У духу патрабаванняў

15q

Новы вытворчы год ставіць новыя задачы перад калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў. Для ўстаноў адукацыі раёна акрамя арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў духу патрабаванняў Прэзідэнта краіны і галіновага міністэрства важнымі і актуальнымі застаюцца задачы ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і дашкольных устаноў. Вялікую падтрымку ў гэтай стваральнай дзейнасці аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама аказвае раённы выканаўчы камітэт. Сведчаннем таго з’яўляецца і ініцыятыва старшыні райвыканкама Юрыя Горлава арганізаваць паездку кіраўнікоў устаноў адукацыі па школах, якія практыкуюць правядзенне рамонтаў гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах. Больш таго, для ўдзелу ў такім аб’ездзе з першымі асобамі раёна былі запрошаны кіраўнікі арганізацый, якія, згодна з рашэннем райвыканкама, замацаваны за ўстановамі адукацыі і закліканы аказваць ім шэфскую дапамогу.

Першым адрасам на гэтым маршруце была сярэдняя школа № 2 райцэнтра. Як расказала дырэктар навучальнай установы Аксана Лось, за больш чым 50 гадоў існавання навучальнай установы ў ёй не праводзіўся капітальны рамонт, таму наспела вялікая ў гэтым неабходнасць. Як адзначылі і старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, і кіраўнік падшэфнай арганізацыі ПМК -233 Яўген Корсак, за крайне кароткі тэрмін выкананы неверагодна вялікі аб’ём рамонтных работ, што ператварыла стары будынак школы ў сучасную з прыгожым дызайнам навучальную ўстанову ў духу патрабаванняў часу. Кіраўнікі звязвалі паспяховае ажыццяўленне гэтага праекта з выключнымі арганізатарскімі здольнасцямі Аксаны Лось, яе ініцыятывай і неймавернымі стараннямі. У сваю чаргу Аксана Міхайлаўна адзначыла вельмі правільнае і своечасова прынятае рашэнне старшынёю Мінскага аблвыканкама Сямёнам Шапірам аб укараненні практыкі правядзення рамонтаў на аб’ектах сацыяльнай сферы гаспадарчым спосабам, зацікаўленую падтрымку і непасрэдны ўдзел у гэтым кіраўніцтва райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, спонсарскую дапамогу арганізацый раёна, вялікую дапамогу педкалектыву, бацькоў і саміх вучняў у правядзенні рамонту. Ужо чацвёрты год паэтапна ў гэтай навучальнай установе праводзіцца поўная рэканструкцыя, асвоена на гэтыя мэты 3,5 мільярда недэнамінаваных рублёў. Нягледзячы на тое, што ідуць заняткі, рамонт працягваецца, прычым вельмі актыўна і вынікова. Перад удзельнікамі аб’езду паўстаў ва ўсёй красе толькі што закончаны аб’ект – калідор школы. Хто быў раней у гэтай навучальнай установе, спаўна мог ацаніць эфект ад праведзенай работы – школы не пазнаць. Як зазначыла Аксана Лось, для выпускнікоў, якія прыехалі на вечар сустрэчы ў першую суботу лютага, быў сапраўдны сюрпрыз убачыць сваю школу такой прыгожай і з густам пераўтворанай. Рамонтныя работы гаспадарчым спосабам у сярэдняй школе № 2 працягваюцца і ў бягучым годзе. Вядзецца рамонт вучэбных і службовых пакояў на першым паверсе, неабходна адрамантаваць спартыўную залу, правесці мадэрнізацыю вонкавых камунікацый і фасад будынка. Юрый Горлаў выказаў вялікае задавальненне ходам работ, адрасаваў удзячнасць Аксане Лось і заклікаў усіх следаваць яе прыкладу.

Трэба сказаць, што акрамя фінансавых сродкаў з абласнога бюджэту для такіх маштабных рамонтаў выдзяляюцца па магчымасці сродкі з раённага бюджэту, а таксама выкарыстоўваюцца пазабюджэтныя сродкі ўстаноў адукацыі.

У Старасвержанскай сярэдняй школе, якую таксама наведалі ўдзельнікі аб’езду разам са старшынёю райвыканкама, на рамонтныя работы гаспадарчым спосабам у перыд з лютага 2014 года па верасень 2016 асвоена 687 недэнамінаваных мільёнаў рублёў. Адрамантаваны кухня, сталовая, кабінеты, бібліятэка, спартыўная зала.

Ад кіраўніцтва Навасвержанскай сярэдняй школы чакаецца большая актыўнасць і ініцыятыва ў правядзенні рамонту гаспадарчым спосабам.

Пры наведванні гэтых дзвюх сельскіх школ старшыня райвыканкама звярнуўся да прадстаўнікоў лесазавода і ААТ «Агранёманскі» з такімі прапановамі. Шэфская дапамога школе можа быць аказана не толькі будаўнічымі матэрыяламі, рамонтнымі работамі рознага роду, але і набыццём мэблі. Была звернута ўвага на тое, што пасля капітальнага рамонту класаў не варта ставіць туды мэблю, якая маральна аджыла. Такія прыклады маглі назіраць удзельнікі аб’езду. Шэфскія арганізацыі (і гэта прапанова да ўсіх у раёне) маглі б спланаваць пакупку набора мэблі для школьных класаў. Як было адзначана, для арганізацый і прадпрыемстваў гэта не завоблачная сума (адзін класны камплект мэблі каштуе ў межах 30 тысяч рублёў), і можна ўзяць за практыку аказваць такую дапамогу. У школах вучацца дзеці працаўнікоў арганізацый, і такая дапамога апраўдана, з якога б боку ні паглядзець на гэтае пытанне.

У ходзе сустрэчы былі агавораны многія моманты з практыкі правядзення рамонтаў гаспадарчым спосабам. Кіраўнікі маглі падняць тыя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся. Старшыня райвыканкама ўзяў іх да ўвагі, былі агучаны прапановы і шляхі вырашэння гэтых праблем. Знаёмства са школамі дало магчымасць і пераняць вопыт, тым больш што кіраўнікі шчыра ім дзяліліся. У гэтым плане было карысным наведванне і цэнтральнай раённай бальніцы, кіраўніцтва якой найбольш папрацавала па асваенні сродкаў на правядзенне рамонтаў гаспадарчым спосабам. У выніку цэнтральная раённая бальніца, якая таксама мае «ўзрост» не адзін дзясятак гадоў, набыла дастойны сучасны выгляд. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка з задавальненнем правяла дырэктараў школ па ўсіх адрамантаваных памяшканнях і таксама ахвотна расказала аб набытым вопыце, адказала на ўсе пытанні.

Гэты аб’езд настроіў кіраўнікоў навучальных устаноў на плённую работу, была зроблена ўстаноўка максімальна выкарыстоўваць фінансавыя сродкі, якія выдзяляюцца з абласнога бюджэту на правядзенне рамонтаў гаспадарчым спосабам. У сферы адукацыі нашага раёна ў 2017 годзе плануецца асвоіць не менш за 1167 тысяч рублёў. Гэтая работа ўжо распачата. Вядзецца капітальны рамонт ў СШ № 3, на пачатак лютага бягучага года сума асвоеных сродкаў у гэтай навучальнай установе складае 216 179 рублёў. У праграме – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы на бягучы год і рамонты ў іншых гарадскіх і сельскіх навучальных установах раёна.

ДАВЕДКА

За 2015 год рамонтныя работы гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах выкананы на 5487 недэнамінаваных мільёнаў рублёў. Адрамантаваны 41 вучэбны кабінет, тры харчблокі, тры калідоры, укладзена тратуарная плітка ў дзвюх навучальных установах, адрамантавана 9 санвузлоў у пяці ўстановах адукацыі.

У 2016 годзе на гэтыя мэты асвоена 704 тысячы рублёў. Праведзены вялікі аб’ём рамонтных работ у СШ №№ 2 і 3 райцэнтра, Старасвержанскай, Коласаўскай сярэдніх школах, Коласаўскіх яслях-садзе, яслях-садзе № 4, яслях-садзе № 5 райцэнтра.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>