Да вяршынь майстэрства

У каго можна павучыцца, як любіць сваю прафесію, дык гэта ў настаўнікаў. Асабліва калі пабудзеш на конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», які штогод праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. На Стаўбцоўшчыне ў гэтым годзе конкурс быў вельмі прадстаўнічым, у ІІ этапе прынялі ўдзел 18 чалавек, а ў фінале – 14 педагогаў.

У кожнага да прафесіі настаўніка таксама асаблівыя адносіны. Аддаючы сваіх дзяцей пад іх патранат, кожнаму з бацькоў хочацца, каб з дзіцем у лёсавызначальны час станаўлення яго асобы быў чалавек, які шмат папрацаваў, каб у першую чаргу «стварыць» сябе, – з хрысціянскім светапоглядам, уменнем вызначыць тое, што галоўнае для выхавання душы і розуму маладога чалавека. Гэта не менш важна, чым высокі прафесіяналізм педагога ў выкладанні свайго прадмета.

На конкурсную праграму ўдзельнікаў прафесійнага спаборніцтва прыняла сярэднняя школа № 2 г. Стоўбцы, яшчэ раз прадэманстраваўшы ўсім, як хораша і гасцінна могуць тут сустракаць гасцей. У зале сабраліся прадстаўнікі ўсіх навучальных устаноў. Абстаноўка для саміх удзельнікаў была вельмі хвалюючай, яна патрабавала вялікага напружання ўнутраных сіл. І гэта зразумела – выступаць на публіцы няпроста. Таму ўсе вельмі прыязна падтрымлівалі канкурсантаў. У другім этапе ім патрэбна было прадставіць сваю прэзентацыю, а потым яшчэ выйсці на трыбуну з публічным выступленнем па тэме «Настаўнік (выхавацель) учора, сёння, заўтра». У конкурсе ў васьмі намінацыях па прадметах прымалі ўдзел настаўнікі пачатковых класаў Дзераўнянскай СШ Святлана Юнцэвіч і Ірына Бець, выхавацелі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга» Марына Семяняка, ясляў-сада № 4 Наталля Неймеравец, ясляў-сада № 5 Вікторыя Міткевіч, настаўніца мастацтва ВПК «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» Вольга Давідзенка, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Нававёскаўскай СШ Іна Муравейка, настаўніца музыкі СШ № 2 г. Стоўбцы Ганна Багдановіч, настаўнікі СШ № 3: беларускай мовы і літаратуры – Алена Буднік, англійскай мовы – Ксенія Багрэй; настаўніца пачатковых класаў Старасвержанскай СШ Аксана Самуйлава, настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Ірына Чуйко, настаўніца біялогіі Аталезскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Алена Цярэшка, настаўніца грамадазнаўства Засульскай СШ Кацярына Лапатко. Удзельніцы даставілі ўсім вялікае задавальненне ад сваіх творчых, разумных, арыгінальных візітак. Самапрадстаўленне педагогаў для многіх у зале стала адкрыццём. Як аказалася, некаторыя з настаўнікаў валодаюць выдатным вакалам, многія пішуць вершы, хтосьці майстар у тэатралізаваных пастаноўках, і ўсе прявілі найвялікшую творчасць у падрыхтоўцы прэзентацыі з відэасуправаджэннем.

Безумоўна, у кожнага, хто прысутнічаў у зале, узніклі свае ўласныя сімпатыі, і ў душы ён вызначыў для сябе пераможцу. Аднак члены журы, якое ўзначаліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька, і ў склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, спецыялісты, метадысты аддзела, лепшыя педагогі раёна, падыходзілі прафесіянальна і з адказнасцю да вызначэння тых, хто будзе прадстаўляць наш раён на абласным конкурсе. Фінальнаму этапу папярэднічалі і іншыя конкурсы, дзе педагогі набіралі балы. Удзельнікі прафесійнага спаборніцтва рабілі пісьмовае прадстаўленне праекта адкрытага ўрока (заняткаў). Накірункі і вынікі педагагічнай дзейнасці кожны прадставіў у самапрэзентацыі ў электроннай форме. Было прадугледжана завочнае пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме «Вучыць дзяцей вучыцца» ці «Каб дзеці хацелі вучыцца». Удзельнікі конкурсу прайшлі псіхалагічна-педагагічнае тэсціраванне ў мэтах праверкі іх ведаў у галіне свайго прадмета, педагогікі і псіхалогіі. Ім давялося даць урок ці правесці заняткі ў незнаёмым класе ці незнаёмай групе па тэме, указанай журы, і міні-ўрок на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. І плюс да гэтага – прайсці адзначаныя вышэй этапы ў фінале конкурсу.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які правёў вялікую падрыхтоўчую і метадычную работу для паспяховага правядзення конкурсу, і райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі прадугледзелі ўзнагароджанні ўсім удзельнікам конкурсу, якія прыклалі шмат сіл і часу для удзелу ў такім прэстыжным прафесіянальным спаборніцтве.

Пераможцамі ў сваёй намінацыі конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» сталі: настаўніца гімназіі № 1 Ірына Чуйко, настаўнікі сярэдняй школы № 3 Алена Буднік і Ксенія Багрэй, настаўніца Засульскай СШ Кацярына Лапатко, настаўніца СШ № 2 Ганна Багдановіч, настаўніца Старасвержанскай СШ Аксана Самуйлава, выхавацель ясляў-сада № 5 Вікторыя Міткевіч, настаўніца Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа Алена Цярэшка.

Іх чакае ўдзел у абласным конкурсе. Усе спадзяюцца, што нашы педагогі дастойна прадставяць настаўніцтва Стаўбцоўшчыны, і хтосьці стане дастойным высокай узнагароды і ў вобласці.

На здымках: уручэнне дыплома Ганне Багдановіч (СШ № 2); злева направа: Алена Буднік, Ксенія Багрэй

(СШ № 3) і Ірына Чуйко (гімназія № 1); Алена Цярэшка (Аталезскі ВПК); Вікторыя Міткевіч (яслі-сад № 5); Ірына Бець (Дзераўнянская СШ); Кацярына Лапатко (Засульская СШ); Аксана Самуйлава (Старасвержанская СШ); Іна Муравейка (Нававёскаўская СШ).

Святлана ЖЫБУЛЬ,фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>