Сустрэліся ў доме-інтэрнаце

Filed under: Нумары,Соцыум |

«Дарагія маладажоны! Рада вітаць вас у аддзеле ЗАГС Стаўбцоўскага райвыканкама з такой цудоўнай нагоды», – звярнулася да Ларысы Гурыновіч і Мікалая Паўлоўскага начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава і, атрымаўшы ад кожнага станоўчыя адказы наконт шчырасці, свабоды і незалежнасці прынятага рашэння, пад апладысменты гасцей аб’явіла іх жонкай і мужам.

Аб тым, што хочуць стварыць сям’ю і падаць заяву ў ЗАГС, яны расказалі Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку падчас наведвання ім Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. Гэтую кранальную гісторыю маглі назіраць тысячы тэлегледачоў напярэдадні новага 2017 года…

А ў новым годзе, 20 студзеня, адбылася рэгістрацыя шлюбу гэтых двух людзей, якія пражываюць у доме-інтэрнаце. У Ларысы Уладзіміраўны 20 студзеня якраз і дзень нараджэння. Сімвалічнае супадзенне, якое, нягледзячы на ўзрост, гаворыць пра пачатак новага жыцця, новай сям’і. Немаладых маладажонаў жыццё ўмудрыла, а лёс, здаецца, не зламаў і прывёў у дом-інтэрнат для таго, каб знайшлі адно аднаго і сваё шчасце.

Да гэтай сустрэчы было ў іх шмат чаго, у тым ліку і такога, пра што ўспамінаць не хочацца… У Ларысы Уладзіміраўны загінуў муж. З далёкай Чыты паклікала яе да сябе, у Дзяржынск, сястра. «Тамарачка, яна і сёння тут, з намі», – паказала Ларыса Уладзіміраўна на мілавідную жанчыну сярод гасцей. Аднак аднапакаёвая кватэра – адна на ўсіх. «Жыццё ў цеснаце зробіць няшчаснымі і іншых», – вырашыла Ларыса Уладзіміраўна і пераехала ў дом-інтэрнат.

Свая гісторыя прывяла сюды ў мінулым годзе і Мікалая Мікалаевіча, карэннага мінчаніна. Так склалася, што ўсё было ў яго жыцці і – нічога не стала… Пасля падманных рыэлтарскіх маніпуляцый ён з сястрою не толькі не палепшылі свае жыллёвыя ўмовы, а пазбавіліся надзейнага тылу – бацькоўскай кватэры. Тое сціплае, што атрымалася на дваіх у выніку здзелкі, па-джэнтльменску саступіў сястры…

«Цяпер у мяне адна задача –вярнуць кватэру, тады і мы з Ларысай зможам пакінуць дом-інтэрнат», – дзеліцца Мікалай Мікалаевіч пасля рэгістрацыі шлюбу і дапамагае сваёй абранніцы пераабуць туфлі. Нарад у нявесты, як і ў жаніха, – дзелавы, без лішніх дэталяў. Урачыстасць падкрэслівае букет белых хрызантэмаў у руках нявесты. Вельмі важна, што побач з Ларысай Уладзіміраўнай і Мікалаем Мікалаевічам – іх цудоўныя сёстры. Гэта іх падтрымка і, напэўна, залог той упэўненасці, якой не губляе галава новай сям’і: «Пачынаем з нуля, але, веру, усё ў нас будзе добра».

У добрым будучым новай сям’і не сумняваецца і бібліятэкар дома-інтэрната Галіна Грыгор’ева. Яна ў ліку першых работнікаў сацыяльнай установы павіншавала маладажонаў.

– За час маёй работы ў доме-інтэрнаце (практычна 14 гадоў) гэта другі выпадак, калі пастаяльцы заключаюць законны шлюб, – удакладняе Галіна Грыгор’ева, якой выпала суправаджаць Ларысу Уладзіміраўну і Мікалая Мікалаевіча ў ЗАГС. – У доме-інтэрнаце яны сустрэліся, і мы ўсе рады, што ўтварылася іх сям’я. Стараемся стварыць ім належныя ўмовы пражывання, у прыватнасці, выдзелены асобны пакой з усімі зручнасцямі. Па-мойму, яны задаволены. Не сумуюць. Наведваюць гурткі, бібліятэку. Прыходзяць на ўсе мерапрыемствы, якія праходзяць у доме-інтэрнаце. І паўсюдна ўдваіх – прыемна паглядзець.    

У доме-інтэрнаце, дарэчы, для маладажонаў таксама наладзілі свята. Не абышлося без падарунка, пра які гаварыў Прэзідэнт. Тэлевізар з нагоды вяселля ім уручыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук.

Айцец Васілій праводзіў у доме-інтэрнаце службу і не прамінуў пагутарыць з маладажонамі, выказаць свае пажаданні навастворанай сям’і. Тое, што яна з’явілася ў доме-інтэрнаце, у немаладых людзей, гаворыць аб хрысціянскай прыродзе сям’і і яе вечнай каштоўнасці. Менавіта ў сям’і чалавек адчувае сябе сагрэтым любоўю і ўвагай, патрэбным, абароненым ад жыццёвых нягод.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>