражджэственскімі канікуламі на сцэне Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў прайшоў акадэмічны канцэрт – своеасаблівы экзамен выхаванцаў установы дадатковай адукацыі за паўгоддзе. На музычных інструментах яны выконвалі творы перад камісіяй з ліку кіраўнікоў аддзяленняў і выкладчыкаў. Гэта хвалюючы момант не толькі для юных музыкаў, але і для настаўнікаў. Для іх гэта таксама экзамен – на прафесіяналізм працаваць з дзецьмі.

Выканальніцкае майстэрства дзяцей ацэнена адзнакамі. Лепшыя вучні рыхтуюцца да ўдзелу ў конкурсах, у тым ліку і за межамі нашай краіны. Для гэтага ім патрэбна асвоіць складаныя музычныя творы і бездакорна іх выканаць, не заглядваючы ў ноты.

Экзамен за паўгоддзе здалі не толькі музыкі, але і вучні ўсіх аддзяленняў школы мастацтваў.

Падчас ражджэственскіх канікулаў вучні і настаўнікі школы мастацтваў прымуць удзел у дабрачынных навагодніх праграмах, для іх гэта будзе магчымасць яшчэ раз паказаць сваё майстэрства.

На здымках: валтарніст Глеб Жыбуль і трубач Маргарыта Клімовіч.

Пр

 

КАЗКА ПРА ЦАРСТВА КНІГ

Кніга казак была старая. Ужо яна і не памятала, колькі гадоў жыла тут, у кутку кніжнай паліцы над пісьмовым сталом. Калісьці яе падарылі на дзень нараджэння маленькаму хлопчыку, цяперашняму гаспадару кватэры. Кніга ў той час была новай, яркай, весела шапацела старонкамі, калі малы разглядаў яркія малюнкі і спрабаваў скласці літары ў першыя прачытаныя словы. Колькі гадоў прайшло? 20? 50? Хто ведае. Можа, гэта быў зусім не згаданы хлопчык, а яго тата ці дзед. Жыхары на кніжнай паліцы, суседзі Кнігі казак, перыядычна змяняліся. Ёй запомніўся тоўсты, нязграбны Арфаграфічны слоўнік. Кожны раз, калі яго вярталі на паліцу, ён балюча штурхаў Кнігу казак цвёрдай скураной вокладкай і гнеўна шамацеў запэцканымі чарнілам старонкамі.

– Стаяць тут усялякія, толькі месца займаюць ды пылам пахнуць, – падтакваў яму, рыпаючы вокладкай, вузкі, доўгі Даведнік па інфарматыцы.

– Так-так-так, даўно ў макулатуру пара некаторым.

 – Ох, у макулатуру, – ледзь шапацела трухлявымі старонкамі Кніга казак. – Я б рада. Можа, тады б ад мяне было больш карысці. Надрукавалі б газету аб’яваў на маёй паперы. Ці, можа, перакідны каляндар… А то зараз нікому я не патрэбная, ніякай карысці.

Так праходзілі дні, месяцы, гады. Маленькі хлопчык даўно вырас, стаў дарослым, сур’ёзным чалавекам, працаваў у саліднай фірме і замест кніг цяпер найчасцей сядзеў за камп’ютарам, напружана ўзіраўся ў яркі экран з літарамі, лічбамі, малюнкамі, пстрыкаў мышкай і засяроджана стукаў па клавіятуры. Кнігі, застаўшыся жыць на паліцы, сумавалі, трухлелі, пакрываліся пылам. Толькі часам шанцавала дэтэктыву ў яркай чырвонай вокладцы з намаляваным зверху чорным пісталетам: яго гаспадар браў пачытаць перад сном.

Раптоўна падсяліліся на кніжную паліцу новыя жыхары: стос модных глянцавых часопісаў мякка ўклаўся зверху, а яшчэ кніга кулінарных рэцэптаў. Стала ясна: гаспадар ажаніўся. Неўзабаве ў яго нарадзіўся сын. Спачатку ён гучна плакаў, пішчаў. Потым навучыўся хадзіць, гаварыць словы, бясконца трашчаў заваднымі машынкамі і плямкаў па падлозе велізарным надзіманым мячыкам. Неяк увечары ён ніяк не хацеў класціся спаць. Спачатку бегаў, скакаў, гучна крычаў, а потым параскідаў усе цацкі і моцна заплакаў. Маці малога не знаходзіла сабе месца. Яна выпрабавала ўсе сродкі, каб яго супакоіць, – нічога не выходзіла. Тады жанчына глянула на паліцу, дзе стаяла Кніга казак. Матуля ўзяла і пачала чытаць яе. Пра Калабка, пра мядзведзя і хітрую лісу, пра хатку на курыных ножках … Хлопчык прыціх і зачаравана слухаў. Потым папрасіў у маці кніжку і пачаў разглядаць цьмяныя карцінкі. Кнізе казак здалося, што вярнулася пара яе маладосці. А хлопчык усё прасіў маці: «Мамачка, прачытай яшчэ пра коніка і вось гэтую, пра птушачку». Кніга казак нарэшце была шчаслівая: яна спатрэбілася, яе чытаюць.

 Суседзі па паліцы з зайздрасцю глядзелі на яе, калі яна ляжала ў дзіцячым ложачку, а на яе старонках – маленькая мяккая ручка. Кніга казак вельмі ціха, каб не абудзіць хлопчыка, памахала ім сваімі старонкамі:

– Не смуткуйце. Мне чамусьці здаецца, што пра вас успомняць, калі прыйдзе час!

Дзмітрый СУДНІК, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>