Уменне стварыць пазітыў

Filed under: Людзі і лёсы,Нумары |

15e

У многіх вёсках раёна ў нашай газеты ёсць сябры. З поўным правам Мікалая і Тамару Скорбежаў можна да іх аднесці. І падстава для гэтага не адна. Найперш, гэтая паважаная сям’я з аграгарадка Дзераўная ў ліку пастаянных падпісчыкаў раённай газеты на працягу дзесяцігоддзяў. Кожны свежы нумар «Праменя» ў іх доме – чаканы госць. Тамара Цімафееўна на працягу многіх гадоў з’яўляецца няштатным аўтарам нашай газеты. Больш таго, да літаратурнай і публіцыстычнай дзейнасці яна прыцягнула вучнёўскую моладзь. На працягу 20 гадоў нязменна была кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай сярэдняй школы. Дзякуючы яе старанням раённая газета мае штат юных карэспандэнтаў, якія пастаянна дасылаюць свае артыкулы. Наогул жа, стаж работы ў адукацыі ў філолага па асноўнай спецыяльнасці Тамары Скорбеж складае 43 гады.

Да нашай раённай газеты мае адносіны і Мікалай Скорбеж. Ён – як герой нарысаў. Мікалай Якаўлевіч на пасадзе старшага майстра больш за 30 гадоў узначальваў Дзераўнянскі ўчастак РЭСа. Пра выдатніка Беларускай энергасістэмы, уладальніка грамат Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, абласнога аб’яднання «Мінскэнерга», раённага выканаўчага камітэта мы неаднойчы змяшчалі артыкулы на старонках «Праменя».

Гэтыя паважаныя ў вёсцы людзі заслугоўваюць таго, каб сказаць аб іх і як аб клапатлівых і адказных бацьках, якія выдатна будуюць адносіны са сваімі сынамі, нявесткамі і чатырма ўнучкамі. Кацярына і Вікторыя ўжо студэнткі БДУ, Ганна і Ксенія – школьніцы. У Мікалая Якаўлевіча і Тамары Цімафееўны, пенсіянераў, цяпер хапае часу, каб спланаваць паездку ў Мінск да дзяцей. Яны застаюцца актыўнымі, эгнергічнымі, гасціннымі. Наведваюць мясцовую бібліятэку, шмат чытаюць. Разам плануюць паездкі ў храм Божы. Вельмі любяць быць на прыродзе. Мікалай Якаўлевіч – адмысловы грыбнік. А Тамара Цімафееўна – адмысловая гаспадыня. Так што ў іх заўсёды ёсць чым пачаставаць усіх, хто завітае ў іх гасцінны ўтульны дом.

Збліжае гэтых людзей не толькі еднасць інтарэсаў, светапогляду, але і роднасць па малой радзіме. Абое яны нарадзіліся ў бліжэйшых вёсках: Мікалай Якаўлевіч – у Жукавым Барку, на беразе Нёмана, у мястэчку з багатай гістарычнай спадчынай, быў апошнім чацвёртым дзіцем у сям’і, Тамара Цімафееўна – у Аталезі. Яны хадзілі ў адну Аталезскую школу, у іх было адно на дваіх юнацтва. Стаж сямейнага жыцця ў сямейнай пары Скорбежаў складае 46 гадоў. Праз усе гэтыя гады яны сумелі пранесці свае чыстыя, гарачыя, прыгожыя адно да аднаго пачуцці, што і дапамагае ім заставацца маладымі, пазітыўнымі. У бліжэйшыя выхадныя Скорбежы чакаюць у госці сваіх родных і блізкіх. У Мікалая Якаўлевіча – выдатны жыццёвы юбілей – 70-годдзе. Цяпер ён складвае ў сваю скарбонку не працоўныя ўзнагароды, а медалі накшталт «Самаму лепшаму ў свеце дзядулю», якія прысуджаюць яму дзеці і ўнукі. І без гэтых адзнак наўрад ці можа чалавек адбыцца як цэльная асоба. І тут таксама патрэбна папрацаваць – быць гатовым на ахвярнасць і вышыню душы.

Святлана ЖЫБУЛЬ,фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>