Што за калонамі калоса

У Год навукі Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій прапануе школьнікам раёна бліжэй пазнаёміцца з вядучай навуковай установай нашай рэспублікі – Нацыянальнай акадэміяй навук.

Бываючы ў цэнтры нашай сталіцы, многія праходзілі міма грамаднага паўкруглага будынка і, напэўна, задумваліся над тым, што гэта за калос такі і што хаваецца за ягонымі вялікімі калонамі. «Атрымаць уяўленне пра навуковую дзейнасць акадэміі можна падчас экскурсій – дамоўленасць аб гэтым з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук у нас дасягнута, – падкрэслівае дырэктар турбюро Леаніда Высоцкая. – Школьнікам рэкамендуюць пачаць знаёмства з музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, а таксама з яе навуковай бібліятэкі. Экскурсіі ў акадэміі – бясплатныя».

Варта сказаць, што ў падпарадкаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі знаходзіцца вялікая колькасць інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў, якія ажыццяўляюць навуковую дзейнасць па самых розных накірунках. Гэтыя ўстановы былі створаны па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Размяшчаюцца яны ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Да прыкладу, зацікавіць могуць інстытут матэматыкі або інстытут лёну, інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі або інстытут генетыкі і цыталогіі, навукова-практычны цэнтр па харчаванні або дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» і т. п. Для многіх стане адкрыццём, што ў Нацыянальнай акадэміі навук ёсць свой цэнтральны батанічны сад.

Дзейнасць музеяў, якіх у акадэміі налічваецца больш за дзясятак, носіць навукова-асветніцкі і адукацыйны характар і накіравана на папулярызацыю дасягненняў НАН Беларусі, яе арганізацый, вучоных і спецыялістаў. Пастаянна папаўняюцца калекцыі музеяў, сярод якіх ёсць археалагічная навукова-музейная экспазіцыя, музей старажытнабеларускай культуры, музей Інстытута лесу, музей гісторыі пладаводства Беларусі.

Штогод музеі наведваюць замежныя вучоныя і госці НАН Беларусі, настаўнікі і вучні школ, ліцэяў і гімназій рэспублікі, студэнты і магістранты, аспіранты і выкладчыкі ВНУ, удзельнікі навуковых канферэнцый. Кожны знаходзіць для сябе штосьці цікавае, новае, што служыць штуршком для далейшага развіцця і самаўдасканалення, даследчай дзейнасці, пошуку самых сучасных ведаў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>