У біяграфіі – «афганская» старонка

Filed under: Людзі і лёсы,Нумары |

15r

У біяграфіі стаўбчаніна Віктара Гарко «афганская» старонка займае паўтара года. Доўгія і страшныя год і шэсць месяцаў тэрміновай ваеннай службы на тэрыторыі чужой краіны, у гарачай кропцы. Непрадказальным быў кожны дзень. І кожная мінута магла стаць апошняй… Але лёс мілаваў сяржанта, збярог сына яго матулі.

«Афганскі» адлік пачаўся з 2-га снежня 1982 года, калі Віктара і яго таварышаў па «вучэбцы» грузавы самалёт прызямліў у Кабуле.

– Ляцела нас трыста чалавек. Сядзелі проста на рэчмяшках, – прыгадвае былое Віктар. – Паўгода да гэтага былі ў «вучэбцы» ў Варонежы. Вывучалі тэлефонныя станцыі. Потым перакінулі на два месяцы ў вайсковую часць у Казахстан. «Паднацягалі» ў агнявой, фізічнай падрыхтоўцы. Псіхалагічна трэніравалі, характар загартоўвалі. Мы ўжо ведалі, што пойдзем служыць у Афганістан…

Віктар не з тых, хто баіцца цяжкасцяў, але на той момант перажываў сур’ёзны пералом, адаптацыю. Думаў пра сваю родную вёсачку Мясёнкаўшчыну, брата і чатырох сясцёр. Ён у сям’і быў самы малодшы, любімы… Пасля заканчэння Кнотаўшчынскай васьмігодкі пайшоў ва Уздзенскае СПТВ № 210. Атрымаў спецыяльнасць трактарыста. Араў і сеяў у калгасе «Радзіма Якуба Коласа». Да прызыву на тэрміновую ваенную службу паспеў папрацаваць і на пасяўной, і на ўборачнай…

Бацькам вырашыў не гаварыць пра тое, што яго рыхтуюць у Афганістан. Не хацеў, каб матуля плакала. Не раскрыў таямніцу і Віктараў брат (былы пагранічнік, старэйшы за яго на 10 гадоў), які вельмі хутка па нумарах палявой пошты ўсё скеміў.

Першыя чатыры месяцы сувязіст Віктар Гарко пазменна нёс дзяжурства ў штабе арміі, пасольстве. Увесь гэты час жылі ў палатцы, хоць стаяла зіма, і ноччу тэмпература паніжалася да мінусавой адзнакі. Для падагрэву былі «буржуйкі». Гэта потым сабралі жылыя модулі. «Зручнасцяў было малавата, але – усё нармальна. Потым самі пабудавалі лазню», – не схільны драматызаваць салдацкі побыт Віктар. У размове ў яго праскочыла: «Да арміі не курыў, а як першы раз пад абстрэл трапілі, пацягнуўся за цыгарэтай…»  

Асноўная служба воіна-сувязіста была звязана з суправаджэннем баявых калон, у тым ліку па стратэгічным горным перавале Саланг. Вышыня над узроўнем мора – 1800 м. Заўсёды ў яго руках радыёрэлейная станцыя вагою 8 кг. Атрымліваць і перадаваць паведамленні прыходзілася рознага зместу, у тым ліку і такія: «Абстрэл!», «Выходзім з-пад агню!»

– Саланг пераходзіў сем разоў. Пашанцавала – жывы, без раненняў. А сярод нашых сямёра загінулі, 11 былі паранены, – урэзаліся ў памяць Віктара гэтыя горкія лічбы неаб’яўленай вайны.

Чужая краіна забірала жыцці нашых хлопцаў і… пераварочвала душу сваёй прыгажосцю. Зімою, восенню – так, шэрыя камяні, непрыступныя скалы, а вось вясною ў гарах зацвіталі макі. Гэтая карціна, прызнаецца Віктар, стаіць у яго перад вачыма і сёння. У мясцовы «дукан» (магазін) заходзілі па адзенне, красоўкі, таму што вытрымаць спёку ў 40 і больш градусаў у армейскіх берцах было нерэальна. Пілі прывазную ваду толькі пасля кіпячэння, каб не падхапіць брушны тыф, малярыю.

…А пра тое, што служыў у Афганістане, Віктар расказаў бацькам тады, як вярнуўся дахаты. Яго матуля Лідзія Уладзіміраўна, якой напрыканцы мінулага года споўнілася 88, чакае ў сваёй Мясёнкаўшчыне дзяцей, унукаў, праўнукаў. Нашчадкаў у бабулі багата – 11 унукаў,13 праўнукаў. І гэта, безумоўна, не мяжа. Старасць Лідзіі Уладзіміраўны аберагае дачка Яўгенія, якая прыехала з Мінска. Але ўсе дзеці імкнуцца да матулі. Паміж сабою жывуць дружна. На бацькоўскай сядзібе ўся мужчынская работа – заараць агарод, паправіць плот, нарыхтаваць дроў – ляжыць на Віктары. Для яго матуля, як і ў далёкім дзяцінстве, застаецца той жа «мамкай».

Віктар Гарко ўсё працоўнае жыццё – за рулём. Вадзіцельскага стажу ў яго – больш за 30 гадоў. Адразу пасля арміі пайшоў у аўтапарк № 17 (ад прадпрыемства воін-інтэрнацыяналіст атрымаў і кватэру), доўгі час працаваў у фірме «Гном». Цяпер працуе на адносна маладым і перспектыўным прадпрыемстве – «Агракамбінат «Колас». На сваім МАЗе калясіць па ўсёй рэспубліцы. Каб усюды паспець, рабочы дзень пачынае значна раней вызначанага часу і вяртаецца з рэйса «як прыйдзецца». Машына далёка няновая, але, сцвярджае Віктар, надзейная: у ёй заменены кабіна, асноўныя вузлы і агрэгаты.

Дзесьці гадоў пяць таму пабываў у Бараўлянах, у шпіталі імя П. М. Машэрава. Падлячыўся. Спадабалася. «Ездзіць туды можна хоць кожны год, – заўважае мой суразмоўца, – але работа не адпускае. Сям’і старэйшай дачкі дапамог з будаўніцтвам дома. Будзем будаваць і малодшай».

У Віктара Гарко ёсць любімая жонка, унук ужо ходзіць у другі клас. Такое сямейнае шчасце. Галоўнае прадвызначэнне на зямлі, лічыць воін-інтэрнацыяналіст, – заставацца ў любой сітуацыі чалавекам, самім сабою.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>