І лялькі ажываюць

18c

Ці бачылі вы калі-небудзь, як адчыняе свае дзверцы батлейка, як ажываюць лялькі, як пачынаюць расказваць сваю гісторыю, як вучаць добраму і цудоўнаму? Ці бачылі, як нясмела напачатку, а пазней – так упэўнена маленькая дзіцячая рука «размаўляе» з вамі з дапамогай лялькі, ды так, быццам з вамі гаворыць сам анёл? Не бачылі? Вось і я ўпершыню акунулася ў атмасферу лялечнага мастацтва на свяце, прысвечаным юбілею тэатра лялек у Дзераўной.

Так, у апошнюю суботу студзеня ўзорны дзіцячы тэатр лялек «Батлейка» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў адзначыў свой маленькі юбілей – 10-годдзе. Батлейка мае нямала сяброў: тых, хто дапамог зрабіць першыя крокі, хто напісаў першы сцэнарый, намаляваў першы батлеечны «домік», зрабіў яго жыхароў – лялек, першы трымаў іх у руках, і тых, хто і зараз спрыяе станаўленню і развіццю батлейкі.

Вечар адкрыла дырэктар школы, мастацкі кіраўнік і чалавек, які з батлейкай з самага пачатку, – Наталля Сіняўская. Наталля Уладзіміраўна расказала аб паходжанні лялечнага тэатра ў Беларусі і ў нашай мясцовасці, відах батлеечных тэатраў і лялек, аб розных жанрах рэпертуару тэатра «Батлейка» (сцэнічныя абразкі, калядныя п’есы, п’есы-казкі, інтэрмедыі). З яе выступення прысутныя даведаліся аб удзеле ўзорнага дзіцячага лялечнага тэатра «Батлейка» Дзераўнянскай ДШМ у фестывалях і конкурсах. Гэта рэгіянальны фестываль дзіцячага тэатра «Казкі жыцця», г. Стоўбцы; адкрыты агляд-конкурс дзіцячых тэатральных калектываў «Тэатральны марафон», г. Барысаў; абласны фестываль дзіцячых тэатраў «Чароўны куфэрак», г. Любань; абласны фестываль-конкурс батлеечных тэатраў «Чароўны свет батлейкі», г. Смаргонь; абласное свята рамёстваў «Слуцкія паясы», г. Слуцк; абласны фестываль нацыянальных культур, г. Маладзечна; рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі»; рэспубліканскі фестываль батлеечнікаў, г. Мінск; рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, г. Гродна. Наталля Уладзіміраўна падзякавала за развіццё і падтрымку творчасці лялечнага тэатра «Батлейка». У ліку тых, хто дапамагаў, – былы дырэктар школы мастацтваў Мікалай Мікалаевіч Русецкі, яго ідэя стала такой цудоўнай справай. Віктар Русецкі, Марына Скроцкая, Яўген Скроцкі, Павел Казлоў удзельнічалі ў вырабе батлейкі, якая мае выгляд галоўнага сімвала вёскі – касцёла «Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі». Наталля Клямяціч, Святлана Калкоўская, Анатоль Сураўцаў, Станіслава Рослік атрымалі падзяку за цудоўныя лялькі і дэкарацыі, якія неверагодна ўпрыгожваюць батлейку, Лідзія Мазуркевіч – за дапамогу ў напісанні сцэнарыяў да батлейкі на беларускай мове, асабліва за сцэнічны абразок «І будзе тут мястэчка…», напісаны паводле легенды аб паходжанні касцёла і Дзераўной, які стаў візітнай карткай тэатра лялек. Дарота Кахновіч унесла ўклад падборам матэрыялаў, перакладам сцэнарыяў на польскую мову і дапамогай у падрыхтоўцы да фестывалю Нацыянальных культур у гарадах Маладзечна і Гродна. Алене Шуцько дзякавалі за падтрымку і дапамогу ў выступленнях на фестывалях і конкурсах; Івану Слабодчыкаву – за музычнае суправаджэнне спектакляў. Заслужаную падзяку атрымала малады рэжысёр узорнага дзіцячага тэатра лялек «Батлейка» Настасся Петрусевіч. Настасся паабяцала садзейнічаць далейшаму творчаму росту тэатра і падзякавала дырэктару школы і ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні юбілейнага вечара.

Са словамі віншавання і падзякі выступілі выпускнікі ўзорнага лялечнага тэатра «Батлейка».

Не з пустымі рукамі прыйшоў на юбілей старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Часлаў Лысы. Ён падзякаваў і ўручыў граматы дырэктару школы Наталлі Сіняўскай за працяглае супрацоўніцтва, падтрымку, умацаванне і развіццё традыцыйнай беларуска-польскай культуры, рэжысёру тэатра Настассі Петрусевіч і настаўнікам тэатральнага аддзялення Дароце Кахновіч і Алене Шуцько – за захаванне і развіццё традыцыйнай беларуска-польскай культуры, падараваў тэатру фотаапарат, а юным артыстам – салодкія пачастункі.    

Рэжысёр дзіцячага тэатра «Іскрынкі На-Дзеі» Алена Шуцько і рэжысёр узорнага дзіцячага тэатра «На-Дзея» Аксана Сянько паабяцалі заставацца лялечнаму тэатру «Батлейка» вернымі сябрамі і падаравалі смачны торт і чамаданчык-скарбонку, каб было лягчэй пакараць новыя вяршыні. Малодшы састаў вакальнай групы «Вясёлыя свавольнікі» павіншаваў тэатр задорнай песняй «З днём нараджэння!».

І, зразумела, не абышлося без прадстаўленняў. Юныя артысты парадавалі гледачоў сцэнічным абразком, візітнай карткай лялечнага тэатра «І будзе тут мястэчка», а таксама павучальнай п’есай-казкай «Каза-манюка».

Прыемным сюрпрызам стала выступленне на сцэне выпускнікоў Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў – першага саставу вакальнай групы «Вясёлыя свавольнікі». Яны разам з артыстамі лялечнага тэатра ўдзельнічалі ў сцэнічным абразку «І будзе тут мястэчка», выканаўшы песню «Стары Храм».

Усе запрошанныя госці былі ўзнагароджаны граматай-падзякай і атрымалі ў падарунак сімвал узорнага дзіцячага тэатра лялек «Батлейка» – анёла, зробленнага рукамі мастака-афарміцеля тэатра Наталлі Клямяціч.

Акрамя эстэтычнага задавальнення кожны прысутны атрымаў невялікі салодкі пачастунак, гэта ж дзень нараджэння! Цудоўнае атрымалася свята.

Алена СУПРАНОВІЧ,выпускніца Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>