Жыць у «Разумным доме»

Filed under: Год навукі,Нумары |

У Стоўбцах з’явіліся першыя абаненты, фізічныя асобы, адной з самых сучасных інфармацыйных паслуг – «Разумны дом».

У дамах гэтых людзей – «разумныя» разеткі, дзверы, чайнікі і т. п., якія дазваляюць не толькі зрабіць жыццё больш камфортным, а і бяспечным, таму што на адлегласці можна кантраляваць працэсы ў доме, быць упэўненым у тым, што ён знаходзіцца пад вашай аховай. Устаноўленыя датчыкі працуюць па тэхналогіі Wi-Fi – значыць, ніякіх правадоў цягнуць праз пакоі не трэба. «Паслуга не вельмі дарагая, за ёй – будучае», – упэўнена заяўляюць сувязісты.

– Якія асноўныя функцыі паслугі «Разумны дом»? – пра гэта мы пацікавіліся ў спецыяліста Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Таццяны САЛАВЕЙ:

– У ліку асноўных функцый можна выдзеліць некалькі. У першую чаргу, гэта апавяшчэнне аб працэсах і падзеях, якія звязаны з бяспекай. Да прыкладу, адбылося пранікненне ў жыллё, узнікла пагроза пажару, працечка вады. Таксама можна гаварыць пра эканомію рэсурсаў, таму што адбываецца кіраванне асвятленнем і спажываннем электраэнергіі. І, безумоўна, заўсёды прыемна адчуваць павышэнне камфорту – за кошт аўтаматызацыі работы розных прыстасаванняў у доме ці офісе.

– Не верыцца, што такая комплексная паслуга з’яўляецца для нас рэальнасцю.

– А чаму б і не? Сучасныя тэхналогіі прыйшлі ў нашы дамы і даюць магчымасць развівацца разам з імі, напаўняць імі ўсе сферы нашага жыцця. Трэба пераадолець псіхалагічны бар’ер, настроіць сябе на новае.

Сістэма «Разумны дом» складаецца з асобных датчыкаў (іх колькасць, тып абанент выбірае самастойна) і кіруючага ўстройства. Устаноўка абсталявання і настройка ўмоў яго спрацоўвання выконваецца абанентам самастойна і на яго погляд. Аб надыходзе працэса ці падзеі, які прадугледжаны сцэнарыем, сістэма інфармуе абанента ў мабільным дадатку, а таксама адпраўляе SMS-паведамленне або пісьмо на ўказаныя нумары тэлефонаў ці адрасы электроннай пошты.

– На якія датчыкі часцей за ўсё арыентуецца «Разумны дом» стаўбчаніна?    

– У базавы камплект уваходзяць тры асноўныя датчыкі: датчык адкрывання дзвярэй (сігналізуе аб адкрыцці дзвярэй ці акна), датчык дыму (сігналізуе аб з’яўленні дыму, ён абсталяваны гукавым сігналам і светадыёдам), датчык руху (паведамляе аб перамяшчэнні якіх-небудзь аб’ектаў у радыусе свайго дзеяння). Акрамя таго, ёсць шмат дадатковых датчыкаў і абсталявання. Сярод іх – датчык працечкі вады (каб вас не залілі суседзі ці вы не залілі іх), датчык тэмпературы і вільготнасці, разумная разетка, трывожная сірэна, відэакамера, абаненцкі кантролер.

– Але гэтыя датчыкі трэба дзесьці размясціць, умець імі кіраваць.

– Бесправадное абсталяванне лёгкае ва ўстаноўцы, яго можна перамяшчаць з аднаго месца ў другое, з аднаго памяшкання ў іншае. А кіраваць ім можна праз дадатак для смартфона, планшэта, камп’ютара. Калі штосьці незразумела, тэхнічная падтрымка паслугі аказваецца на працягу 24-х гадзін у суткі, сямі дзён на тыдзень. Да зручнасцяў новай паслугі можна аднесці і даступныя тарыфы на яе як для насельніцтва, так і для юрыдычных асоб.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>