Дзяржава вельмі разлічвае на вучоных

Filed under: Год навукі,Нумары |

Паляпшэнне якасці жыцця людзей у цяперашніх жорсткіх рэаліях немагчыма без інавацый і рэалізацыі прагрэсіўных і наватарскіх ідэй ва ўсіх галінах эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам.

«Менавіта з перадавымі распрацоўкамі непасрэдна звязаны рост нашага дабрабыту і інтэлектуальнае развіццё нацыі, – перакананы кіраўнік дзяржавы. – Яны вызначаюць у канчатковым выніку ўзровень эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы на міжнароднай арэне. Больш таго – гарантуюць яе палітычную вагу ў свеце».

Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую актуальнасць набывае ўкараненне зялёных тэхналогій, другаснае выкарыстанне рэсурсаў, энергазберажэнне. «Гэта не проста модны агульнасусветны трэнд, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Тут і здароўе грамадзян, і ўстойлівае гарманічнае развіццё нашых тэрыторый».

Дзяржава вельмі разлічвае на вучоных. «Хачу, каб вы разумелі – будучыня краіны сёння ў вашых руках», – заявіў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў: «У нас няма геапалітычных амбіцый, самае галоўнае для нас – зберагчы гэты кавалачак зямлі. Усе праблемы ў сувязі з гэтым, як ні дзіўна, ляжаць у сферы эканомікі. Эканоміка ў нас абсалютна адкрытая. І нам трэба яе захаваць у самай жорсткай канкурэнтнай барацьбе. А канкурэнцыі без навукі не бывае».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што цяпер беларускія тэхналогіі, прадукцыя запатрабаваны, але трэба глядзець наперад і рухацца далей, пашыраць рынкі збыту. Прэзідэнт закрануў праведзеныя візіты ў Егіпет і Судан, асноўнай мэтай якіх было пашырэнне паставак туды беларускай прадукцыі і прыцягненне беларускіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што існуюць велізарныя магчымасці для экспарту ў афрыканскія дзяржавы тэхналогій і прадукцыі, шырокага выкарыстання там беларускага вопыту. І гэтыя магчымасці неабходна актыўна выкарыстоўваць, каб не ўпусціць час.

«У нас ёсць тэхналогіі, і яны сёння запатрабаваны. Але заўтра спатрэбяцца іншыя, новыя тэхналогіі. Без навукі ні ў сябе, ні на знешніх рынках мы нічога зрабіць не можам. Менавіта таму такія высокія патрабаванні выстаўляюцца да вучоных», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з вучонымі асаблівую ўвагу ўдзяліў нявырашаным пытанням, якія існуюць у галіне. «Некаторыя з іх сапраўды насцярожваюць», – заўважыў Прэзідэнт. На яго думку, далёка не заўсёды запатрабаваны эканомікай спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць саіскальнікаў вучоных ступеней. Гэта відавочная недапрацоўка ўсіх, хто ажыццяўляе планаванне ў гэтай галіне.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, зроблена, вядома, шмат. Але разам з тым так і не ўдалося дабіцца, каб усе даследаванні як па тэхнічных і прыродазнаўчанавуковых, так і па гуманітарных дысцыплінах мелі прыкладную значнасць.

«Вучоных неабходна нацэльваць на самыя запатрабаваныя тэмы і напрамкі. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах», – заявіў Прэзідэнт.

У ліку іншых праблем Аляксандр Лукашэнка назваў нежаданне таленавітай моладзі будаваць кар’еру ў даследчай сферы. «Паглядзіце, у нас шэраг перспектыўных галін патрабуе актыўнага развіцця. Атамная энергетыка, касмічная і біятэхналагічная галіны – тут шырокае поле дзейнасці для здольных маладых людзей. Я называю новыя галіны, а колькі старых, якім можна даць новае дыханне», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама задаў рытарычнае пытанне: «Ці можам мы сёння задаволіць здаровыя навуковыя амбіцыі таленавітай моладзі і прадаставіць для работы патрэбныя ўмовы?»

На думку Прэзідэнта, у навуковай галіне існуе яшчэ нямала задач, якія трэба вырашыць.

У такіх маладых краінах, як Беларусь, якія дынамічна развіваюцца, навука павінна служыць яшчэ і апорай дзяржаўнай ідэалогіі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі.

«Нам проста неабходна аргументаванае, непрадузятае меркаванне кампетэнтных спецыялістаў, – лічыць кіраўнік дзяржавы. – Асабліва сёння, калі робяцца асобныя спробы паставіць пад сумненне суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы».

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў гэтай зале знаходзяцца людзі, распрацоўкі якіх ужо ўкаранёны і паказваюць высокія вынікі ў важных і запатрабаваных сферах жыцця нашага грамадства.

«Прысутнасць тут і зусім маладых вучоных азначае, што ў нас створана нямала магчымасцей для дасягнення поспеху ў любым узросце. Трэба толькі прыкласці працу і талент», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да вучоных, ён падкрэсліў: «Усе вы праявілі сябе ўжо і заслужылі высокую ацэнку калег. Дзейнічайце, стварайце, вынаходзьце, і калі прадукт вашай творчасці будзе канкурэнтаздольным, вы можаце разлічваць на поўную падтрымку і маю, і дзяржавы. Няхай прызнанне будзе стымулам для новых навуковых перамог і здзяйсненняў, і абавязкова ў нашай роднай Беларусі.

Год навукі павінен стаць знакавым і па-сапраўднаму пераломным. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Навуку часта параўноўваюць з акіянам – стыхіяй, якая ў многім нязведана, але адкрывае перад чалавекам тысячы магчымасцей. «І сапраўды, у бурлівым патоку пошуку і адкрыццяў пераможцам стане толькі той, хто, смела выходзячы за межы стандартнага, ідзе новымі сцежкамі і шляхамі. Толькі паставіўшы перад сабой высокую, магчыма, невыканальную мэту, можна наблізіцца да чагосьці сапраўды важнага», – перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што менавіта такія мэты ставяць перад сабой сапраўдныя вучоныя.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>