Узаемадзеянне павінна быць пастаянным

Filed under: Нумары,Увага - дзецям |

«Менш статыстыкі, больш увагі на недахопы – хто і ў чым недапрацаваў», – звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель да ўдзельнікаў пашыранага пасяджэння раённай камісіі па справах непаўналетніх, якія абмяркоўвалі вынікі работы з падлеткамі і нядобранадзейнымі сем’ямі ў 2016 годзе.

У сваім дакладзе начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Азановіч адзначыў, што ў мінулым годзе зменшылася падлеткавая злачыннасць, аднак дапушчаны яе рост з боку падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі. Прафілактычная работа менавіта з гэтай катэгорыяй падлеткаў была недастатковай. Акрамя таго, упушчэнні суб’ектаў прафілактыкі разам з неспрыяльнымі ўмовамі выхавання ў сям’і паслужылі прычынай так званых дзесяці «адмоўных» матэрыялаў, калі прыцягненню правапарушальнікаў да крымінальнай адказнасці перашкодзіў іх малалетні ўзрост. Гэтыя матэрыялы звязаны з крадзяжамі, а таксама з паводзінамі ў інтэрнэт-прасторы – выказваннем абразаў, распаўсюджаннем парнаграфічнай прадукцыі.

Пра якасць работы з непаўналетнімі сведчыць адсутнасць зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Зменшылася колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў з боку непаўналетніх, тым больш – усе гэтыя факты разгледжаны на раённай камісіі па справах непаўналетніх. Аднак не можа не выклікаць трывогу ўжыванне школьнікамі спіртных напіткаў. Летась было выяўлена шэсць фактаў рэалізацыі падлеткам піва і слабаалкагольных напіткаў.

Станоўчыя моманты – наладжана ўзаемадзеянне з установамі адукацыі, культуры па прыцягненні падлеткаў у пазаўрокавыя мерапрыемствы, гурткі, у тым ліку і ў канікулярны перыяд. Арганізуюцца сумесныя спартыўныя і інтэлектуальныя гульні непаўналетніх і супрацоўнікаў інспекцыі, укараняюцца новыя формы работы.

– У рабоце з непаўналетнімі трэба адыходзіць ад шаблонаў, больш прыцягваць сям’ю, працоўныя калектывы, – падкрэсліў намеснік начальніка райаддзела міліцыі Руслан Харута.

Сапраўды, уздзейнічаць на бацькоў, дзеці якіх учынілі злачынства, неабходна не адным толькі выклікам на камісію, куды, дарэчы, прадпрыемствы нярэдка накіроўваюць не зусім аб’ектыўныя характарыстыкі ў адносінах да бацькоў – сваіх работнікаў. Інфармацыя з камісіі, міліцыі будзе накіроўвацца для разгляду і на прадпрыемства.

Намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько адзначыла, што ў 2016 годзе рэалізавана большасць запланаваных мерапрыемстваў Комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Актыўнасць сталі праяўляць як установы культуры, так і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Разам з тым, згодна з планам, яшчэ неабходна ствараць клубы зносін на базе ўстаноў культуры, раённаму камітэту БРСМ актыўней уцягваць падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі, у грамадскую дзейнасць.

У рэалізацыі Дэкрэта № 18 са станоўчага боку адзначана работа сацыяльна-педагагічнага цэнтра: яго спецыялістамі праведзены шэраг метадычных заняткаў-вучобы з педагогамі сацыяльнымі, псіхолагамі школ з выкарыстаннем прэзентацый і іншых сучасных сродкаў. Аднак не ўсе з іх паспяшаліся ўзяць прапанаваны матэрыял за аснову. Выяўлены факты фармальнага падыходу да летняй занятасці падлеткаў.

Асноўнае для суб’ектаў прафілактыкі ў рабоце з падлеткамі, праблемнымі сем’ямі – трымаць руку на пульсе, кантраляваць сітуацыю. Выпрацаваны алгарытм узаемадзеяння, аднак з устаноў адукацыі не заўсёды своечасова паступае неабходная інфармацыя. А факты насцярожваюць: у Цеснавой загінула дзіця падчас пажару ў жылым доме, у Стоўбцах было траўміравана малалетняе дзіця ў выніку выпадзення з акна.

Нягледзячы на зніжэнне колькасці злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, ранейшым застаецца ўзровень сацыяльнага сіроцтва. Семярых бацькоў суд пазбавіў бацькоўскіх правоў. 22 дзіцяці ў 17-ці бацькоў былі часова адабраны па рашэнні раённай камісіі, вернуты ў свае сем’і 14 непаўналетніх.

– Становішча ў сем’ях 246 дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, – удакладніла вядучы спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Гамза.

Работа з гэтымі сем’ямі і сем’ямі, дзе дзеці былі адабраны, вядзецца згодна з індывідуальным планам. Бацькам дапамагаюць з працаўладкаваннем, праходжаннем лячэння ад алкагольнай залежнасці. Аднак ёсць выпадкі паўторных адабранняў. Сем абавязаных асоб ухіляюцца ад кампенсацыі выдаткаў, якія затрачвае дзяржава на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей. Па раёне працэнт спагнання склаў 57.

Асноўныя патрабаванні ў рабоце з сем’ямі скіраваны на ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці, якасць правядзення сацыяльнага расследавання, абгрунтаванае зняцце сям’і з уліку і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>