Воля і міласэрнасць парадніліся

06bЦі шмат сярод нас людзей, хто можа сказаць: вось гэта – маё, і прысвяціць сваё жыццё дзецям, якія засталіся без апекі кроўных бацькоў? Як паказвае жыццё, такіх нямнога, і на гэта патрэбен асаблівы дар Божы. У Вольгі Сідорык такая думка вынасілася пры збегу жыццёвых абставін. Маці траіх дзяцей, ёй не адзін раз даводзілася знаходзіцца са сваімі малымі ў стацыянарным аддзяленні райбальніцы. Заўсёды тут знаходзіліся дзеці са статусам сацыяльных сірот, якіх часова змяшчалі сюды да вызначэння іх далейшага лёсу. Яны прыцягвалі ўвагу Вольгі Леанідаўны, яе сэрца смуткавала, што, па вялікім рахунку, імі няма каму займацца. Паралельна яна бачыла і іншы малюнак. Яе сяброўка Сняжана Савіла з Зарэчча стала маці для шасці прыёмных дзяцей. Вольга Леанідаўна часта бывае ў яе, бачыла, як дзеці раскрываюцца ў сваіх талентах, радасцях, калі агорнуты клопатам і ўвагай.
Так саспела ў яе цвёрдае рашэнне стварыць прыёмную сям’ю. У штаце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на пасадзе прыёмнай маці яна знаходзіцца ўжо шэсць гадоў. На сучасны момант у яе сямёра дзяцей – трое сваіх кроўных, двое прыёмных і двое, якіх забралі з сям’і, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем. Спецыялісты службы аховы здароўя аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама расказваюць, што Вольга Сідорык не адзін ужо раз ішла насустрач іх просьбам і прымала да сябе дзяцей, якія часова былі аднятыя ў бацькоў да выпраўлення іх паводзін. Дзякуючы такім міласэрным людзям, як Вольга Сідорык, а таксама Сняжана Савіла з Зарэчча і сям’я Аляксандра і Кацярыны Васільевых з дзіцячага дома сямейнага тыпу, у апошнія тры гады ўсе дзеці ва ўзросце да трох гадоў знаходзіліся ў гэтых прыёмных сем’ях. Раней жа іх адпраўлялі ў Дом дзіцяці ў Барысаў. Гэта вельмі аблягчае і стан дзяцей, і клопаты іх кроўных бацькоў, якім не прыходзіцца ехаць у Барысаў, каб сустрэцца з дзецьмі, а можна наведаць іх на тэрыторыі свайго раёна.
І яшчэ адну вялікую справу робіць Вольга Сідорык – валявая, цвёрдая, мэтанакіраваная, яна мае ўнікальны дар праводзіць выхаваўчую работу з бацькамі, якія аступіліся і ім пагражае вялікая бяда – быць пазбаўленымі бацькоўскіх правоў. Даўшы прытулак іх дзецям у сваім доме і ў сваім сэрцы, Вольга Леанідаўна трымае пастаянны кантакт з іх бацькамі і ўмела з імі працуе. Дзякуючы яе старанням і таленту дзеці (а ўсіх прыёмных за шэсць гадоў у яе сям’і было дзевяць) вярнуліся ў родны дом. Служба аховы дзяцінства трымае з імі кантакт, назірае, падтрымлівае ў станоўчых пераменах. І гэта самае лепшае, што можна зрабіць для такіх дзяцей – як бы добра ні было ім у прыёмных сем’ях, усе яны хочуць жыць са сваімі мамамі.
Вольга Сідорык заслугоўвае таго, каб аб ёй пісаць нарыс. Яна зарыентавала прыёмных дзяцей у выбары прафесіі і ўсяліла ў іх веру, што ў іх усё атрымаецца, калі настойліва самім дабівацца пастаўленай мэты. Дзве яе дачкі – Ліза і Паліна – паспяхова займаюцца ў Нясвіжскім каледжы імя Якуба Коласа. Дзяўчаты сур’ёзна вывучаюць англійскую мову, маюць добрыя вынікі, удзельнічаюць у алімпіядах. У выхадныя дні яны прыязджаюць дамоў, і тады вялікая сям’я – у поўным зборы. Канешне, у доме пахне выпечкай, ён поўніцца гоманам, смехам, радасцю. Дом вялікі, пакоі прасторныя – усім хапае месца, а яшчэ – цяпла і дабрыні.
Вольга Леанідаўна сама водзіць машыну, усе яе дзеці-школьнікі займаюцца ў СШ № 2 г. Стоўбцы. Дзень у яе распісаны – завезці на заняткі, забраць, зрабіць з хлопцамі ўрокі, без Вольгі Леанідаўны – ніяк. Толькі Ульяна спраўляецца сама. Яна вучыцца ў педагагічным класе сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы. Вельмі старанная, як кажа Вольга Леанідаўна: і вучыць, і вучыць. Аб гэтай прыёмнай дзяўчынцы Вольга Леанідаўна гаворыць з вялікай любоўю – яна чулая, дружалюбная, паслухмяная, працавітая. Ульяна – яе першая памочніца. Яна можа ўсё – прыбраць, есці наварыць, і не трэба яе аб гэтым прасіць, хутка сама зарыентуецца. У патрэбную мінуту працягне руку дапамогі. І хлопчыкі працавітыя, на іх можна спадзявацца ў дамашняй гаспадарцы. Яе сын Данііл вучыца ў пятым класе, прыёмнаму хлопчыку Вадзіму – 10 гадоў. Калі некалькі тыдняў назад у сям’ю прыбылі яшчэ двое маленькіх дзетак, у сям’і стала дзве Паліны і два Данікі.
Нам, канешне ж, паказваюць і творчыя вырабы, зробленыя рукамі дзяцей. Ульяна мае багатую калекцыю мастацкіх рэчаў, сплеценых з газетных трубачак. Найпрыгажэйшыя карзінкі, шкатулкі. І хлопцы стараюцца не адставаць – зрабілі ўпрыгажэнні на ёлку. Такая творчасць вельмі аб’ядноўвае сям’ю. Вольга Леанідаўна расказвае, што гэтыя таленты раскрыла ў дзецях загадчыца Слабадскога клуба-бібліятэкі Людміла Віцько. Ва ўстанове культуры яна сабрала вакол сябе і дарослых, і дзяцей. Пажалыя жанчыны вышываюць ручнікі, займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Уся Слабада робіць мастацкія рэчы з газетных трубачак. Для дзяцей Людміла Іларыёнаўна праводзіць заняткі па выхадных днях. У аб’яднанне па інтарэсах усе бягуць з радасцю. Дзеці з сям’і Вольгі Сідорык – актыўныя чытачы, бібліятэчныя фармуляры іх спісаны. У перадражджэственскія дні спяшаліся на рэпетыцыі ў клуб – рыхтавалі калядную праграму: калядоўшчыкаў і валачобнікаў заўсёды гасцінна прымаюць у вясковых дамах. Вольга Леанідаўна далучае Людмілу Іларыёнаўну да сваіх памочнікаў у справе выхавання дзяцей і вельмі ўдзячная ёй за яе нястомны рытм на сваёй службовай пасадзе, ініцыятывы і ўменне карысна арганізаваць вольны час дзяцей і дарослых вёскі Слабада.
Каб спаўна ацаніць подзвіг прыёмных бацькоў, трэба паслухаць, што гавораць пра іх самі дзеці. Мы назіраем, як маленькая Паліна горнецца да Вольгі Леанідаўны, абдымае яе. Ульяна мае ўнутраныя сілы, вялікую надзею на паступленне ў педуніверсітэт. Вольга Леанідаўна яе абнадзейвае: нават калі яна і не паступіць ва ўніверсітэт (хоць верыць ва Ульяну і яе здольнасці і веды), можна будзе знайсці іншы варыянт, каб прадоўжыць вучобу. Ульяна ведае, што яе не пакінуць без увагі і дапамогі ні ў якім разе. Вольга Сідорык не адзін раз даказвала сваім дамачадцам, што на паўшляху яна справы не пакідае. Яна ўмела рыхтуе дзяцей да самастойнага жыцця, выхоўвае ў іх пачуццё адказнасці за свае ўчынкі, за рашэнні, якія яны прымаюць. У агародзе клубніцамі засаджаны вялікі ўчастак, у Вольгі Леанідаўны атрымліваецца іх вырошчваць. Дзеці ведаюць, што можна папрацаваць, прыкласці старанні, праявіць ініцыятывы, прадаць ягады і зарабіць грошы. Гэтая прыёмная сям’я – вельмі яркая і адметная.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>