З новым імпульсам

Filed under: Нумары,Соцыум |

15w

Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. Апошнія паўтара года гэтую грамадскую арганізацыю ўзначальвае новы старшыня – Зінаіда Катлашэўская, спецыяліст раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яна мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці сацыяльная работа і вялікі вопыт дабрачыннай дзейнасці, з’яўлялася доўгі час кіраўніком Беларускага аддзялення нямецкага дабрачыннага фонду «Дапамога пацярпелым дзецям». Чалавек з сучасным падыходам да справы сумела за гэтыя няпоўныя два гады істотна палепшыць арганізацыю работы аб’яднання інвалідаў, што і пацвердзіла справаздача з відэасуправаджэннем.

Зінаіда Катлашэўская зрабіла акцэнты на самых важных момантах жыццядзейнасці арганізацыі. Факт гаворыць сам за сябе: за апошні год работы адноўлены ў арганізацыі 52 чалавекі, прыняты новыя члены. Адноўлена работа Вішнявецкай і Навасвержанскай пярвічных арганізацый. У складзе раённага аб’яднання яшчэ і стаўбцоўская пярвічная арганізацыя. Іх узначальваюць (адпаведна) Алена Гоцкая, Ала Янская, Наталля Лобач.

У ліку 296 членаў арганізацыі 8 інвалідаў-калясачнікаў, 9 – прыкаваных да ложка, 17 чалавек могуць хадзіць толькі з дапамогай мыліц і іншых дапаможных сродкаў. Членамі арганізацыі з’яўляюцца 12 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, тры інваліды савецкай арміі, 32 інваліды І групы, 164 інваліды ІІ групы, 27 інвалідаў ІІІ групы.

Зразумела, аб’яднаўшыся ў грамадскую арганізацыю, людзі з абмежаваннямі разлічваюць на падтрымку, дапамогу, удзел у іх няпростым жыцці. Зінаіда Катлашэўская выказала сардэчную ўдзячнасць райвыканкаму, раённаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, фермерскай гаспадарцы «Сула», раённаму Цэнтру культуры, стаўбцоўскай друкарні, рэдакцыі раённай газеты «Прамень», ААТ «Вялікі Двор», «Вішнявецкі-агра», цэнтру банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, торфабрыкетнаму заводу «Нёман», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», Белсаюздруку, раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, гімназіі № 1 г. Стоўбцы, індывідуальным прадпрымальнікам горада Стоўбцы. Раённая арганізацыя Таварыства інвалідаў ставіць перад сабою задачу і надалей развіваць мерапрыемствы па сацыялізацыі і інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагаць ім вырашаць надзённыя жыццёвыя пытанні і праблемы.

У ліку новых формаў работы арганізацыі адзначаліся віншаванні юбіляраў паштоўкамі на дамашні адрас, а юбіляраў-доўгажыхароў – і каштоўнымі падарункамі, наведванне канцэртаў па дабрачынных білетах у раённым Цэнтры культуры, дастаўка бясплатна бульбы адзінокім членам арганізацыі і т. п. Члены арганізацыі прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі «Славянскі базар», у абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці «Гарачае сэрца». Дакладчык выказала вялікую ўдзячнасць актыўным членам арганізацыі, хто ажыццяўляе валанцёрскую дзейнасць, – Рэгіне Сазановіч, Наталлі Дрозд, Наталлі Паўлючэнка, Наталлі Лобач, Зінаідзе Якімавай, Алене Гоцкай, Зоі Бокач, Надзеі Лінкевіч.

Удзельнікі справаздачна-выбарнай канферэнцыі мелі магчымасць падняцца на трыбуну і выказаць сваю ацэнку работы арганізацыі, задаць пытанні, звярнуць увагу на праблемы. Людзі са статусам інваліднасці выказвалі нямала сваіх заўваг наконт медыцынскага абслугоўвання, яны ж па стане здароўя пастаянна звяртаюцца ў райбальніцу. Трэба аддаць належнае намесніку галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Іне Кукота, якая з тактам, увагай, сардэчнасцю адказала на ўсе пытанні і заўвагі, нездарма яна ўзначальвае ў медыцынскай установе камісію па этыцы і дэанталогіі.

Перад прысутнымі выступілі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Афанасенка.

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Ганна Гарчакова падзялілася сваімі ўражаннямі ад наведвання многіх краін, дзе яна бывала на конкурсах як майстар спорту па бальных танцах. Яна зрабіла акцэнт на тым, што ў нашай краіне належныя адносіны да інвалідаў, працуюць сацыяльныя праграмы. Яе выступленне адарыла прысутных станоўчымі эмоцыямі. Ганна Гарчакова паказвае прыклад усім, як можна з фізічнымі абмежаваннямі жыць цікава, змястоўна, прыгожа.

У інтэрв’ю нашай газеце Ганна Гарчакова дала ацэнку работы стаўбцоўскай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, зазначыўшы, што Зінаіда Катлашэўская лічыцца самым лепшым старшынёю у Мінскай вобласці. У Стоўбцах адзначаецца самы высокі працэнт папаўнення арганізацыі новымі членамі – за год прынята 66 чалавек. Што датычыць работы абласной арганізацыі, то было адзначана, што асаблівы ўпор робіцца на стабілізацыю работы чатырох прадпрыемстваў, дзе задзейнічана праца інвалідаў.

Дэлегаты канферэнцыі з удзячнасцю за старанні і ініцыятывы даверылі і на новы тэрмін узначальваць аб’яднанне Зінаідзе Катлашэўскай. Былі выбраны дэлегаты на справаздачна-выбарную канферэнцыю абласной арганізацыі таварыства інвалідаў і на з’езд Беларускага таварыства інвалідаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>