За ўклад у адраджэнне

Як мы ўжо паведамлялі, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Як працяг гэтай падзеі адбылося пашыранае пасяджэнне прэзідыума Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў уручыў граматы і грашовыя прэміі воіну-інтэрнацыяналісту, кіраўніку ваенна-патрыятычнага клуба «Абаронца Айчыны» СШ № 3 г. Стоўбцы Рыгору Мамайку, кіраўніку гісторыка-краязнаўчага клуба «Ніка» гімназіі № 1 г. Стоўбцы Людміле Назаранка, сакратару раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ніне Дубовік. За аказаную дапамогу ў рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні мемарыяла воінам-інэрнацыяналістам у нашым райцэнтры граматы і прэміі ўдастоены індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Пяткевіч.

У гэтым спісе, прадстаўленых да ўзнагароды, першым было занесена прозвішча інваліда Вялікай Айчыннай вайны Сямёна Стомы. Ветэран мае шаноўны ўзрост, ён размяняў дзясяты дзясатак. Па гэтай прычыне прыехаць для ўзнагароджання ў раённы выканаўчы камітэт не змог. Узнагароды дамоў шаноўнаму ветэрану даставілі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў і старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Сямён Юрчык.

Цяпер ветэран жыве ў сям’і свайго сына ў Стоўбцах. Яго сын Уладзімір Сямёнавіч і нявестка Ірына Уладзіміраўна заўсёды гасцінна сустракаюць гасцей, якія часта наведваюцца да Сямёна Мікалаевіча. Гэтая сям’я паказвае прыклад грамадству, як патрэбна дагледзець сваіх бацькоў. Для іх не цяжар несці разам клопат пра інваліда І групы, яны стварылі яму выдатныя ўмовы для пражывання.

Сямён Стома ў складзе ІІІ Беларускага фронту вызваляў Літву, Усходнюю Прусію, пад Кёнігсбергам за некалькі месяцаў да Вялікай Перамогі атрымаў цяжкае раненне. Мае баявы медаль «За адвагу» і ордэн Славы ІІІ ступені. З часоў вайны ў Сямёна Мікалаевіча ў лёгкім знаходзіцца асколак, пастаяннага клопату патрабуе параненая нага. Родныя робяць усё для таго, каб аблегчыць яго фізічныя болі і немач. А самае галоўнае – дораць бязмежна яму сваю любоў, вялікую павагу, нясуць адказнасць перад сваім сумленнем, каб аддаць бацьку ўсё, што ён заслужыў перад сваімі дзецьмі. Мяне, напрыклад, уразіла тое, што Уладзімір Сямёнавіч звяртаецца да бацькі на «вы», так у сям’і было заведзена з маленства. У Сямёна Мікалаевіча гэта адзіны сын, Мікалая ён перажыў. Дзядуля з гонарам гаворыць пра сваіх унукаў – сярод іх два юрысты, праграміст, інжынер і ўнучка перакладчыца, якая працуе цяпер у В’етнаме. Ёсць чатыры праўнукі. Новыя пакаленні ў гэтай сям’і пранікнуты павагаю, пяшчотаю да старэйшых членаў роду. І такі сямейны ўклад – самае дарагое багацце.

Ірына Уладзіміраўна з захапленнем расказвае пра свёкра, што ён застаецца актыўным, нераўнадушным. Напрыклад, па-ранейшаму чытае, ведае шмат вершаў. І цяпер іх вучыць, кажа, што так ён трэніруе памяць.

Мы самі пераконваемся, што па натуры ён застаецца жывым, умее падтрымаць размову. Напрыклад, расказвае, калі ён жаніўся, скрыў ад сваёй нявесты, дзяўчыны з суседняй вёскі, што інвалід. Яна, калі даведалася пра гэта пасля вяселля, гаравала, што не пражыве ён доўга і пакіне яе з дзецьмі сіротамі. А прыжылі разам без некалькі месяцаў паўвеку. 17 гадоў, як Сямён Мікалаевіч удавец. Пры такім стане здароўя са статусам інваліда ён быў не толькі адмысловы гаспадар дома, але і працаваў на кіраўніцкіх пасадах – старшынёю калгаса, дырэктарам Слабодкаўскай школы, намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні Старасвержанскай школы, выконваў абавязкі дырэктара вячэрняй і завочнай школ, шмат сіл аддаваў грамадскай рабоце, патрыятычнаму выхаванню моладзі. Ён застаецца малайцом і цяпер – дастойны вобраз беларуса. А дзецям яго – паклон і прызнанне за агорнутую клопатам і любоўю старасць ветэрана.

На здымках: зверху – Юрый Ларычэў уручае узнагароду Людміле Назаранка; знізу – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Стома (у цэнтры) з сынам Уладзімірам і нявесткай Ірынай.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>